Здаровыя адносіны: бацькі і партнёры
Вы сталі бацькамі: як могуць змяніцца адносіны
Большасць пар, стаўшы бацькамі, перажываюць змены ў адносінах.
Для многіх пар такія змены пазітыўныя. Напрыклад, вы і партнёр можаце адчуць новы, якасна іншы ўзровень сувязі адзін з адным. Разам з тым магчыма з’яўленне некаторага напружання, якога не было ў вашых адносінах да таго, як вы сталі бацькамі.
Менш сну, менш часу на размовы, менш часу, які можна праводзіць толькі ўдваіх, — усё гэта можа адбіцца на адносінах, калі дома з’яўляецца дзіця.
Гэтыя змены і напружанне могуць выяўляцца ў тым, што вы часцей з чымсьці не згаджаецеся ці вам здаецца, што нешта ідзе не так. У вас можа не хапаць энергіі і сіл разбірацца з праблемамі, якія ўзнікаюць.
Адкрытасць у зносінах адзін з адным дапамагае захаваць прывычны лад жыцця і адаптавацца да змен. Такі падыход садзейнічае ўмацаванню адносін з партнёрам, а таксама з сябрамі і сваякамі.
Здаровыя адносіны: парады бацькам
Слухайце адзін аднаго
Уменне слухаць — самы важны камунікатыўны навык. Дзякуючы яму вы і партнёр адчуваеце, што вас чуюць, разумеюць і падтрымліваюць.
Уважліва слухаючы партнёра, вы можаце лепш зразумець яго пункт гледжання і пачуцці. Калі вы хочаце, каб ён слухаў вас, вам трэба быць гатовым пачуць і зразумець яго погляд на праблемы.
Каб паказаць партнёру, што вы сапраўды яго слухаеце, адкладзіце ўсе заняткі і звярніце ўсю вашу ўвагу на тое, што і як ён кажа.
Старайцеся падахвочваць партнёра да размовы, задаючы адкрытыя пытанні, напрыклад: «Што ты думаеш наконт…?». Дзякуючы ім абмеркаванне будзе больш поўным і падрабязным. Каб праверыць, наколькі правільна вы зразумелі думку партнёра, перакажыце яе сваімі словамі.
І памятайце: калі вы думаеце пра тое, што сказаць далей, значыць, вы не зусім уважліва слухаеце. Пастарайцеся засяродзіць сваю ўвагу на тым, што гаворыць партнёр. Вы нават можаце рабіць паметкі, калі баіцеся, што прапусціце нешта важнае.
Раскажыце партнёру пра свае пачуцці
Памятайце, што ваш партнёр не ўмее чытаць думкі! Калі вы дзеліцеся з ім сваімі расчараваннямі і страхамі, шчаслівымі хвілінамі і радасцямі, партнёру лягчэй зразумець, што вы перажываеце.
Пры зносінах імкніцеся выкарыстоўваць «я-сцвярджэнні», якія ўспрымаюцца значна больш пазітыўна, чым «ты-сцвярджэнні», бо апошнія могуць здацца крытыкай. Таму, калі вы гаворыце пра праблему, прытрымлівайцеся прыкладна такіх фармулёвак: «Мне крыху адзінока ад таго, што мы сталі праводзіць менш часу разам». Так сказаць лепш, чым: «Ты больш не праводзіш са мной час».
У пастаянных клопатах пра дзіця часам складана знайсці момант для размовы. Магчыма, для гэтага давядзецца спецыяльна выдзеліць час.
Прыміце змены
Паспрабуйце расцэньваць змены ў вашых адносінах як іх новую фазу, а не збой. Варта пагаварыць пра тое, як вы абое ўспрымаеце гэты новы этап і як з ім справіцца.
Калі высветліцца, што на новым этапе ўзніклі цяжкасці з сумесным баўленнем часу, паспрабуйце загадзя планаваць час для дваіх.
