Зносіны і гульні з малымі дзецьмі
Чаго чакаць ад зносін і маўлення малога дзіцяці
Маўленне ў малых дзяцей развіваецца з рознай хуткасцю — некаторыя вучацца імкліва, іншым жа можа спатрэбіцца больш часу.
Па меры таго, як ваша дзіця будзе вучыцца гаварыць, вы пачуеце, як яно:
- утварае незразумелыя гукі, агукае і лапоча;
- злучае простыя склады, напрыклад «ба-ба»;
- паўтарае словы;
- гаворыць «не», круцячы галавой.
Ва ўзросце 12–18 месяцаў большасць дзяцей вымаўляюць свае першыя словы. Але ў гэты перыяд, магчыма, толькі вы і іншыя блізкія члены сям’і зможаце зразумець значэнне сказанага. Нават калі словы вашага дзіцяці будуць гучаць яшчэ не зусім правільна, яму ўсё роўна будзе падабацца весела лепятаць, калі вы гаворыце. Таксама яно ахвотна ўкажа на знаёмыя прадметы, калі вы будзеце іх называць.
Да двух гадоў ваша дзіця стане гаварыць лепш, але яму ўсё яшчэ будзе цяжка правільна вымаўляць некаторыя гукі, такія як «р». Замест яго, магчыма, будзе атрымлівацца «л»: напрыклад, ваша дзіця скажа «лыба» замест «рыба».
Заахвочвайце спробы вашага дзіцяці да гаварэння. Гэта проста — трэба ўсяго толькі слухаць яго і адказваць яму. Калі вы будзеце расказваць дзіцяці гісторыі і казкі, спяваць песенькі, чытаць вершыкі — нават проста распавядаць яму пра тое, як праходзіць ваш дзень, — усё гэта дапаможа вучыцца гаварыць, практыкаваць сваё маўленне, а таксама ўмацуе сувязь паміж вамі.
Родная мова дзіцяці
Калі дома вы размаўляеце на сваёй роднай мове, для вашага дзіцяці гэта ўжо будзе выдатным пачаткам. Калі яно будзе слухаць, як вы гаворыце на роднай мове, гэта закладзе аснову для далейшага вывучэння другой мовы (напрыклад, той, якую выкарыстоўвае большасць людзей у вашай краіне). Прыведзеныя далей ідэі для гульняў будуць таксама карыснымі, калі вы будзеце рэалізоўваць іх з дзіцем, выкарыстоўваючы сваю родную мову. Дзякуючы гэтаму ў дзіцяці пачне фарміравацца пачуццё культурнай самасвядомасці.
Ідэі гульняў для стымулявання зносін
Чым больш слоў чуюць дзеці, тым больш слоў яны могуць вывучыць.
Вось некалькі ідэй сумесных заняткаў, каб у вашага дзіцяці з’явіўся стымул гаварыць і развіваць маўленне.
- Размаўляйце з дзіцем пра тое, чым вы займаецеся дома, нават калі вам гэта здаецца нецікавым, напрыклад: «Тата пыласосіць дыван, каб пазбавіцца ад пылу, ад якога ты чхаеш».
- Пераймайце спробы вашага дзіцяці вымаўляць словы, каб стымуляваць яго да зносін. Напрыклад, калі яно гаворыць «мама», вы можаце сказаць яму «мама» ў адказ. Вы таксама можаце паўтараць словы свайго дзіцяці і будаваць на іх дыялог. Напрыклад, калі дзіця кажа: «Цягнік!», вы можаце адказаць: «Так, гэта вялікі чырвоны цягнік».
- Выяўляйце зацікаўленасць, калі ваша дзіця лапоча і гаворыць. Для гэтага глядзіце яму ў вочы і заўсёды ўсміхайцеся.
- Рэагуйце на інтарэсы вашага дзіцяці і гаварыце пра іх. Напрыклад, калі ваша дзіця пачне гуляць з цацачным цягніком, вы можаце сказаць: «Ту-ту».
- Чытайце разам з дзіцем і расказвайце яму казкі.
- Спявайце разам песенькі і расказвайце пацешкі.
- Хваліце дзіця за тое, што яно спрабуе гаварыць. Напрыклад, калі ваша дзіця паказвае на сабаку і называе яго, вы можаце сказаць: «Малайчына, Гоша! Правільна! Гэта сабачка!».
Змена падгузнікаў — гэта выдатны час для кантакту з дзіцем твар у твар, вы можаце паспрабаваць гаварыць, спяваць і глядзець пры гэтым у вочы дзіцяці.
Асцярогі з нагоды таго, як размаўляе дзіця
Калі вас турбуе развіццё маўлення ў вашага дзіцяці — напрыклад, ваша дзіця не лапоча або, здаецца, не чуе вас ці не слухае, калі гавораць іншыя, — абмяркуйце гэта з урачом.