7–9 месяцаў — новыя адкрыцці
Развіццё дзіцяці ў перыяд з 7-га па 9-ы месяц
Зносіны
Што новага?
У перыяд з 7-га па 9-ы месяц ваш хлопчык большую частку часу будзе лапатаць і агукаць. Яго лепет можа гучаць, як сапраўдная размова, у ім вылучаецца тэмп і інтанацыя, нават калі пакуль няма асобных слоў. У гэты час некаторыя дзеці ўжо спрабуюць сказаць сваё першае слова, хутчэй за ўсё, падобнае на «ма-ма» або «та-та», нават калі дзіця яшчэ не ведае, што гэта значыць. Вы можаце заўважыць, што ў гэтым узросце ваш хлопчык разумее некаторыя словы, напрыклад, калі вы спытаеце: «Дзе мама?» ці «Дзе твой тата?», ён можа пачаць шукаць маму ці тату вачамі. Або можа перастаць рабіць нешта, калі пачуе слова «не».
Што вы можаце зрабіць?
Гаварыце са сваім хлопчыкам, калі робіце свае штодзённыя справы. Яму падабаецца слухаць, як вы з ім размаўляеце. Гэта проста: расказвайце, што вы робіце, што збіраецеся рабіць, ці называйце прадметы, якімі вы карыстаецеся ці якія знаходзяцца побач з дзіцем. Такое ўзаемадзеянне дапаможа вашаму хлопчыку зразумець сувязь паміж рэчамі і словамі. Калі ён лапоча, адказвайце ласкава і далікатна. Напрыклад, калі ён вымаўляе «а-а-а», гледзячы на садавіну на кухні, можна паўтарыць гэтыя гукі за ім і дадаць: «А, ты заўважыў яблыкі? Глядзі, яблык!». Кожны дзень не толькі размаўляйце з дзіцем, але і спявайце яму, гуляйце, расказвайце кароткія вершы і пацешкі, чытайце ўголас. Усё гэта паказвае вашаму хлопчыку, як моцна вы яго любіце, а яшчэ гэта дапамагае яму вучыцца наладжваць зносіны.
Пачуцці
Што новага?
У гэтым узросце дзіця нават без слоў зможа вельмі выразна паведаміць, калі яно задаволена або засмучана. Зараз у вашага хлопчыка фарміруецца моцная прывязанасць да вас і блізкіх сяброў сям'і. Аднак у той жа час у яго развіваецца страх перад новымі людзьмі. Калі да вас у госці завітае хтосьці незнаёмы, дзіця можа схавацца ці заплакаць, нават калі некалькі месяцаў таму спакойна рэагавала на гэтага чалавека. Ваш хлопчык ужо даволі добра ведае самых блізкіх людзей і разлічвае на іх увагу і дапамогу. Ён будзе самастойна спрабаваць наблізіцца да вас ці да іншага блізкага чалавека, усміхацца і чакаць вашай рэакцыі. Калі вы выйдзеце ненадоўга з пакоя, ваша дзіця можа засмуціцца. У такім стане яно будзе імкнуцца да таго, каб яго абнялі і супакоілі.
Што вы можаце зрабіць?
Памятайце, што гэта тыповыя паводзіны для дзіцяці гэтага ўзросту і яны паказваюць, што яно ведае, хто самыя важныя людзі ў яго свеце і наколькі моцна вы клапоціцеся пра яго. Гэта можа быць няпроста, але выяўляйце цярпенне і рабіце так, каб ваш хлопчык мог адчуваць сябе ў бяспецы, калі ўбачыць новых людзей. Звярніце ўвагу на тое, як ён рэагуе на незнаёмыя сітуацыі і людзей, паколькі гэтыя рэакцыі, верагодна, будуць змяняцца ад тыдня да тыдня. Калі новыя людзі стануць часткай жыцця дзіцяці, паспрабуйце дапамагчы паступова прывыкнуць да іх, каб ваш хлопчык адчуваў сябе камфортна. Прагаворвайце пачуцці, якія вы заўважаеце ў яго: «Так, я бачу, што ты баішся. Усё будзе добра. Я тут, побач з табой. Давай зробім так, каб табе было спакайней».
Калі вам трэба рэгулярна адлучацца па справах або пакідаць дзіця (напрыклад, у яслях або з нянечкай), сачыце за тым, каб у вашага хлопчыка былі з сабой любімыя рэчы і цацкі — так ён здолее хутчэй прывыкнуць да тых, хто будзе ў гэты час з ім знаходзіцца. Калі магчыма, паспрабуйце, каб у вашу адсутнасць за ім прыглядалі адны і тыя ж людзі.
Мысленне
Што новага?
Паколькі ваш хлопчык пачынае поўзаць і, магчыма, нават уставаць каля апоры, то свет для яго адкрываецца цалкам па-новаму. Цяпер ён можа дацягнуцца да яшчэ большай колькасці розных цікавых прадметаў, яшчэ больш упэўнена іх захопліваць і старанна вывучаць. Калі накрыць цацку хусткай, то дзіця будзе шукаць яе там, дзе бачыла ў апошні раз; калі яно нешта кідае, то сочыць вачамі і шукае прадмет, які ўпаў.
