Аптымальнае харчаванне дзяцей ва ўзросце ад 7 да 9 месяцаў
Колькасць прыёмаў ежы і яе аб'ём
У гэтым узросце грудное малако ўсё яшчэ застаецца самым важным прадуктам для дзіцяці і забяспечвае палову яго энергетычных патрэб. Працягвайце карміць дзіця грудзьмі па патрабаванні днём і ноччу. Цвёрды прыкорм не можа замяніць грудное малако ў першы год жыцця. У дадатковым дакормліванні дзіцяці замяняльнікамі груднога малака і ў далейшым дзіцячымі сумесямі (адаптаванымі малочнымі сумесямі для дзяцей, старэйшых за 6 месяцаў) неабходнасці няма: знаходзячыся на натуральным выкормліванні і атрымліваючы разнастайны і своечасовы прыкорм, дзіця будзе забяспечана ўсімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі.
Трэба прыкладаць дзіця да грудзей пасля кожнага кармлення прадуктамі прыкорму.
Асноўныя рэкамендацыі па прыкорме дзіцяці:
- Аптымальным тэрмінам увядзення прыкорму з'яўляецца перыяд з 20-га па 26-ы тыдзень жыцця.
- Аб'ём: увядзенне прыкорму ў рацыён дзіцяці павінна быць паступовым. Пачніце з 2–3 сталовых лыжак, пры кожным кармленні паступова павялічваючы аб'ём да 120 мл.
- Частата: давайце прыкорм 3 разы на дзень.
- Кансістэнцыя: трэба прапаноўваць дзіцяці прывычныя для сям'і прадукты з агульнага стала, працёртыя да пюрэпадобнай кансістэнцыі. Прыкладна з 8 месяцаў можна пачынаць прапаноўваць дзіцяці ежу кавалачкамі.
- Разнастайнасць: старайцеся даваць разнастайную ежу пры кожным кармленні. Напрыклад: прадукты жывёльнага паходжання (мяса, яйкі і малочныя прадукты), злакі (зерне), караняплоды (і клубні), бабовыя, садавіну, гародніну, багатыя вітамінам А (морква, гарбуз, шпінат), і іншыя (кабачкі, капуста).
- Прадукты жывёльнага паходжання павінны абавязкова прысутнічаць у рацыёне вашага дзіцяці. Уводзіць іх варта як мага раней, даваць штодня. Неабходна падрабніць іх пасля дастатковай тэрмічнай апрацоўкі. Звараныя ўкрутую і дробна нарэзаныя яйкі, мяса (нятлустую ялавічыну і бараніну), курыцу, мяса індычкі і труса, рыбу дзеці могуць есці, нават калі ў іх няма зубоў.
- Прадукты можна змешваць: пюрэ і кашы павінны ўключаць сумесь злакаў, гародніны, бобу, яек, садавіны, караняплодаў і па магчымасці трусінае мяса, ялавічыну, рыбу, птушку. У кашы можна дадаваць малако. Цвёрдая ежа багацейшая калорыямі і вітамінамі — яе пажыўная каштоўнасць для дзіцяці больш высокая, чым, напрыклад, супоў. У дзяцей высокая патрэба ў энергіі і пажыўных рэчывах, а таксама невялікі аб'ём страўніка, таму рацыён павінен уключаць стравы, якія пры невялікім аб'ёме маюць высокую пажыўную каштоўнасць для дзіцяці.
- Адзін ці два разы на дзень прапаноўвайце перакус (паміж прыёмамі ежы), напрыклад садавіну.
- Калі ваша дзіця знаходзілася на выключна грудным выкормліванні, з увядзеннем прыкорму яму варта пачаць даваць ваду. Патрэба ў вадзе залежыць ад узросту дзіцяці, колькасці прыёмаў ежы, аб'ёму і тыпу прадуктаў. Часцей прапаноўвайце дзіцяці ваду, асабліва пасля ежы! Давайце яе піць з кубка. У першы год рэкамендуецца кіпячоная ахалоджаная вада.
- Пры гатаванні ежы для дзіцяці выкарыстоўвайце не больш за палову чайнай лыжкі алею ці сметанковага масла ў дзень.
- Кожны тыдзень дадавайце адну новую страву ў рацыён дзіцяці.
6. Арыентуйцеся на дзіця: набярыцеся цярпення і актыўна заахвочвайце дзіця, не прымушайце яго есці. Выкарыстоўвайце асобную талерку, каб было бачна, ці ўсё яно з'ела з таго, што было прапанавана.
