10–12 месяцаў — фарміраванне звычак і рытуалаў паводзін
Развіццё дзіцяці ў перыяд з 10-га па 12-ы месяц
Зносіны
Што новага?
Гэта перыяд, калі, хутчэй за ўсё, прагучыць першае сапраўднае слова вашага хлопчыка. Хоць па-ранейшаму ён у асноўным лапоча, да канца першага года жыцця, верагодна, ужо будзе разумець і выкарыстоўваць хаця б адно слова (напрыклад, «ма-ма» або «та-та»). Ён будзе вельмі старацца кантактаваць з вамі ўсімі магчымымі спосабамі — не толькі словамі, але і рухамі, — паказваючы пальцам, ківаючы галавой або махаючы рукамі... Калі вы яшчэ не чулі ад свайго хлопчыка першага слова, не хвалюйцеся. Ён знойдзе іншы спосаб прыцягнуць вашу ўвагу і паведаміць пра тое, чаго хоча. Дзіця будзе разумець вас усё лепш і лепш.
Што вы можаце зрабіць?
Размаўляйце з вашым хлопчыкам падчас паўсядзённых спраў — адзявання, кармлення, прагулак, паходаў у краму. Проста прагаворвайце, што вы робіце, або апісвайце, што бачыце вакол, памятайце — гэта не ўрок, а проста размова! Калі ваш хлопчык спрабуе нешта сказаць, эмацыйна рэагуйце на гэта і працягвайце дыялог. Напрыклад, калі ён кажа «тата» або «мама», вы можаце адказаць: «Так, тата прыйшоў!» або «Так, мама прыйшла!». Такім чынам вы папаўняеце слоўнікавы запас дзіцяці і развіваеце яго камунікатыўныя навыкі.
У гэты перыяд вы можаце заўважыць, што ваш хопчык разумее кароткія інструкцыі, такія як «дай мне», «памахай пакуль-пакуль, ён сыходзіць» ці «нельга, не чапай гэта». Заахвочвайце яго, калі бачыце, што ён разумее, — усміхайцеся або хваліце.
Пачуцці
Што новага?
Як і на больш раннім этапе развіцця, ваш хлопчык, верагодна, усё яшчэ будзе праяўляць незадаволенасць пры выглядзе незнаёмых людзей. Ён па-ранейшаму можа спалохацца і заплакаць, калі вы выйдзеце з пакоя. Аднак па меры таго, як эмацыянальнае развіццё прагрэсіруе, дзіця ўсё больш і больш усведамляе свае патрэбы. Яно навучыцца лепш наладжваць зносіны і зможа паведаміць вам пра свае жаданні і пачуцці.
Што вы можаце зрабіць?
Працягвайце супакойваць дзіця, калі яно палохаецца новых людзей. Давайце яму магчымасць прывыкнуць да сітуацыі ў ходзе паўсядзённых спраў, напрыклад, калі вы ненадоўга выходзіце, каб узяць цацку ў іншым пакоі, і вяртаецеся. Такія гульні, як хованкі ці «ку-ку», таксама дапамагаюць навучыцца спраўляцца з гэтымі пачуццямі. Пра якія б пачуцці ні ішла гаворка, прыслухоўвайцеся да свайго хлопчыка і спрабуйце зразумець яго жаданні, дапамажыце яму выказаць свае ўражанні і намеры словамі. Напрыклад: «О, мой хлопчык стаміўся» або «Ты хочаш гэту лыжку? Давай дастану і дам табе».
Мысленне
Што новага?
Памятайце, што ў гэты перыяд ваш хлопчык увесь час вучыцца. Дзеці гэтага ўзросту любяць знаходзіць схаваныя пад чым-небудзь (коўдрай ці кубкам) цікавыя рэчы. Яны таксама хочуць вывучаць уласцівасці розных прадметаў, напрыклад трэсці іх, штурхаць, кідаць, біць ці стукаць імі па падлозе. (Сачыце, каб усе прадметы былі бяспечнымі!) Вашаму хлопчыку будзе падабацца гуляць, калі за ім назіраюць блізкія. У канцы першага года жыцця ён сам зможа ініцыяваць гульню, паказваючы і прапаноўваючы вам свае цацкі.
