3–4-ы месяцы — новы вопыт
Развіццё дзіцяці ў перыяд з 3-га па 4-ы месяц
Зносіны
Што новага?
За першыя два месяцы вы пазнаёміліся адзін з адным і ў вас устанавіўся распарадак дня. Магчыма, вы заўважаеце, як ваша дзяўчынка асвойвае новыя спосабы зносін і актыўна ўсведамляе свае адчуванні. Хоць плач па-ранейшаму з'яўляецца самым важным сігналам дзіцяці, перыяд інтэнсіўнага плачу паступова падыходзіць да канца. Цяпер дзіця будзе спрабаваць наладжваць зносіны з вамі новымі спосабамі. Напрыклад, вы заўважыце, што ваша дзяўчынка ўсміхаецца ці нават гучна смяецца, калі бачыць або робіць нешта, што ёй падабаецца. Яна часта спрабуе адказаць вам буркаваннем або працяглымі галоснымі гукамі. Ёй падабаецца ўтвараць гукі, таму вы будзеце чуць, што яна агукае сама сабе. Часам дзіця будзе спрабаваць паўтараць гукі, якія чуе, цяпер яно па-сапраўднаму камунікуе!
Што вы можаце зрабіць?
Калі вы будзеце абдымаць сваю дзяўчынку і весела размаўляць з ёй, яна будзе вас уважліва слухаць, а часам спрабаваць паўтарыць за вамі гукі. Так што рабіце гэта часцей. Размаўляйце з ёй і абавязкова рабіце паўзу пры зносінах, слухайце, як яна адкажа. Калі дзіця ўтварае гукі, паказвайце, што вы шчаслівыя і рады іх чуць. А яшчэ яно будзе ў захапленні ад таго, што вы паўтараеце за ім яго гукі. Кожны дзень знаходзьце час, каб гуляць са сваёй дзяўчынкай, спяваць ёй, нешта расказваць і паказваць ёй кніжкі.
Пачуцці
Што новага?
Дзіця ўсё яшчэ ў захапленні, калі бачыць твары, яму падабаецца ўважліва і доўга іх разглядаць. Ваша дзяўчынка па-ранейшаму глядзіць у першую чаргу на вас — можа спрабаваць паўтараць вашу міміку, калі вы ўсміхаецеся і нават хмурыцеся. Прыкладна ў гэтым узросце яна пачне разумець сувязь паміж тым, што вы гаворыце, і выразам вашага твару. А таксама цяпер яна пазнае галасы блізкіх людзей і паварочвае галаву, калі чуе іх. Вы, верагодна, убачыце, што ў гэтым узросце ваша дзяўчынка нечакана ўсміхаецца асобным людзям. Вы можаце заўважыць, што ваша дзіця любіць гуляць з людзьмі. Можна сказаць, што зараз яго любімыя цацкі — гэта людзі!
Што вы можаце зрабіць?
Размаўляючы з вашай дзяўчынкай ці слухаючы яе, старайцеся заўсёды глядзець ёй у вочы. Давайце ёй магчымасць назіраць за выразам вашага твару. Усміхайцеся і паказвайце, што вам падабаецца паўтараць за ёй міміку і гукі. Трымайце дзіця на руках, пагладжвайце, усміхайцеся яму, размаўляйце з ім па-дзіцячы, спявайце, кожны дзень надавайце максімум увагі. Старайцеся адзначаць тое, што падабаецца вашай дзяўчынцы, і адгукайцеся на яе патрэбы. Такім чынам вы робіце яе шчаслівай.
Мысленне
Што новага?
У гэты перыяд дзіця хоча даследаваць свет сваімі рукамі. У нейкі момант яно пачне цягнуцца да прадметаў вакол сябе і будзе цягнуць у рот усё, што зможа дастаць. Па меры таго, як ваша дзяўчынка ўсё больш актыўна карыстаецца рукамі і пальцамі, вы можаце заўважыць, што яна з цікавасцю глядзіць на свае рукі і гуляе з імі, як з цацкамі. А яшчэ ў гэты перыяд яна спазнае навакольны свет вачамі. Яна можа сачыць поглядам за аб'ектамі, якія рухаюцца. Дзіцяці па-ранейшаму падабаецца разглядаць навакольных, яно пачынае пазнаваць блізкіх людзей, а таксама знаёмыя прадметы, калі тыя знаходзяцца не толькі побач, але і далёка.
Што вы можаце зрабіць?
Дапамагайце сваёй дзяўчынцы даследаваць усё вакол, даючы ёй магчымасць мацаць, браць бяспечныя прадметы рознай формы, тэкстуры і колеру. Давайце магчымасць спрабаваць усё і навобмацак, і на смак. Падносьце да ручак дзіцяці цікавыя аб'екты і пры неабходнасці дапамагайце трымаць іх. Гуляйце ў такія гульні, як «ку-ку».
Рух
Што новага?
На трэцім-чацвёртым месяцы развіцця дзіця прыкметна лепш кантралюе рухі галавы. Трымаючы яго на руках або ўкладваючы, даросламу больш не трэба пастаянна падтрымліваць яго галаву. У гэты перыяд ваша дзяўчынка асвойвае новыя рухі. Калі вы кладзяце яе на жывот, яна можа ўздымаць галаву і падтрымліваць сябе, абапіраючыся на перадплеччы. Яна таксама можа пераварочвацца з жывата на спіну. Цяпер дзіця можа не проста трымаць цацку ці іншы прадмет, але таксама трэсці, размахваць імі або падымаць руку ў напрамку таго, што вісіць перад ёй.
Што вы можаце зрабіць?
Старайцеся ствараць разнастайныя магчымасці для развіцця рухаў. Сядайце побач са сваёй дзяўчынкай на падлогу і гуляйце. Знаходзьце і прапаноўвайце ёй простыя штодзённыя прадметы, якія яна зможа браць і вывучаць. Дзіцяці абавязкова ўсё трэба цягнуць у рот, таму сачыце, каб вакол яго былі толькі бяспечныя прадметы. Асаблівую ўвагу надавайце дробным рэчам, якімі дзіця можа падавіцца.
Ёсць шмат іншых гульнявых спосабаў падтрымаць развіццё, вы можаце знайсці іх у раздзеле «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця дзіцяці з 3-га па 4-ы месяц
Паколькі ўсе дзеці развіваюцца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзіця засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашай дзяўчынкі. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак для ўласнага спакою абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым спецыялістам), калі ваша дзяўчынка, як вам здаецца, перастала рабіць нешта з таго, што ўжо ўмела, калі ў вас ёсць іншыя прычыны для хвалявання або калі ў вашага дзіцяці праяўляюцца якія-небудзь з наступных прыкмет магчымай затрымкі ў развіцці:
- часта і многа плача, яго немагчыма суцешыць;
- не глядзіць у вочы і не звяртае ўвагі на твары людзей;
- не назірае за прадметамі, якія рухаюцца;
- не ўтварае ніякіх гукаў і не рэагуе на гукі;
- не можа трымаць галаву ўстойліва;
- не цягнецца за цацкай або прадметам, змешчаным перад ім;
- нічога не цягне ў рот.
Reference:
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/3-4-months
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/4-5-months
Laura E. Berk (2006), Child development (7ht edition), Allyn & Bacon
Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd.