Аптымальнае харчаванне дзяцей ва ўзросце ад 10 да 12 месяцаў
Прапаноўваючы дзіцяці вялікі выбар здаровай і якаснай ежы з пачатку ўвядзення прыкорму, вы фарміруеце ў яго карысныя харчовыя звычкі, якія захаваюцца на ўсё жыццё. Харчаванне і кармленне — гэта значна больш, чым проста спажыванне пажыўных рэчываў, гэта магчымасць падтрымаць многія аспекты развіцця дзіцяці.
У гэтым узросце грудное малако для яго ўсё яшчэ застаецца самым важным прадуктам і забяспечвае палову энергетычных патрэб. Працягвайце карміць дзіця грудзьмі па патрабаванні днём і ноччу. У дадатковым дакормліванні дзіцяці замяняльнікамі груднога малака і ў далейшым дзіцячымі сумесямі (адаптаванымі малочнымі сумесямі для дзяцей, старэйшых за 6 месяцаў) неабходнасці няма: знаходзячыся на натуральным выкормліванні і атрымліваючы разнастайны і своечасовы прыкорм, дзіця будзе забяспечана ўсімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі.
Памятайце пра неабходнасць прыкладаць дзіця да грудзей пасля кожнага кармлення прадуктамі прыкорму.
Трэба ўлічваць некалькі важных момантаў:
1. Частата: давайце прыкорм 4 разы на дзень.
2. Аб'ём: рэкамендуемая порцыя прадуктаў прыкорму 120 мл пры кожным прыёме ежы. Выкарыстоўвайце асобную талерку, каб было бачна, ці ўсё дзіця з'ела з таго, што было прапанавана.
3. Кансістэнцыя: давайце дробна нарэзаную ежу з агульнага стала, невялікія кавалачкі, нарэзаныя прадукты.
4. Разнастайнасць: старайцеся даваць разнастайныя прадукты пры кожным кармленні.
- Вельмі важна прапаноўваць прадукты жывёльнага паходжання (мяса, яйкі і малочныя прадукты). Уводзіць іх трэба як мага раней, даваць штодня, папярэдне добра праварыўшы і падрабніўшы (напрыклад, нятлустую ялавічыну, бараніну, каніну, свініну, індычку, рыбу, печань, яйкі).
- Дадайце пюрэ з гародніны: морквы, рэпы, гарбуза, кабачка, капусты розных відаў (брокалі, цвятной, белакачаннай), памідораў, таксама можна камбінаваць і дадаваць ў кашу розную гародніну.
- Паспрабуйце правараныя і падрабнёныя бабовыя (папярэдне неабходна выдаліць скурку).
- Прапаноўвайце пюрэ з мяккай садавіны: бананаў, яблыкаў, груш, персікаў (але сачыце за тым, каб дзіця не абмяжоўвалася толькі садавінай).
- Адзін ці два разы на дзень можна прапаноўваць дадатковыя перакусы (паміж прыёмамі ежы), напрыклад кавалачкі спелай садавіны ці гародніны.
- Не давайце дзіцяці газіраваныя і/або салодкія напіткі, салодкія прысмакі і выпечку, смажаныя лёгкія закускі (чыпсы, сухарыкі, снэкі), прадукты хуткага прыгатавання (фастфуд) і прамыслова перапрацаваныя мясныя прадукты (сасіскі, каўбасы).
5. Актыўнае кармленне: набярыцеся цярпення і абавязкова заахвочвайце дзіця. Не прымушайце яго есці.
6. Гігіена: выкананне мер гігіены (падтрыманне чысціні) неабходна для папярэджання ўзнікнення ў дзіцяці дыярэі і іншых захворванняў. Пры гатаванні ежы і кармленні выкарыстоўвайце чысты посуд і прыборы. Захоўвайце прадукты ў бяспечным і чыстым месцы ў адпаведнасці з пазначанымі на іх тэрмінамі і правіламі. Памятайце пра выкананне базавых правіл асабістай гігіены — мыйце рукі вадой з мылам перад гатаваннем ежы і кармленнем дзіцяці, пасля наведвання прыбіральні, пасля правядзення гігіенічных працэдур і падмывання дзіцяці. Мыйце рукі дзіцяці перад ежай.
Прадукты, якіх варта пазбягаць:
• Неразведзенае каровіна, казінае малако ў якасці пітва. Для прыгатавання каш можна выкарыстоўваць невялікую колькасць (разведзенага 1:1 з кіпячонай вадой) каровінага малака.
• Фруктовыя і цытрусавыя сокі прамысловай вытворчасці, газіраваныя і/або тыя напіткі, якія змяшчаюць многа цукру, фарбавальнікаў.
• Мёд.
• Цукар, соль, харчовыя дабаўкі (прыправы, спецыі). У выпадку выкарыстання солі пры гатаванні ежы для дзіцяці дадавайце ёдаваную.
• Цэлыя арэхі.
• Чай (чорны, зялёны, травяны).
Ва ўзросце 10–12 месяцаў большасць дзяцей умеюць есці самастойна і піць з кубка, трымаючы яго абедзвюма рукамі. Заахвочвайце ваша дзіця да самастойнасці!
Дзіця мае прыроджаную, эвалюцыйна набытую цягу да салодкага (асабліва!) і салёнага. Непрыманне горкага таксама з'яўляецца прыроджаным, што выклікае цяжкасці пры ўвядзенні зеляніны. Прапануйце яе ў спалучэнні з гароднінай, да якой дзіця ўжо прывыкла (бульба, морква).
Калі дзіця не адразу прымае новыя прадукты, не здавайцеся. Набярыцеся цярпення, неабходна пастаянна прапаноўваць новы прадукт, каб дзіця прывыкла да яго паху і смаку.
Калі вы корміце цярпліва, з усмешкай, падбадзёрваючы і рэагуючы на патрэбы дзіцяці, вы стымулюеце навучанне і набыццё навыкаў, а прыёмы ежы становяцца прыемнымі і вясёлымі.