Што вы можаце зрабіць?
Як і ў малодшым узросце, ваш хлопчык будзе лепш за ўсё вучыцца падчас гульні. Ёсць шмат розных гульнявых спосабаў падтрымаць яго развіццё, іх вы можаце знайсці ў раздзеле «Гуляем разам».
Усе дзеці ўнікальныя, таму старайцеся падтрымліваць ініцыятывы вашага хлопчыка і яго выбар цацак і інтарэсаў. Варта памятаць, што звычайныя, простыя прадметы, якія знаходзяцца ў штодзённым ужытку, таксама спрыяюць навучанню і развіццю яго пазнавальных здольнасцей. Чытайце простыя дзіцячыя кнігі, расказвайце казкі і дзіцячыя вершыкі, уключайце музыку ці спявайце песні. Няхай дзіця гартае старонкі кніжак з малюнкамі. А працэс купання або адзявання можа стаць выдатным часам для асваення дзіцем частак цела — вы можаце навучыць яго паказваць пэўныя часткі цела на сабе.
Рух
Што новага?
У гэтыя месяцы часта адбываюцца захапляльныя падзеі: вы можаце заўважыць, што ваш хлопчык пачаў стаяць, трымаючыся за што-небудзь, а затым ён можа паспрабаваць стаяць самастойна і, магчыма, зробіць свае першыя крокі. Кожнае дзіця індывідуальна, але да канца гэтага перыяду некаторыя могуць нават хадзіць самастойна. Аднак хадзьба — гэта складаны навык для маленькіх дзяцей, некаторыя з іх, рана пачаўшы хадзіць, усё роўна вяртаюцца да поўзання як да больш лёгкага спосабу даследавання навакольнага свету. У той жа час дзеці ўсё больш умела і спрытна карыстаюцца рукамі і пальцамі.
Што вы можаце зрабіць?
Не трэба вучыць дзіця хадзіць! Паспрабуйце знайсці займальныя спосабы гульні, падахвочваючы вашага хлопчыка рухацца, каб нарошчваць яго мышачную сілу і стымуляваць развіццё больш складаных рухаў. Цяпер, калі ён ходзіць, пераканайцеся ў тым, што ваш дом бяспечны для маленькага шукальніка прыгод. Апусціцеся на ўзровень дзіцяці і прыбярыце тое, што небяспечна для яго. У гэты перыяд у вашага хлопчыка прыкметна паляпшаецца каардынацыя і спрыт рухаў. Вы можаце дапамагчы вывучаць тэкстуры розных прадметаў навобмацак, прапаноўваючы выбар. Падахвочвайце свайго хлопчыка да новых дзеянняў з прадметамі: стукаць адзін аб адзін, ставіць адзін на другі, а затым разбураць пабудаванае, складаць прадметы ў скрынку і вымаць іх з яе. Дайце дзіцяці крэйду і пакажыце, як маляваць на паперы.
Ёсць шмат іншых гульнявых спосабаў падтрымаць развіццё, вы можаце знайсці іх у раздзеле «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця ў перыяд з 10-га па 12-ы месяц
Паколькі ўсе дзеці развіваюцца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзіця засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашага хлопчыка. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак для ўласнага спакою абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым спецыялістам), калі лічыце, што ў вашага дзіцяці праяўляюцца якія-небудзь прыкметы затрымкі ў развіцці, калі яно, як вам здаецца, перастала рабіць нешта з таго, што ўжо ўмела, або калі ў вас ёсць іншыя прычыны для хвалявання:
- дзіця не глядзіць вам у вочы ці не сочыць поглядам за аб'ектамі, якія рухаюцца;
- не цікавіцца гукамі;
- не рэагуе на сваё імя, калі вы яго завяце;
- не гаворыць;
- не спрабуе паведаміць вам пра свае жаданні або патрэбы;
- не паказвае на прадметы;
- не выяўляе эмоцый;
- не поўзае.
Reference:
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/10-11-months
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/11-12-months
Laura E. Berk (2006), Child development (7ht edition), Allyn & Bacon
Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd.