Стымуляванне сацыяльна-эмацыянальнага развіцця ў 6–12 месяцаў
Сустрэчы з незнаёмымі людзьмі
Ваша дзіця можа па-рознаму рэагаваць пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі. Яно можа праяўляць цікаўнасць, радасць ці палохацца, пазбягаць кантакту. Усе гэтыя рэакцыі натуральны для дзяцей дадзенага ўзросту. Такія паводзіны залежаць ад тэмпераменту дзіцяці, яго папярэдняга вопыту і самой сітуацыі. Старайцеся спакойна ставіцца да праяўлення эмоцый у дзіцяці і падтрымлівайце яго ў такія моманты. Падобны досвед стане для дзіцяці цікавым і пазнавальным, калі даць яму дастаткова часу, каб асвоіцца, супакоіцца і адчуць сябе ў бяспецы.
Рэакцыя на разлуку з вамі
Дзіця прывыкае да разлукі з блізкім дарослым паступова, і менавіта таму такія сітуацыі трэба патроху ўключаць у штодзённы распарадак. Вашы паводзіны павінны быць зразумелымі і паслядоўнымі. Паведамляйце дзіцяці аб тым, што вы сыходзіце і калі вернецеся. Абавязкова развітвайцеся, калі пакідаеце яго. Першыя растанні не павінны быць доўгімі. З кожным разам дзіцяці будзе лягчэй прымаць такія сітуацыі. Часцей гуляйце з ім у хованкі або «ку-ку». Гэта дапамагае дзіцяці справіцца з трывогай, калі яно вас не бачыць.
Ваша падтрымка
У новых сітуацыях ваша дзіця ўсё часцей арыентуецца на вас, назірае і інтэрпрэтуе вашы рэакцыі. На аснове вашых эмоцый, мімікі і каментарыяў дзіця робіць для сябе важныя высновы і карэкціруе свае паводзіны. Калі вы не ўпэўнены ў сабе ці напалоханы, дзіця таксама, верагодна, будзе адчуваць страх і няўпэўненасць. Сачыце за тым, каб ваша рэакцыя на дзеянні дзіцяці была зразумелай, — раскажыце яму пра тое, што адбываецца, дайце зразумець, што з вамі яно ў бяспецы. Неўзабаве дзіця будзе больш спакойна і ўпэўнена ставіцца да перамен і пачне самастойна вывучаць свет вакол.
Пачуцці становяцца больш складанымі
Адрознівайце і прымайце пачуцці, якія праяўляе ваша дзіця. Радасць, гнеў або трывога з'яўляюцца натуральным станам, нармальнай рэакцыяй на падзеі. Абазначайце, прагаворвайце іх, расказвайце дзіцяці пра тое, што адбываецца. Вашы словы і тлумачэнні дапамогуць яму зразумець свае адчуванні і лепш іх кантраляваць. Ніколі не крытыкуйце дзіця за яго пачуцці і эмоцыі.