Карысная ежа для дзяцей

Адна з галоўных умоў для падтрымання добрага здароўя — разнастайнае харчаванне. Лічыцца, што дзіця есць добра, калі яно штодня ўжывае прадукты з усіх пяці груп (малако і малочныя прадукты; садавіна; гародніна; злакі; мяса, рыба, яйкі). Нярэдка дзіця ўпарта адмаўляецца ад нейкай ежы; важна разумець, што любы прадукт можна замяніць іншым з той жа групы.
Body

Як выбіраць прадукты і гатаваць для малога дзіцяці

Важна з самага пачатку прапаноўваць дзіцяці разнастайныя карысныя і якасныя прадукты, так у яго на ўсё жыццё сфарміруецца звычка правільна харчавацца. Старайцеся даваць дзіцяці розную ежу, асабліва гародніну, садавіну і вырабы з цэльнага зерня. Малым дзецям падабаецца тая ежа, да якой яны прывыклі. Тое, што немаўля есць ва ўзросце 9 месяцаў, шмат у чым паказвае, якія прадукты яно будзе ўжываць у школьным узросце. Калі дзіця прывыкла да садавіны і гародніны, прыгатаваных карыснымі для здароўя спосабамі, яно навучыцца кантраляваць цягу да нездаровай ежы з высокім утрыманнем солі, цукру, насычаных тлустых кіслот і калорый.

Пяць груп прадуктаў

Мы ўвесь час чуем, што неабходна скласці рацыён такім чынам, каб ён быў разнастайным і збалансаваным. Класіфікацыя прадуктаў па пяці групах павінна аблегчыць нам гэтую цяжкую задачу.

1. Ежа, багатая бялком, — мяса, рыба, яйкі, бабовыя, арэхі, насенне і соя.

  • Давайце дзіцяці прыгатаванае спачатку працёртае, а затым дробна нарэзанае мяса (курыцу, цяляціну, індычку); падчас прыгатавання ежы для развядзення пюрэ выкарыстоўвайце мясны булён, аднак сам па сабе ён не можа служыць ежай для дзіцяці, паколькі валодае нізкай каларыйнасцю. Дзеці не любяць сухое і цвёрдае мяса, ім падабаецца тушанае ці перацёртае. Мяса лягчэй есці, калі яно падаецца з пюрэ з гародніны ці з кашамі.
  • Адварную рыбу можна ўводзіць ужо з 7-га месяца. Марская рыба — лепшая крыніца поліненасычаных тлустых кіслот (амега-3).
  • Жаўткі (звараных укрутую яек) уводзьце паступова: спачатку адну восьмую частку жаўтка, затым чвэрць, палову і, нарэшце, цэлы. Давайце іх два-тры разы на тыдзень, чаргуючы з мясам і дадаючы да каш і пюрэ з гародніны.
  • Бабовыя (фасолю, гарох, сачавіцу) можна ўводзіць з 9-га месяца. Паколькі гэтыя прадукты выклікаюць уздуцце жывата, замочвайце іх увечары, падавайце ў выглядзе пюрэ з нейтральнымі крупамі, напрыклад з рысам. Сою не рэкамендуецца ўводзіць у рацыён да трэцяга года жыцця.
  • У мэтах бяспекі арэхі дзіцяці даюць толькі ў выглядзе пасты.

2. Садавіна — свежая, кансерваваная, замарожаная ці сушаная. Звычайна ў першую чаргу ўводзяць яблыкі, затым сезонную садавіну (персікі, абрыкосы, слівы, грушы). Банан — выдатная ежа для дзіцяці, але многія не рэкамендуюць даваць яго ў самым пачатку ўвядзення цвёрдай ежы, паколькі з-за яго салодкага смаку дзіця можа пачаць адмаўляцца ад іншых прадуктаў. З садавіны можна варыць кампот з невялікай колькасцю вады без дадавання цукру, спачатку з аднаго фрукта, а затым з розных камбінацый, таксама можна рабіць пюрэ — цалкам фруктовае ці ў спалучэнні са злакамі.