Вырашайце канфлікты
Па меры перажывання змен у вас будуць узнікаць разыходжанні ў меркаваннях. Пагаварыўшы пра гэта, вы зможаце лепш зразумець пункт гледжання адзін аднаго. Мець рознагалоссі — нармальна.
Напружанне паменшыцца, калі вы зможаце прыняць чужую пазіцыю і растлумачыць сваю ўласную. Выкарыстоўвайце прыведзеныя вышэй рэкамендацыі па эфектыўным слуханні, каб зразумець пункт гледжання партнёра, бо контратакі могуць толькі пагоршыць сітуацыю.
Імкніцеся прымаць такія рашэнні, якія падыходзяць вам абаім, асабліва ў пытаннях выхавання дзяцей. Бацькам важна быць «на адной хвалі», бо ўзгадненне такіх рэчаў, як распарадак дня, дысцыпліна і час сну, патрабуе каманднай работы.
Заставайцеся блізкімі, стаўшы бацькамі
Штодзённыя простыя знакі ўвагі, напрыклад пытанне пра тое, як прайшоў дзень («Што добрага здарылася?», «А што дрэннага?»), дапамогуць падтрымліваць сувязь паміж вамі.
Нават невялікія праявы клопату пра партнёра вельмі важныя. Гэта можа быць пададзены кубак чаю або прапанова паспаць, калі партнёр стаміўся.
Выдзяляйце крыху часу для вас дваіх
Час, які вы праводзіце толькі ўдваіх, — выдатны шанц зблізіцца, атрымаць асалоду ад размовы і ўмацаваць вашы адносіны.
Калі з’явіцца магчымасць, можна зрабіць наступнае:
- знайсці няню ці папрасіць блізкага сябра або сваяка пабыць з дзіцем, а самім схадзіць кудысьці павячэраць, прагуляцца ці наведаць кінатэатр;
- арганізаваць асаблівы вечар дома, напрыклад, прыгатаваць разам вячэру ці паглядзець фільм пасля таго, як дзіця засне;
- успомніць заняткі, якім вы любілі ўдзяляць час да таго, як сталі бацькамі, і падумаць, як да іх можна вярнуцца, нават калі зараз гэта будзе выглядаць крыху інакш.
Плануючы такія мерапрыемствы загадзя, вы павышаеце верагоднасць таго, што яны адбудуцца. Акрамя таго, у вас будзе нагода чакаць чагосьці з нецярпеннем.
Абуджайце інтымныя адносіны
Хочаце верце, хочаце не, але ў большасці выпадкаў сексуальныя адносіны ў пары рана ці позна аднаўляюцца. Маючы зносіны адзін з адным усё часцей і часцей, вы будзеце адчуваць сябе бліжэйшымі адзін да аднаго, што пойдзе на карысць вашаму сексуальнаму жыццю.
Калі вы занадта стаміліся ці занадта занятыя іншымі справамі, каб нават думаць пра секс, пагаварыце пра свае пачуцці з партнёрам. Як і ў выпадку з сумесным баўленнем часу, для інтымных адносін таксама можа спатрэбіцца некаторае планаванне.
Кантралюйце свае адносіны
Для гэтага адкрыта абмяркоўвайце змены, якія адбываюцца ў вашым жыцці. У прыватнасці, вашы ўражанні ад сваіх новых роляў і тое, як вы іх бачыце.
Калі ў людзей з’яўляюцца дзеці, часта на паверхню ўсплываюць пэўныя пытанні ці негатыўныя моманты ўласнага дзяцінства бацькоў. Абмяркоўваючы такія тэмы, вы зможаце лепш зразумець, як гэтыя моманты ўплываюць на тое, што вы робіце і гаворыце як бацькі.
Калі сітуацыя становіцца складанай, магчыма, трэба звярнуцца па падтрымку. Вы можаце пагаварыць з урачом-псіхатэрапеўтам або звярнуцца да псіхолага.