Вырашэнне канфліктаў паміж бацькамі

Канфлікт — неад’емная частка адносін паміж партнёрамі, асабліва ў пытаннях выхавання дзяцей. Сумеснае канструктыўнае вырашэнне канфліктаў дапамагае будаваць шчаслівыя і здаровыя адносіны паміж партнёрамі і дазваляе дзецям засвоіць важныя жыццёвыя навыкі.
Body

Што такое канфлікт

Канфлікт — даволі шырокае паняцце: ад невялікіх рознагалоссяў паміж вамі і партнёрам да сварак і боек. Іншым разам канфлікт можа прымаць форму пакутлівага маўчання, гневу, варожых адносін.

Часам канфлікт з партнёрам можна ліквідаваць хутка, у іншых выпадках бывае складана знайсці рашэнне.

Тое, што ў адносінах здараюцца канфлікты, — нармальна. Важна тое, як вы з імі спраўляецеся.

Чаму важна вырашаць канфлікты ў сям’і

Канструктыўнае вырашэнне канфліктаў карысна як для вас, так і для вашых адносін з партнёрам і дзецьмі.

Карысць для вас і вашых адносін

Калі вы з партнёрам абмяркоўваеце рознагалоссі і разам прапрацоўваеце рашэнні, якія задавальняюць вас дваіх, гэта станоўча адбіваецца на вашым стане, вы адчуваеце сябе больш шчаслівым. Падтрымка з боку партнёра ўмацоўвае вашы адносіны.

Карысць для дзяцей

Канфлікты — гэта частка жыцця. Калі дзеці бачаць, што вы сумесна з партнёрам працуеце над іх урэгуляваннем, яны атрымліваюць такія каштоўныя жыццёвыя навыкі, як уменне весці перамовы і здольнасць эфектыўна вырашаць праблемы. Дзецям таксама важна ўсведамляць, што вы аптымістычна глядзіце на адрозненні ў поглядах.

Частыя ці бесперапынныя канфлікты, якія суправаджаюцца гневам і агрэсіяй, аказваюць моцны ўплыў на дзяцей як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Засцерагчы іх ад негатыўнага ўздзеяння канфліктаў дапаможа ўрэгуляванне апошніх.

Рэкамендацыі па вырашэнні канфліктаў

Не далучайце дзяцей да сваіх праблем:

  • Пазбягайце сварак у прысутнасці дзяцей.
  • Вядзіце гарачыя дыскусіі «за зачыненымі дзвярыма».
  • Абмяркоўвайце праблемы, калі дзяцей няма побач: калі яны спяць, знаходзяцца ў школе ці ў бабулі з дзядулем.

Вядзіце дыялог канструктыўна:

  • Гаварыце і слухайце па чарзе.
  • Праяўляйце ветлівасць і павагу.
  • Пастарайцеся зразумець пачуццi i пункт гледжання партнёра. Вам не абавязкова пагаджацца, важна паспрабаваць зразумець.
  • Дзяліцеся сваімі пачуццямі з партнёрам.
  • Зыходзьце з таго, што ваш партнёр хоча разабрацца з праблемай так жа моцна, як і вы.
  • Старайцеся ліквідаваць праблемы і прадумвайце розныя варыянты рашэнняў.

Запэўніце дзяцей, што яны не з’яўляюцца прычынай праблем:

  • Не паведамляйце дзецям пра вашы праблемы — некаторыя з іх датычацца толькі дарослых.
  • Растлумачце дзецям, што спрэчка ці канфлікт паміж вамі і партнёрам адбываецца не з-за іх і што дарослыя абавязкова ва ўсім разбяруцца.
  • Скажыце дзецям, што вы спрабуеце знайсці рашэнне.
  • Заклікайце партнёра бавіць час з дзецьмі весела і прыемна.

Засяродзьцеся на пазітыўных момантах у адносінах з дзецьмі:

  • Праводзьце час з дзецьмі за прыемнымі заняткамі.
  • Звяртайце ўвагу на дзяцей па прыемных нагодах, не шкадуйце пахвалы і падтрымкі, калі яны паводзяць сябе добра.
  • Абдымайце дзяцей, гаварыце, што любіце іх, — праяўляйце пяшчоту.
  • Размаўляйце з дзецьмі пра рэчы, якія іх цікавяць, пра тое, што яны робяць і адчуваюць.
  • Пераключайце ўвагу са свайго занятку на дзяцей, калі ім патрэбна дапамога, калі іх трэба выслухаць ці пагаварыць з імі.

Калі вы падвяргаецеся хатняму гвалту, патэлефануйце ў службу даверу, звярніцеся па падтрымку і зрабіце ўсё неабходнае для забеспячэння вашай бяспекі і бяспекі вашых дзяцей.

Як канфлікты паміж бацькамі ўплываюць на дзяцей

Канфлікты аказваюць негатыўны ўплыў на дзяцей, калі бацькі часта сварацца і не працуюць над вырашэннем рознагалоссяў. Чым больш бацькі сварацца, тым болей гэта адбіваецца на дзецях. Сур’ёзныя і частыя канфлікты могуць павысіць рызыку ўзнікнення эмацыянальных, паводзінных і сацыяльных праблем.

Так, рэакцыя на канфлікт у дзяцей малодшага ўзросту можа праяўляцца ў істэрыках ці дрэнных паводзінах. Дзеці школьнага ўзросту больш схільныя да непаслушэнства і могуць мець цяжкасці ў вучобе. У старэйшых дзяцей часта сустракаюцца такія праблемы, як дэпрэсія, трывожнасць, нізкая самаацэнка і няўпэўненасць у сабе.

Канфлікты асабліва небяспечныя, калі яны суправаджаюцца агрэсіўнымі паводзінамі, пагрозамі ці сваркамі з-за дзіцяці ў яго прысутнасці. Фізічны гвалт паміж партнёрамі можа прычыніць дзецям яшчэ большую шкоду. Памятайце: дзеці, якія растуць у атмасферы фізічнага гвалту, часцей сутыкаюцца з асобаснымі і сацыяльнымі праблемамі, стаўшы дарослымі.