- Назірайце за сваім дзіцем і рэагуйце на яго сігналы. Карміце павольна і цярпліва, у яго тэмпе. Паспрабуйце розныя спалучэнні прадуктаў, смакаў і тэкстур, каб стымуляваць апетыт у дзіцяці. Пачакайце, пакуль яно пражуе і праглыне порцыю, перш чым прапаноўваць наступную.
- Спыніце кармленне, калі дзіця дасць зразумець, што наелася.
- З часам дзіця паступова развівае навыкі, неабходныя для самастойнага прыёму ежы (браць кавалачкі ежы і класці ў рот, выбіраць прадукты, карыстацца сталовымі прыборамі).
- Устанавіце распарадак асноўных прыёмаў ежы і перакусаў. Абмяжуйце час кармлення 15–20 хвілінамі. Падчас прыёму ежы дзіця павінна сядзець за сталом.
7. Гігіена: выкананне мер гігіены (падтрыманне чысціні) неабходна для папярэджання ўзнікнення ў дзіцяці дыярэі і іншых захворванняў. Пры гатаванні ежы і кармленні выкарыстоўвайце чысты посуд і прыборы. Захоўвайце прадукты ў бяспечным і чыстым месцы ў адпаведнасці з пазначанымі на іх тэрмінамі і правіламі. Памятайце пра выкананне базавых правіл асабістай гігіены — мыйце рукі вадой з мылам перад гатаваннем ежы і кармленнем дзіцяці, пасля наведвання прыбіральні, пасля правядзення гігіенічных працэдур і падмывання дзіцяці. Мыйце рукі дзіцяці перад ежай.
Прадукты, якія не рэкамендуюцца на першым годзе жыцця:
• Мёд.
• Каровіна (а таксама казінае) малако. Яго не рэкамендуецца даваць дзецям на першым годзе жыцця, паколькі яго склад не адпавядае патрэбам грудных дзяцей і яно можа спрыяць развіццю анеміі і алергіі. Для прыгатавання каш можна выкарыстоўваць невялікую колькасць (разведзенага 1:1 з кіпячонай вадой) каровінага малака.
• Цытрусавыя (лімон, апельсін, мандарын).
• Трапічная садавіна і гародніна.
• Салодкія прысмакі і выпечка.
• Смажаныя лёгкія закускі (чыпсы, сухарыкі, снэкі), прадукты хуткага прыгатавання (фастфуд).
• Чай, напіткі газіраваныя і/або з вялікім утрыманнем цукру, фарбавальнікаў.
• Прамыслова перапрацаваныя мясныя прадукты (сасіскі, каўбасы).
• Не дадавайце ў дзіцячае харчаванне соль, спецыі, харчовыя дабаўкі. У выпадку выкарыстання солі пры гатаванні ежы для дзіцяці дадавайце ёдаваную.
Заўсёды думайце пра бяспеку: не давайце дзіцяці арахіс, папкорн, дробную садавіну ці вінаград, кавалачкі цвёрдай ежы, якімі яно можа падавіцца.
Як карміць дзіця
Важна, каб харчаванне дзіцяці было разнастайным. Пачаць прыкорм можна з густой кашы, паступова ўводзячы ў яе якое-небудзь адно пюрэ з гародніны (гарбуз, морква, цвятная або белакачанная капуста) або садавіны (яблык, груша, сліва, банан). Пасля гэтага можна будзе пераходзіць да мясных пюрэ (з нятлустай ялавічыны, бараніны, каніны, свініны, індычкі, курыцы або трусінага мяса) ці бабовых з гароднінай. У дзіцяці могуць сфарміравацца перавагі да нейкіх пэўных прадуктаў. Старайцеся заахвочваць яго спрабаваць рознае.
• Не абмяжоўвайце рацыён вашага дзіцяці — яму патрабуецца разнастайная ежа (бялок, садавіна і гародніна, трохі тлушчу (напрыклад, алей) і злакі/крупы).
• Калі ў вашага дзіцяці развіваецца алергія на які-небудзь прадукт, яго варта выключыць.
• Пры наяўнасці харчовай алергіі ў каго-небудзь з членаў сям'і кожны новы прадукт трэба ўводзіць паступова — не часцей за аднаразовы прыём аднаго новага прадукту ў дзень за перыяд да 7–10 дзён.