3. Гародніна — сырая, вараная, замарожаная, кансерваваная або сушаная. Спачатку ўводзяць гародніну з не вельмі яркім смакам (бульба, морква, кабачок, гарбуз), а затым паступова і іншую (брокалі, цвятная капуста, баклажаны, ліставая гародніна, памідоры, перац, цыбуля-парэй). Іх поўнасцю адварваюць ці тушаць на пары, каб пазбегнуць уздуцця жывата ці іншых праблем са страваваннем.

4. Малако і малочныя прадукты — гэта прадукты, багатыя кальцыем: малако, тварог, сыр, смятана, ёгурт і інш. У першы год жыцця каровіна малако не рэкамендуецца ў якасці асноўнага прадукту харчавання; можна выкарыстоўваць невялікую колькасць пастэрызаванага/кіпячонага малака для прыгатавання страў. Кісламалочныя прадукты (пітны і густы ёгурт, смятана) можна ўводзіць ва ўзросце 7 месяцаў.

5. Зерневыя стравы (і вырабы з мукі) уяўляюць сабой асобную групу. Яны могуць быць цэльназерневымі або рафінаванымі. У цэльназерневай пшаніцы, рысе, ячмені, кукурузе, аўсе, полбе і інш. высокае ўтрыманне клятчаткі, жалеза і вітамінаў групы B. Можна пачаць з каш, якія не маюць яркага і насычанага смаку (рысавая, кукурузная) і якія можна прыгатаваць на грудным малаку, што захоўваецца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі па яго зборы і замарожванні.

У харчаванні малых дзяцей вялікую ролю адыгрываюць тлушчы. Некаторыя з іх з’яўляюцца важнай крыніцай энергіі і неабходныя для правільнага развіцця нервовай сістэмы. Падчас прыгатавання некаторых страў для дзяцей ва ўзросце 7 месяцаў і старэйшых можна дадаваць невялікую колькасць тлушчаў (адну чайную лыжку), пажадана нерафінаванага аліўкавага алею халоднага адціскання або іншага алею.

Не забывайцеся пра ваду. Немаўляці, якое да 6 месяцаў знаходзілася выключна на грудным выкормліванні, зараз трэба прапаноўваць піць. У прамежках паміж прыёмамі ежы дзіцяці да аднаго года даюць кіпячоную астуджаную ваду.

Крыніцы асноўных пажыўных рэчываў

  • Кальцый: малако, тварог, ёгурт, сыр, шпінат, фасоля, гарох, сардзіны, насенне кунжуту.
  • Бялкі: мяса, сыр, яйкі, раслінная ежа (гарох, фасоля, сачавіца, крупы), рыба.
  • Жалеза: лепшай яго крыніцай з’яўляюцца прадукты жывёльнага паходжання (мяса, птушка (чырвонае мяса), яечныя жаўткі). Іншыя крыніцы: зялёная гародніна, гарох, фасоля, сачавіца, грэчка, айва, інжыр, персікі, чарніцы, шыпшына. Жалеза з расліннай ежы мае больш нізкую біядаступнасць і лепш усмоктваецца ў прысутнасці вітаміну С. Да дасягнення ўзросту 18 месяцаў дзіцяці рэкамендуецца даваць прадукты, узбагачаныя жалезам (крупы, малочныя пюрэ).
  • Клятчатка: садавіна, гародніна, цэльназерневыя прадукты.
  • Антыаксіданты: ярка афарбаваная садавіна і гародніна (шпінат, морква, памідоры).
  • Тлустыя кіслоты амега-3: марская рыба.

