Вяртанне на працу пасля нараджэння дзіцяці: 15 парад

Калі вы вернецеся на працу пасля таго, як станеце маці/бацькам, вам будзе пра што падумаць, у тым ліку пра тое, як вы будзеце выконваць дадатковыя абавязкі. Гэтыя парады дапамогуць вам максімальна эфектыўна распараджацца часам дома і на працы.
Body

Як зрабіць так, каб ваша вяртанне да працы прайшло гладка

1. Падумайце пра змены ў распарадку дня, якія чакаюць наперадзе.

Падумайце пра тое, якім будзе ваш новы распарадак дня, калі вы выйдзеце на працу, — магчыма, вы выявіце нешта, што можна змяніць прама цяпер. Напрыклад, вы можаце скласці новы або ўнесці змены ва ўжо існуючы рэжым дня свайго дзіцяці з улікам будучых перамен у вашым жыцці. Магчыма, вам спатрэбіцца дапамога па доглядзе дзіцяці ў першы час, падумайце, хто можа вам у гэтым дапамагчы.

2. Загадзя плануйце догляд дзіцяці.

Прадумайце, што вам будзе неабходна для догляду дзіцяці. У вас ёсць магчымасць выбраць прыдатную групу дзіцячага сада або скарыстацца паслугамі няні. Падумайце, што вы можаце зрабіць зараз для рэалізацыі вашых планаў.

3. Абмяркуйце свае планы з членамі сям’і, роднымі, спецыялістамі.

Гэта магчымасць атрымаць практычныя парады ад іншых людзей. У прафесіяналаў ці людзей, якія добра вас ведаюць, могуць быць ідэі, як зэканоміць час, ці яны могуць дапамагчы вам выявіць патэнцыяльныя праблемы да таго, як яны ўзнікнуць.

4. Складзіце спіс прадуктаў, неабходных для прыгатавання ежы, прадумайце меню.

Вы можаце зрабіць загатоўкі (паўфабрыкаты) будучых страў і замарозіць іх. Скарыстайцеся кулінарнымі сайтамі і падбярыце хуткія і простыя рэцэпты для вашай сям’і.

5. Старайцеся не пераключацца на працу.

Цяпер, калі вы не можаце надаваць дзіцяці столькі ўвагі, як раней, вы захочаце максімальна выкарыстоўваць час, які праводзіце разам. Гэтаму можа дапамагчы ўстанаўленне некаторых абмежаванняў: напрыклад, на аб’ём працы, якую вы будзеце выконваць дома, у тым ліку абмежаванні на праверку электроннай пошты і адказы на электронныя лісты або тэлефонныя званкі.

6. Старайцеся рабіць нейкія справы напярэдадні вечарам.

Некаторыя справы, такія як, напрыклад, раскладванне адзення ці прыгатаванне абеду, можна зрабіць напярэдадні ўвечары. Гэта пазбавіць вас ад лішняй мітусні раніцай.

7. Прытрымвайцеся распарадку, калі можаце.

Наладжаны рэжым дня дапамагае дзецям зразумець, чаго ім чакаць, і дысцыплінуе іх. Распарадак дня структуруе штодзённыя справы і дапамагае арганізаваць сямейнае жыццё, размяркоўвае адказнасць паміж членамі сям’і і зніжае трывогу, якую вы можаце адчуваць.

8. Пакажыце дзіцяці, дзе вы працуеце.

Калі ўмовы вашай працы дазваляюць, вы можаце запрасіць дзіця да сябе на працу, каб паказаць, чым вы займаецеся. Пазнаёмце вашых калег з дзіцем. Калі на працы праходзяць сумесныя мерапрыемствы, вы можаце запрасіць членаў сям’і наведаць іх.

9. Па магчымасці заставайцеся з дзіцем у новых для яго сітуацыях.

Сумеснае знаходжанне на працягу некалькіх хвілін у новым месцы дапаможа вашаму дзіцяці асвоіцца і зарыентавацца ў новых абставінах.

10. Будуйце сяброўскія адносіны з блізкімі і роднымі дзіцяці.

Цёплыя і мірныя адносіны паміж бацькамі дзіцяці і яго сваякамі (бабулямі, дзядулямі, цёткамі, дзядзькамі) дапамагаюць знізіць трывогу і падзяліць клопат аб дзіцяці. Пры неабходнасці вы можаце звярнуцца да вашых родных па дапамогу і падтрымку і атрымаць іх.

11. Размаўляйце пра дзіця з выхавацелямі ці няняй.

Калі вы хвалюецеся за дзіця, вам можа быць складана засяродзіцца на працы. Рэгулярныя размовы з няняй або выхавацелем дзіцячага сада пра ваша дзіця дапамогуць вам знізіць трывогу і пабудаваць партнёрскія адносіны.

12. Падумайце наконт няні для вашага дзіцяці.

Калі ў вашым жыцці ёсць чалавек, якому вы можаце даверыць уласнае дзіця, пры магчымасці скарыстайцеся яго дапамогай у вырашэнні розных бытавых спраў па доглядзе дзіцяці.

13. Складзіце запасны план на выпадак, калі ваша дзіця захварэе.

Дзеці часта хварэюць у раннім узросце, асабліва калі наведваюць дзіцячую дашкольную ўстанову, таму варта загадзя прадумаць, што вы будзеце рабіць, калі гэта здарыцца. Некаторыя працадаўцы ставяцца з разуменнем да такой сітуацыі, іншыя могуць абурацца. Таму абмяркуйце з роднымі, што можна зрабіць у сітуацыях, калі ваша дзіця будзе часта хварэць. Напрыклад, вы можаце папрасіць застацца з дзіцем вашага партнёра, бабулю ці няню, калі самі не можаце пайсці з ім на бальнічны.

14. Плануйце час з сям’ёй.

Планаванне вольнага часу з сям’ёй можа стаць добрай дапамогай у выпадку, калі ваша праца займае значную частку дня. Напрыклад, вы можаце выходзіць некалькі разоў на тыдзень на сумесныя сямейныя прагулкі.

15. Плануйце час для адпачынку і расслаблення, калі атрымліваецца.

Гэта дапаможа зменшыць узровень стрэсу і палепшыць агульнае самаадчуванне. Калі вы ездзіце на працу на грамадскім транспарце, вы можаце расслабіцца, пачытаўшы кнігу ці паслухаўшы музыку. Падчас абедзеннага перапынку прагуляйцеся па парку, прайдзіцеся па магазінах, наведайце трэнажорную залу, выпіце каву з сябрам ці пачытайце кнігу — адным словам, знайдзіце час для сябе.