Дапамога партнёра ў пераадоленні пасляродавай дэпрэсіі
Пасляродавая дэпрэсія: сочым за прыкметамі
Нягледзячы на тое, што нараджэнне дзіцяці — гэта радасная і хвалюючая падзея, пасля самога факта нараджэння часта ўзнікае адчуванне эмацыянальнага ўздыму або спусташэння. Напрыклад, вы можаце адчуць стрэс і ператамленне, калі вы і ваша жонка/партнёрка вучыцеся даглядаць сваё нованароджанае дзіця. Вы імкнецеся справіцца з недахопам сну, але пры гэтым у вас застаецца зусім мала часу для задавальнення сваіх уласных жаданняў і патрэб.
Пасляродовая дэпрэсія — гэта больш чым стрэс або стомленасць: яна доўжыцца больш за некалькі дзён і можа стаць сур’ёзнай праблемай для псіхічнага здароўя маці.
Вось чаму так важна сачыць за прыкметамі пасляродавай дэпрэсіі ў вашай жонкі/партнёркі. Сімптомы захворвання могуць уключаць у сябе змены ў эмоцыях і мысленні, паводзінах і сацыяльным жыцці, а таксама адбівацца на агульным фізічным самаадчуванні. Калі вам здаецца, што ваша партнёрка ў дрэнным настроі ці страціла цікавасць да рэчаў, якія ёй звычайна падабаюцца, вам варта паставіцца да гэтага вельмі сур’ёзна.
Рэгулярныя зносіны з жонкай/партнёркай, праява шчырай цікавасці да яе самаадчування дазволіць вам заўважыць першыя змены ў яе стане.
Калі вы будзеце назіраць перамены ў яе эмацыянальным стане на працягу больш чым двух тыдняў і заўважыце, што гэтыя змены негатыўна адбіваюцца на вашым паўсядзённым жыцці, вам трэба будзе дапамагчы ёй атрымаць прафесійную дапамогу.
Калі вы лічыце, што чыёсьці жыццё знаходзіцца ў непасрэднай небяспецы, патэлефануйце ў службу экстранай псіхалагічнай дапамогі (тэлефон даверу) або звярніцеся ў аддзяленне экстранай дапамогі мясцовай бальніцы.
Атрыманне прафесійнай дапамогі пры пасляродавай дэпрэсіі
У стане пасляродавай дэпрэсіі маладая мама можа знаходзіцца працяглы час без прафесійнай дапамогі. Своечасовая дыягностыка і лячэнне могуць дапамагчы ёй справіцца з гэтым станам.
У нашай краіне дастаткова спецыялістаў і медыцынскіх устаноў, якія могуць аказаць прафесійную дапамогу вашай жонцы/партнёрцы і сям’і ў пераадоленні пасляродавай дэпрэсіі. Гэта могуць быць урач-псіхіятр ці псіхатэрапеўт, неўролаг ці псіхолаг, да якіх вы можаце запісацца на кансультацыю ў паліклініцы па месцы жыхарства ці ў іншым медыцынскім цэнтры.
Некаторыя жанчыны саромеюцца і не хочуць звяртацца па дапамогу да прафесіяналаў, бо занепакоены тым, што пра іх падумаюць іншыя людзі. Яны таксама могуць захацець захаваць бачнасць таго, што ў іх усё пад кантролем, і будуць даказваць вам, што ўсе змены, якія з імі адбываюцца, натуральныя. Запэўніце сваю партнёрку, што вы будзеце побач, каб падтрымаць яе.
Эмацыянальная падтрымка вашай партнёркі ў перыяд пасляродавай дэпрэсіі
Маладыя маці часта адчуваюць моцныя супярэчлівыя эмоцыі, перажываючы фізічныя і псіхалагічныя змены падчас цяжарнасці і родаў. Вы можаце аказаць жонцы/партнёрцы эмацыянальную і маральную падтрымку, проста выслухаўшы яе і запэўніўшы, што ўсё наладзіцца.
Акрамя таго, догляд нованароджанага — гэта адказная праца, якая вельмі стамляе. Таму вельмі важна пагаварыць са сваёй жонкай/партнёркай аб тым, што яна адчувае, і даць ёй зразумець, што вы захапляецеся яе штодзённымі намаганнямі і цэніце яе працу.
Вы таксама можаце прызнаць, што яна, магчыма, стамілася. Напрыклад, вы можаце ёй сказаць: «Дзякуй за клопат пра наша дзіця. Я ведаю, што гэта цяжка і ты вельмі стамілася, і я цаню ўсё, што ты робіш».