Вы пачуеце самыя розныя парады і рэкамендацыі па арганізацыі харчавання вашага дзіцяці. Ад багацця інфармацыі можна разгубіцца. Напрыклад, падрабязныя рэкамендацыі па сутачным каларажы і нормах спажывання пажыўных рэчываў, а таксама экспертныя даныя пра такія рэчывы і іх ролю насамрэч не патрэбныя і толькі ўзмацняюць занепакоенасць пра харчаванне дзіцяці. Акрамя таго, па некаторых аспектах рэкамендацыі спецыялістаў бываюць супярэчлівыя, напрыклад, адносна спажывання малака, вады, бялку, а таксама чарговасці ўвядзення прадуктаў у рацыён дзіцяці. Ёсць новыя рэкамендацыі, у якіх адзначаецца тэндэнцыя да ранняга ўвядзення прадуктаў не з мясцовых рэгіёнаў, а запазычаных з іншых краін і культур. Варта згадаць таксама пра неналежную рэкламу дзіцячага харчавання і дабавак: складана арыентавацца ў рэкламных рэкамендацыях вытворцаў і медыкаў па дадатках — вітамінах, полівітамінных прэпаратах, прабіётыках.

Асноўныя пытанні аб рацыёне вашага дзіцяці

  • Чаму рэкамендуецца ўжываць сезонныя прадукты?

Гэта звязана з тым, што на працягу пакаленняў арганізм чалавека адаптаваўся да ежы, якую елі яго продкі ў дадзеным рэгіёне.

  • Чаму рэкамендуецца ўжываць прадукты мясцовай вытворчасці?

Калі дзіцяці даюць, напрыклад, садавіну, прывезеную з далёкіх краін, варта памятаць пра рызыку яе засеянасці патагеннай мікрафлорай; таксама імпартная садавіна можа ўтрымліваць розныя хімічныя рэчывы, прызначаныя для захавання свежасці ці паскарэння выспявання.

  • Якія перавагі хатніх пюрэ?

Хатняя ежа — найлепшы варыянт для малога дзіцяці; калі вы гатуеце са свежых прадуктаў, вы дакладна ведаеце, што есць ваша дзіця.

  • Ці даваць дзіцяці гатовыя пюрэ?

Завадскія дзіцячыя пюрэ ў банках зручныя для кармлення дзіцяці па-за домам, аднак памятайце, што часта ў іх змяшчаецца занадта многа вады, крухмалу і цукру.

  • Асобныя прадукты ці іх спалучэнні?

Кожны новы прадукт трэба даваць малому дзіцяці тры дні запар, каб паглядзець, ці падабаецца ён дзіцяці і ці не выклікае алергічнай рэакцыі. Новыя прадукты можна камбінаваць з тымі, да якіх яно ўжо прывыкла.

  • Якія спалучэнні прадуктаў рэкамендуюцца для харчавання дзяцей?

Пасля ўключэння ў рацыён дзіцяці некалькіх асноўных прадуктаў можна даваць яму малочна-крупяныя кашы, фруктовыя пюрэ са злакамі, а таксама пюрэ з мяса і гародніны.

  • Як многа розных прадуктаў варта даваць за адзін прыём ежы?

Не больш за тры: няхай дзіця прывыкне да кожнага паасобку.

  • Ці ёсць прадукты, якія абсалютна неабходныя майму дзіцяці?

НЕ! Няма ніводнага незаменнага прадукту, і калі штосьці з ежы вам недаступнае ці дзіця ўвесь час ад чагосьці адмаўляецца, гэта можна замяніць чымсьці іншым з той жа групы.

Шлях ад груднога выкормлівання да сямейных абедаў за сталом патрабуе часу і цярпення. Адразу дзіця не будзе есці ежу з усіх пяці груп. Першы крок — пазнаёміць яго з цвёрдай ежай. Пасля гэтага давайце дзіцяці прадукты з розных груп пры кожным прыёме ежы, так вы забяспечыце яго ўсімі пажыўнымі рэчывамі, неабходнымі для правільнага росту і развіцця.