Распарадак дня як спосаб кіравання паводзінамі

Распарадак дня дапамагае сямейнаму жыццю працякаць гладка і можа спрыяць добрым паводзінам дзяцей. Вы можаце выкарыстоўваць яго, каб дапамагчы дзецям з рэгулярнымі заняткамі і спланаваць складаныя перыяды дня. Абмеркаванне распарадку або далучэнне дзяцей да яго стварэння можа дапамагчы ім зразумець яго і прытрымлівацца складзенага графіку.
Body

Распарадак дня як спосаб кіравання паводзінамі

Зафіксаваны парадак дзеянняў дапамагае членам сям’і ведаць, хто і што павінен рабіць, калі, у якім парадку, як часта. Напрыклад, вашыя дзеці ведаюць, што яны па чарзе загружаюць і выгружаюць посудамыйную машыну кожны дзень. Такое правіла спрыяе таму, што ў сям’і ўзнікае менш канфліктаў і спрэчак з нагоды выканання падобных абавязкаў.

Распарадак дня таксама можа дапамагчы вам спланаваць час і дзеянні, калі ваша дзіця часта дрэнна сябе паводзіць, напрыклад, калі вы робіце пакупкі, едзеце за рулём або прыйшлі ў госці. Прадугледзьце на такія выпадкі формы баўлення часу, якія стануць для вашага дзіцяці прывычнымі ў пэўных сітуацыях (скажам, падчас паездак у машыне можна разам слухаць музыку).

Вы таксама можаце скласці для маленькіх дзяцей распарадак гульняў, ежы і сну. Калі дзеці выспаліся, атрымалі паўнацэнную ежу і многа гулялі, яны з большай верагоднасцю будуць паводзіць сябе так, як вы хочаце.

Малым дзецям распарадак дня дапамагае адчуваць сябе ў бяспецы. Гэта важная ўмова для таго, каб развіваць упэўненасць і вучыцца, у тым ліку даведваючыся аб правільных спосабах паводзін.

Парады па стварэнні распарадку дня

Вось некалькі парад, якія дапамогуць вам скласці сямейны распарадак:

  • Плануйце найбольш складаныя для вашай сям’і перыяды дня — напрыклад, да і пасля працы і вучобы. Часта справы ідуць больш гладка, калі ў вас ёсць графік, у якім прадугледжаны спосабы баўлення часу і канкрэтныя заняткі для дзяцей на той момант, пакуль вы вырашаеце свае пытанні.
  • Дадайце ў распарадак дня час на бяздзеянне. Гэта дасць вашаму дзіцяці лішнюю магчымасць паспаць, адпачыць ці навучыцца забаўляцца. Таксама гэта можа станоўча адбіцца на яго паводзінах.
  • Калі вы хочаце ўстанавіць часавыя абмежаванні на некаторыя дзеянні, напрыклад выкарыстанне экрана, зрабіце гэта часткай сваёй паўсядзённасці. Напрыклад, дзеці могуць глядзець тэлевізар ці карыстацца планшэтамі, але толькі з 17:00 да 17:30 (ці іншы варыянт часавага абмежавання, які падыходзіць вашай сям’і).
  • Аб’яднайце два ці некалькі заняткаў. Гэта дапаможа вашаму дзіцяці хутчэй спраўляцца са справамі, якія яго стамляюць. Да таго ж гэта добра працуе, бо выкананне аднаго дзеяння дапамагае вам не забываць выконваць іншае. Напрыклад, ваша дзіця можа чысціць зубы, прымаючы ванну.
  • Абмяркуйце распарадак дня. Нават малыя дзеці могуць зразумець простыя і паслядоўныя тлумачэнні, напрыклад: «Спачатку чыстка зубоў, а потым час на казку з татам». А для дзяцей школьнага ўзросту абмеркаванне графіку можа дапамагчы даведацца пра важныя рэчы, напрыклад, як збірацца так, каб быць гатовым своечасова.
  • Выкарыстоўвайце ўсе даступныя для разумення вашым дзіцем спосабы, каб расказаць пра распарадак. Напрыклад, калі ваша дзіця занадта малое, каб разумець часавыя паняцці, паспрабуйце сказаць: «Мы глядзім толькі адзін мультфільм» замест «Мы глядзім тэлевізар толькі паўгадзіны».

Прывучэнне дзяцей да выканання распарадку дня

Скажам, вы ўжо склалі распарадак дня. Але як прымусіць дзіця прытрымлівацца яго? Вось некалькі ідэй:

  • Павесьце ілюстраваны плакат з вашым распарадкам дня, каб усе маглі яго бачыць. Сумеснае з дзіцем стварэнне плаката можа быць цікавым заняткам і даць вам магчымасць пагаварыць пра штодзённыя справы.
  • Спрыяйце таму, каб дзіця самастойна выконвала тыя пункты паўсядзённага распарадку, з якімі ў стане справіцца само, напрыклад, мыла рукі перад ежай.
  • Знайдзіце спосабы нагадваць дзіцяці, каб яно выконвала распарадак дня без вашай дапамогі. Напрыклад, пастаўце ў пакоі дзіцяці радыё-будзільнік. Музыка можа быць сігналам таго, што час прачынацца, мыцца, збірацца ў школу і г. д.
  • Падумайце, за якія часткі распарадку ваша дзіця можа несці адказнасць. Магчыма, яно асвоіць новыя навыкі і будзе дапамагаць сям'і, выконваючы хатнія справы, напрыклад, дашкольнік можа збіраць на стол.
  • Назірайце за сваім дзіцем і хваліце яго, калі яно без старонняй дапамогі выконвае распарадак дня.

Просьба прытрымлівацца распарадку дня не азначае, што вы і ваша сям’я жорсткія ці нягібкія. Нават пры наяўнасці дакладнага графіку, змены ў ім і карэкціроўка планаў у апошнюю хвіліну — нармальная частка жыцця.