Прадукты, якія прысутнічаюць у рацыёне ў недастатковай колькасці
- Бабовыя і крупы. Яны могуць практычна цалкам замяніць жывёльныя бялкі нават для дзяцей, у іх мала тлушчу і многа мінералаў (кальцыю, магнію, жалеза), вітамінаў і клятчаткі.
Шклянка варанай сачавіцы ці бабоў дае арганізму траціну неабходнай энергіі і амаль палову сутачнай нормы жалеза. Прымаўка пра тое, што можна пражыць на адной фасолі, насамрэч слушная, толькі трэба ўключыць у рацыён яшчэ хлеб і малако.
Суцэльныя, дробненыя або плюшчаныя проса, ячмень і авёс можна гатаваць рознымі спосабамі і спалучаць з бабовымі, гароднінай ці мясам.
- Дзікарослыя расліны: крапіва для піражкоў і супу, дзьмухавец для салаты, дзікарослая садавіна для кампоту і чаю.
- Зімовыя крыніцы вітаміну С: буракі, рэпа, сырая морква для салатаў, квашаная капуста.
- Насенне кунжуту, лёну, сланечніка, гарбуза, а таксама арахіс. Яны ўтрымліваюць карысныя тлушчы і кальцый, іх рэкамендуецца дадаваць у хатні хлеб, выпечку і салаты.
- Духмяныя травы, напрыклад пятрушка, кроп, базілік, арэгана. Яны паляпшаюць смак ежы і памяншаюць патрэбу ў дадаванні солі, а некаторыя з іх утрымліваюць кальцый.
Разам з тым памятайце, што для дзяцей усіх узростаў аптымальным з’яўляецца збалансаваны рацыён з дастатковым спажываннем расліннай ежы і ўмераным — мяса, рыбы, малочных прадуктаў. Пры такім рацыёне патрэба ў пажыўных рэчывах задавальняецца найбольш лёгка. Пры ўжыванні ў ежу толькі раслінных прадуктаў патрабуецца належнае планаванне рацыёну харчавання і дастатковы яго аб’ём. Дрэнна спланаваны або строга абмежаваны рацыён харчавання можа прывесці да дэфіцыту пажыўных рэчываў, што ставіць пад пагрозу ці затрымлівае рост і развіццё дзяцей.