Прагулка з малым дзіцем зімой
Першыя прагулкі з нованароджаным дапушчальныя з другога тыдня яго жыцця пры тэмпературы паветра, не ніжэйшай за -5 °С. Пачынаць выходзіць з дзіцем на свежае паветра варта ў дзённы час і ненадоўга, паступова павялічваючы працягласць прагулак. Калі дзіцяці холадна, яно можа плакаць, яго ручкі стануць ледзянымі ці дзіця будзе дрыжаць. Не дапускайце гэтага! Калі вы заўважылі такія прыкметы, неадкладна вярніцеся з дзіцем дадому, сагрэйце яго, прыкладзіце да грудзей ці дайце цёплае пітво. Варта ўлічваць уплыў халоднага ветру! З-за яго цела хутчэй губляе цяпло, нават калі градуснік не паказвае экстрэмальна нізкіх тэмператур.
Што важна ведаць аб прагулках з малым дзіцем зімой
- Каляска павінна мець накідку, спецыяльны канверт для халоднага надвор’я, а паверхня, на якой ляжыць апранутае дзіця, павінна быць цёплай (падыдзе шарсцяная коўдра).
- На дзіцяці павінна быць дастаткова адзення, якое падыходзіць для халоднага надвор’я. Важна таксама, каб дзіцяці не было занадта горача і каб яно не пацела.
- Калі тэмпература паветра каля нуля, вушы дзіцяці неабходна закрыць зімовай шапачкай, на ручкі надзець рукавіцы, а шыю абгарнуць шалікам.
- Калі дзьме вецер, твар дзіцяці можна прыкрыць шалікам, носік пры гэтым павінен заставацца адкрытым.
- Галаўныя ўборы і адзенне для халоднага надвор’я павінны быць выраблены са шчыльнага валакна (напрыклад, з шэрсці). Шэрсць і падобныя матэрыялы забяспечваюць добрую цеплаізаляцыю.
- Пазбягайце адзення з бавоўны, яна ўбірае вільгаць і становіцца мокрай.
- Ножкі варта абараняць ад холаду зімовым камбінезонам і цёплым абуткам, нават калі дзіця не ўмее хадзіць; у калясцы накрывайце дзіця коўдрай.
- Памятайце, што на дзіця надзеты зімовы камбінезон са слізкай паверхняй, а на вас — зімовая куртка, таму браць дзіця на рукі будзе больш складана, калі яно заплача і вам спатрэбіцца дастаць яго з каляскі.
Не рэкамендуецца выходзіць гуляць з дзіцем груднога ўзросту на вуліцу пры тэмпературы, ніжэйшай за -15 °С, у моцны вецер, дождж, снег, туман. Працяглыя прагулкі пры тэмпературы паветра, ніжэйшай за -10 °С, таксама не рэкамендаваны.