У гэты перыяд могуць узнікаць цяжкасці, пакуль урач не падбярэ адпаведнае медыкаментознае лячэнне і не пачнуцца псіхатэрапеўтычныя сесіі. Вы можаце растлумачыць сваёй жонцы/партнёрцы, што няўдачы з’яўляюцца часткай працэсу, і запэўніць, што вы будзеце падтрымліваць яе, пакуль яна іх пераадольвае.
Практычная падтрымка ў пасляродавай дэпрэсіі
Усе маладыя бацькі маюць патрэбу ў практычнай дапамозе і падтрымцы, асабліва тыя, хто перажывае пасляродавую дэпрэсію.
У гэты перыяд вы можаце многа зрабіць, каб дапамагчы партнёрцы на практыцы:
- Падзяліце паўсядзённыя клопаты аб дзіцяці і вазьміце на сябе дадатковую нагрузку, калі можаце. Так вы дасце вашай жонцы/партнёрцы больш часу для клопату пра сябе.
- Вазьміце на сябе больш хатніх абавязкаў. Калі вы можаце выконваць хатнія справы без кіраўніцтва і кантролю вашай жонкі/партнёркі, гэта пазбавіць яе ад лішніх хваляванняў і трывогі. Яна зможа на вас спадзявацца, і ёй зусім не трэба будзе хвалявацца пра некаторыя рэчы.
- Старайцеся праводзіць больш часу са сваёй жонкай/партнёркай. Сумеснае баўленне часу будзе садзейнічаць яе больш хуткаму выздараўленню. Вы можаце разам гатаваць ежу ці гуляць.
- Паклапаціцеся пра тое, каб з вашай жонкай/партнёркай быў хто-небудзь побач, пакуль вас няма. Гэта павінен быць чалавек, з якім ёй будзе камфортна разам, напрыклад сваяк ці блізкі сябар.
- Прымайце дапамогу ад сям'і і сяброў. Вы можаце папрасіць дадатковую дапамогу і падтрымку ў блізкіх людзей і паведаміць ім пра тое, у чым вы зараз маеце патрэбу. Многія людзі цэняць, калі іх просяць пра нешта канкрэтнае.
- Дапамажыце партнёрцы пры арганізацыі лячэння. Напрыклад, вы можаце суправаджаць яе на сустрэчы са спецыялістамі, нагадваць пра прыём прэпаратаў, даглядаць дзяцей і гэтак далей.
- Вывучыце тэму пасляродавай дэпрэсіі. Чым больш вы даведаецеся пра гэты стан, тым лепш вы зможаце падтрымаць свайго любімага чалавека. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у спецыялістаў.
- Адзначайце пазітыўныя моманты ў працэсе выздараўлення вашай жонкі/партнёркі. Напрыклад, калі вы заўважылі, што яна ўсё часцей выходзіць з дому, арганізуйце для яе што-небудзь асаблівае. Напрыклад, вы можаце прапанаваць ёй схадзіць выпіць кавы з сяброўкай, пакуль вы прыгледзіце за дзіцем.
Ваша жонка можа перажываць глыбокае пачуццё віны або адчуваць сябе абузай для вас. Аднак вы можаце яе мякка запэўніць у тым, што яе дабрабыт важны для вас і вашай сям'і.
Паклапаціцеся пра сябе, калі ваш партнёр пакутуе ад пасляродавай дэпрэсіі
Магчыма, вы вельмі сканцэнтраваны на дабрабыце сваёй партнёркі, але таксама важна знаходзіць час і для сябе. Калі вы эмацыянальна і фізічна здаровы, вы зможаце найлепшым чынам падтрымліваць сваю жонку/партнёрку.
Напрыклад, вы можаце заняцца фізічнай актыўнасцю, адправіўшыся з дзіцем у калясцы на прагулку. Гэта таксама паслужыць вашай жонцы/партнёрцы невялікім перапынкам — магчыма, яна зможа папоўніць недахоп сну, які ёй так неабходны.
Здаровае харчаванне дапаможа вашай пары набрацца энергіі, неабходнай для догляду дзіцяці і падтрымкі адзін аднаго.
Падтрымка партнёра, які пакутуе ад дэпрэсіі, можа выклікаць напружанне ў вашых адносінах і паўплываць на ваш уласны дабрабыт. Вы можаце падзяліцца сваімі пачуццямі са сваяком, сябрам або прафесіяналам.
Мужчыны таксама могуць адчуваць пасляродавую дэпрэсію. Стратэгіі, прапанаваныя ў гэтым артыкуле, могуць дапамагчы як мужчынам, так і жанчынам, якія пакутуюць ад пасляродавай дэпрэсіі. Клопат пра сябе можа садзейнічаць зніжэнню гэтай рызыкі.