Асаблівасці развіцця дробнай маторыкі і функцыі рукі з 7-га па 12-ы месяц
Развіццё маторыкі і функцыі рукі
- Калі класці дзіця на роўную цвёрдую паверхню з ранніх месяцаў жыцця, гэта прыводзіць да таго, што яно пачынае выкарыстоўваць адкрытыя далоні як для падтрымкі сябе, так і пры перасоўванні па паверхні.
- Калі дзіця спрабуе сядзець і вучыцца пераходзіць з аднаго становішча ў іншае, яно пачынае выкарыстоўваць сваю руку і адкрытую далонь для развіцця рэакцый раўнавагі і абароны, якія дапамагаюць яму ўтрымлівацца ад падзення.
- Дзеці, якія спрабуюць уставаць, падцягваюцца рукамі пры пераходзе ў становішча стоячы і трымаюцца, калі перасоўваюцца ўздоўж апоры.
Развіццё дробнай маторыкі
Дзякуючы лепшаму маторнаму кантролю рухі рук вашага дзіцяці становяцца больш дакладнымі пры захопе, маніпуляванні і вывучэнні таго, што знаходзіцца ў яго зоне доступу.
- У перыяд з 7-га па 12-ы месяц развіццё дробных рухаў адбываецца паслядоўна. У гэтым узросце дзіця, як правіла, здольна выконваць наступныя дзеянні:
- перакладваць цацку з рукі ў руку;
- трымаць па адной цаццы ў кожнай руцэ, стукаць імі адна аб адну;
- захопліваць цацкі розных памераў і форм (рэгулюючы раскрыццё далоні);
- спрабаваць схапіць і ўтрымаць некалькі невялікіх прадметаў;
- сціскаць мяккія прадметы;
- гартаць старонкі кнігі;
- адкрываць каробкі, здымаць вечкі са скрынак, даставаць прадметы з пакетаў;
- раздзяляць два злучаныя блокі вялікага канструктара;
- выкарыстоўваць указальны палец пры даследаванні чаго-небудзь, напрыклад, прасоўваючы яго ў адтуліны;
- выкарыстоўваць указальны жэст (пальцам) для таго, каб паказаць на штосьці;
- цягнуць за вяроўку цацку (машынку);
- паднімаць больш цяжкія прадметы (бутэлькі з вадой, скрынкі з цацкамі);
- штурхаць і цягнуць скрыні з цацкамі, мэблю (крэсла, сушылку для адзення);
- захопліваць дробныя прадметы кончыкамі пальцаў — вялікага, указальнага і сярэдняга (шчыпковы захоп), а затым кончыкамі вялікага і ўказальнага пальцаў (пінцэтны захоп).
Маніпуляванне з ежай
Для гэтага ўзросту характэрна пашырэнне харчовага рацыёну дзіцяці. Прадукты, якія вы прыгатавалі для змешвання ці пюрыравання, павінны праходзіць «ручны кантроль якасці». Дазвольце дзіцяці даследаваць ежу — мацаць, ціскаць, мазаць, кідаць, нюхаць, лізаць, класці ежу сабе ў рот. Пры дапамозе рук дзіця атрымлівае якасную сэнсарную інфармацыю аб тым, што такое ежа, якая яе тэкстура і форма, затым яно даведваецца, як яна пахне, і толькі потым — якая яна на смак. Так дзіця запамінае ўсю неабходную інфармацыю пра ежу:
- як зручней узяць, якую руку выкарыстоўваць;
- якая тэкстура ежы: мяккая, грубая, вільготная, сухая;
- памер і форма: вялікая, маленькая, круглая, прадаўгаватая.
Разнастайны сэнсарны досвед вельмі важны пры падрыхтоўцы дзіцяці да працэсу жавання і для развіцця маўлення.
Такім чынам, развіццё функцыі рукі служыць для падтрымкі, абароны, хапання, утрымання, маніпулявання, а таксама для даследавання ўласцівасцей розных прадметаў. Дзіця абмацвае прадметы рукой, выкарыстоўваючы тонкую сетку нервовых канчаткаў, і «дапаўняе» візуальныя вобразы прадметаў, якія яго акружаюць. Таму даследуйце разнастайныя рэчы разам з дзіцем, зразумела, клапоцячыся пра яго бяспеку (прыбярыце вострыя, дробныя прадметы, за якія яно можа пацягнуць і атрымаць траўму пры іх падзенні, а таксама таксічныя рэчывы, такія як лекі, бытавая хімія, якія дзіця можа адкрыць).