Гульні на свежым паветры
Чаму важна гуляць на свежым паветры
Гульні на свежым паветры даюць вашаму дзіцяці магчымасць даследаваць навакольнае асяроддзе і перажываць прыгоды. Яно можа правяраць свае фізічныя магчымасці, самавыяўляцца і ўмацоўваць упэўненасць у сабе.
Гульні на свежым паветры значаць, што можна болей пэцкацца, а чым болей можна пэцкацца, тым весялей!
Калі ваша дзіця праводзіць час на вуліцы, у яго больш месца і свабоды перамяшчэння — можна бегаць, скакаць, дурэць. Падобныя актыўныя гульні карысныя для здароўя, фізічнай формы і развіцця вашага дзіцяці.
Час, праведзены на адкрытым паветры, зніжае шанцы развіцця ў вашага дзіцяці блізарукасці. Таксама карысна крыху пабыць на сонцы, не забываючы пра меры засцярогі: невялікае ўздзеянне сонечнага святла можа дапамагчы павысіць узровень утрымання вітаміну D.
Як далучыць дзіця да гульняў на свежым паветры: ідэі
Рэкамендуецца стымуляваць сваё дзіця, каб яно гуляла на вуліцы некалькі разоў на дзень.
Каб выйсці на прагулку, не спатрэбіцца шмат намаганняў, асабліва калі бліз вашага дома ёсць адкрытая пляцоўка. А калі дзеці стануць старэйшымі, то ўсё, што вам трэба будзе зрабіць, — гэта адправіць іх на вуліцу і дазволіць самім прыдумваць сабе гульні. Аднак, калі дзеці малодшага ўзросту гуляюць на вуліцы, ім патрэбна ваша дапамога і нагляд, каб не падвергнуцца небяспецы.
Многія дзеці малодшага ўзросту любяць «дапамагаць». Так што гульня на адкрытым паветры можа ўключаць у сябе працу разам з вашым дзіцем і выкананне паўсядзённых абавязкаў. Напрыклад, вы можаце праполваць грады, падмятаць двор, паліваць гародніну або развешваць сушыцца адзенне.
Наведванне мясцовага парка, стадыёна ці дзіцячай пляцоўкі — танны і просты варыянт, асабліва калі ў вас няма зручнай пляцоўкі каля дома. У вашага дзіцяці будзе яшчэ больш месца, дзе можна пабегаць і, магчыма, пагуляць з іншымі дзецьмі.
Па дарозе ў парк вы можаце вучыць з дзіцем правілы дарожнага руху і бяспекі пешаходаў. Нават маленькіх дзяцей можна вымаць з каляскі і даваць крыху пагуляць. Сумесная прагулка паказвае дзіцяці, што вы таксама цэніце час, праведзены разам на вуліцы, і атрымліваеце ад яго асалоду. Таксама можна не проста прагуляцца, а, напрыклад, пакатацца на веласіпедах ці самакатах.
Калі ваша дзіця падрасце, прапануйце яму наведваць заняткі, якія праходзяць на свежым паветры, напрыклад, дзіцячую спартыўную секцыю.
Гульні на свежым паветры для розных узростаў
Гульні на свежым паветры дапамагаюць вашаму дзіцяці даведвацца пра іншае асяроддзе і адчуваць сябе больш камфортна ў навакольным свеце. Вось некалькі ідэй гульняў на вуліцы для вашага малога дзіцяці:
- кладзіце яго на жывоцік на коўдру, ручнік ці плед;
- дазваляйце яму поўзаць па траве, пад лаўкай, праз скрынкі і г. д.;
- назірайце за рухам лісця і галінак дрэў, слухайце спевы птушак;
- глядзіце на рознакаляровыя машыны, дарожныя знакі ці сігналы святлафора.
Крыху старэйшым дзецям цікава даследаваць навакольны свет і правяраць сваю сілу і навыкі на справе. Гульні на свежым паветры для вашага дзіцяці могуць быць наступнымі:
- кідаць мяч і бегаць за ім;
- катаць, штурхаць ці цягнуць розныя цацкі і прадметы;
- бегаць і скакаць вакол дрэў, у лужыны, праз камяні або расколіны на тратуары;
- пускаць мыльныя бурбалкі і бегаць за імі, калі яны ляцяць;
- гуляць у пяску, гразі ці невялікай колькасці вады — але заўсёды сачыце за гульнёй у вадзе, каб дзіця не патанула.
Дзеці дашкольнага ўзросту вучацца гуляць з іншымі дзецьмі. Яшчэ яны любяць фантазіраваць. Вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці максімальна нацешыцца гэтым этапам свайго жыцця, калі падкажаце яму ідэі для розных гульняў на свежым паветры. Напрыклад, можна:
- гуляць у даганялкі, хованкі ці штурхаць мяч адзін аднаму;
- прапаўзаць праз «тунэлі» або пералазіць праз паваленыя дрэвы;
- бегаць з рознакаляровым лісцем, кветкамі, шалікамі або стужкамі;
- «пячы кулічыкі» з пяску і гразі з дапамогай формачак;
- разам адправіцца на прагулку на прыроду і адгадваць любыя гукі, якія вы пачуеце;
- пабудаваць хатку са скрынак, кантэйнераў для бялізны або садовай мэблі ці ўсяго, з чым можна гуляць на свежым паветры.
Ваша дзіця школьнага ўзросту ўсё больш пачынае цікавіцца гульнямі па правілах, напрыклад, спартыўнымі, але па-ранейшаму важна, каб у яго быў час для свабодных гульняў на свежым паветры. У гэтым узросце дзецям яшчэ падабаецца:
- будаваць і ствараць нешта з дапамогай прыстасаванняў, мэблі ці іншых рэчаў, якія яны змогуць знайсці на вуліцы;
- гуляць у хованкі, даганялкі ці «казакі-разбойнікі»;
- лазіць па дрэвах.
Дождж ці снег не азначаюць, што вы і ваша дзіця павінны заставацца дома, — на самай справе, такое надвор’е можа абудзіць у вашым дзіцяці ўяўленне і творчыя здольнасці. Вы можаце паспрабаваць пагуляць з парасонам і ў плашчах, паглядзець, як пасля дажджу плавае лісце, а таксама паскакаць праз лужыны ці па іх у гумавых ботах.
Шышкі і сінякі пры гульні на вуліцы
Турбавацца пра тое, што ваша дзіця можа параніцца падчас гульняў на вуліцы, — гэта нармальна. Часам ваша дзіця можа хвалявацца, калі захоча паспрабаваць для сябе нешта новае. Гэта звычайная з’ява для гульні на свежым паветры, і такое хваляванне не павінна перашкодзіць таму, каб дзіця жадала бавіць час на вуліцы.
На вуліцы ваша дзіця можа пашыраць межы гульні, бо там яму прасторна, можна бегаць хутчэй, залазіць вышэй і скакаць далей.
Гэта можа прывесці да падзенняў, драпін ці слёз, але «рызыкоўная гульня» дапамагае вашаму дзіцяці вучыцца на памылках і хутка апраўляцца.
Дзеці, якім мала давалі гуляць на свежым паветры, з большай верагоднасцю атрымаюць сур’ёзныя траўмы ў будучыні, бавячыся на вуліцы.