Што вы можаце зрабіць?
Гуляйце ў «ку-ку» ці хавайце цікавыя для дзіцяці цацкі пад коўдрай і паказвайце, што можна сцягнуць коўдру і знайсці цацку. Ваш хлопчык будзе з інтарэсам гуляць у гульні, якія развіваюць навыкі мыслення і павышаюць яго ўпэўненасць. Напэўна яму спадабаецца кідаць дробныя прадметы ў скрынку, а затым вымаць іх і паўтараць гэтыя дзеянні зноў і зноў. (Будзьце ўважлівы, дзеці ў гэтым узросце цягнуць усе прадметы ў рот, каб як след іх вывучыць.) Пакажыце, як можна гуляць з невялікімі прадметамі, штурхаючы іх ці катаючы па падлозе наперад-назад. Падчас падобных гульняў дзеці пачынаюць разумець, што іх дзеянні могуць прывесці да пэўных вынікаў (прычына/следства) — гэта важнае адкрыццё.
Рух
Што новага?
У гэты перыяд адбываецца шмат усяго захапляльнага. У дзяцей з'яўляецца многа новых рухальных навыкаў, якія дазваляюць яшчэ шырэй адкрываць для сябе навакольны свет. Кожнае дзіця развіваецца ва ўласным тэмпе, але, хутчэй за ўсё, у гэтым узросце ваш хлопчык ужо пачне не толькі самастойна сядзець, але і рухацца, часцей за ўсё поўзаючы або пераварочваючыся. А яшчэ ён усё больш упэўнена ўтрымлівае пальцамі дробныя прадметы і больш спрытна перакладае рэчы з адной рукі ў другую, хоць па-ранейшаму вельмі часта цягне іх у рот. Ён становіцца значна больш самастойным. У гэтым узросце можна пачынаць прывучаць дзіця да цвёрдай ежы.
Што вы можаце зрабіць?
Гуляйце на падлозе і прапаноўвайце дзіцяці цікавыя разнастайныя прадметы, якія яму бяспечна браць у рукі, расклаўшы іх непадалёк. Няхай ваш хлопчык свабодна перамяшчаецца па пакоі, але будзьце побач і сачыце, каб усё было бяспечна, назірайце і дапамагайце, калі гэта неабходна. Паклапаціцеся пра тое, каб у руках у яго не аказваліся такія дробныя прадметы, якімі ён можа падавіцца. Ваш задача — стварыць стымулюючае і ў той жа час досыць бяспечнае асяроддзе, заахвочваючы дзіця да вывучэння новага. Калі ваш хлопчык выявіць нешта незвычайнае, адзначце гэта, усміхніцеся, скажыце яму пра гэта («Ого, што ты знайшоў — кубак! Пакажаш мне?»). Такім чынам, дзіця навучыцца развіваць у сабе цікаўнасць і будзе пры гэтым адчуваць сябе бяспечна і пад абаронай.
Калі дзіця пачынае есці цвёрдую ежу, прапануйце яму каштаваць нешта новае і па-рознаму вывучаць новыя прадукты. Большасць дзяцей у гэтым узросце спрабуюць есці самастойна — браць у руку кавалачкі ежы і класці іх у рот.
Ёсць шмат іншых гульнявых спосабаў падтрымаць развіццё, вы можаце знайсці іх у раздзеле «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця ў перыяд з 7-га па 9-ы месяц
Паколькі ўсе дзеці развіваюцца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзіця засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашага хлопчыка. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак для ўласнага спакою абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым спецыялістам), калі ваш хлопчык, як вам здаецца, перастаў рабіць нешта з таго, што ўжо ўмеў, калі ў вас ёсць іншыя прычыны для хвалявання або калі ў вашага дзіцяці праяўляюцца якія-небудзь з наступных прыкмет магчымай затрымкі ў развіцці:
- не глядзіць вам у вочы ці не сочыць поглядам за аб'ектамі, якія рухаюцца;
- не лапоча («ма-ма», «та-та» і г. д.);
- не паварочвае галаву да крыніцы гуку;
- не глядзіць туды, куды вы паказваеце;
- не выяўляе прыхільнасці да блізкіх людзей — не ўсміхаецца ім;
- не адгукаецца на сваё імя;
- не пазнае знаёмых людзей;
- не пераварочваецца;
- калі вы падымаеце свайго хлопчыка, яго цела або занадта напружана, або занадта расслаблена;
- не можа сядзець нават з дапамогай і падтрымкай;
- адчувае цяжкасці з прыёмам цвёрдай ежы.
Reference:
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/7-8-months
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/8-9-months
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/9-10-months
Laura E. Berk (2006), Child development (7ht edition), Allyn & Bacon
Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd.