Этапы рашэння праблем для бацькоў
Чаму важна вырашаць праблемы
Тое, як бацькі спраўляюцца з праблемамі ці рознагалоссямі ў адносінах, уплывае на дзяцей.
Вырашаючы праблемы пазітыўна і канструктыўна, вы абараняеце дзяцей ад наступстваў канфлікту. Калі пара сумесна працуе над пошукам рашэнняў, адносіны ў сям’і становяцца больш шчаслівымі, здаровымі і моцнымі.
Калі вы разам вырашаеце праблемы, то:
- змагаецеся з цяжкасцямі, а не пазбягаеце іх;
- гаворыце і слухаеце паважліва і цярпліва;
- знаходзіце рашэнні, якія задавальняюць вас абаіх;
- адчуваеце сябе адной камандай.
Дзякуючы такому падыходу бацькоў дзеці набываюць важныя жыццёвыя навыкі.
Базавыя правілы вырашэння праблем
Перш чым прыступіць да ўрэгулявання праблем, рэкамендуецца ўстанавіць базавыя правілы. Лепш, калі ваша пара распрацуе іх разам.
Базавыя правілы могуць быць наступнымі:
- Кожны з вас можа ў любы час узняць пытанне для абмеркавання.
- Кожны з вас можа адмовіцца ад размовы і перанесці яе на іншы час — не больш чым на дзень пасля таго, як праблема была агучана ўпершыню.
- Калі дыскусія абвастраецца, кожны з вас можа аб’явіць паўзу, каб супакоіцца.
- Вырашайце праблемы ў патрэбны час у патрэбным месцы. У прыватнасці, калі дзяцей няма побач, калі ў вас дастаткова часу для абмеркавання і няма іншых тэрміновых спраў, такіх як, напрыклад, прыгатаванне вячэры, і калі вы абое спакойныя.
- Слухайце ўважліва, каб зразумець, што суразмоўца спрабуе да вас данесці.
- Дамоўцеся, што вы не будзеце абмяркоўваць канфліктныя тэмы ці праяўляць непавагу ў прысутнасці старонніх.
- Майце на ўвазе, што калі праблема ёсць у аднаго з вас, яна ёсць у абаіх.
Рашэнне праблем: алгарытм
1. Вызначце праблему.
Гаварыце пра яе дакладна і канкрэтна:
- Апішыце, што адбываецца, як часта і каго гэта датычыцца. Напрыклад: «У мяне адчуванне, што ў апошнія тры тыдні мы сварыліся нашмат часцей, чым звычайна».
- Засяродзьцеся на праблеме, а не на асобе. Напрыклад: «Мы толькі і робім, што займаемся хатнімі справамі ці возім дзяцей на спорт. Мы даўно не адпачывалі разам. Гэта адбіваецца на нашых адносінах».
- Прызнавайце свой уклад у стварэнне праблемы. Напрыклад: «Я ведаю, што часам сам пачынаў / сама пачынала сварку».
- Апішыце праблему нейтральна, нікога не вінавацячы. Для гэтага сфармулюйце яе ў выглядзе пытання. Напрыклад: «Можа абмяркуем, як нам знаходзіць час для сябе?».
2. Удакладніце, чаго хоча кожны з вас.
Выразна абазначайце, што важна для кожнага з вас. Задавайце пытанні, каб растлумачыць пазіцыі. Напрыклад:
- Чаму гэта так важна для кожнага з вас?
- Чаму гэтага хоча кожны з вас? Навошта гэта патрэбна кожнаму з вас?
- Чаму нехта з вас непакоіцца, баіцца?
- Чаму нехта з вас гэтага не хоча? Гэта не трэба камусьці з вас?
- Што ў гэтым такога страшнага?
Ваша мэта — дакладна разумець, чаго вы абое хочаце. Будзьце цярплівыя і ўважліва слухайце адказы адно аднаго.
3. Правядзіце мазгавы штурм.
Запішыце ўсе магчымыя рашэнні. Вось некалькі парад, якія дапамогуць пачаць мазгавы штурм:
- Прапаноўвайце ідэі па чарзе.
- Пастарайцеся прыдумаць як мага больш ідэй, нават калі некаторыя з іх здаюцца неактуальнымі. Накідайце не менш за 8–10 рашэнняў.
- Запісвайце ўсе ідэі. У адваротным выпадку той, чыю ідэю не прынялі, можа збянтэжыцца і больш нічога не прапаноўваць.
- Пачынайце абмяркоўваць ідэі толькі пасля таго, як прагучалі ўсе варыянты.
4. Ацаніце варыянты і выберыце адзін.
Разгледзьце ўсе варыянты рашэння праблемы, якія вы прыдумалі падчас мазгавога штурму, і скараціце спіс да аднаго пункта, які сапраўды можна рэалізаваць на практыцы. Вось некалькі парад:
- Выкрэслівайце ідэі, якія, на вашу ўзаемную думку, наўрад ці дапамогуць у вырашэнні праблемы.
- Калі нехта з вас лічыць, што ідэя можа спрацаваць, пакіньце яе ў спісе.
- Пералічыце перавагі і недахопы кожнай ідэі, якую вы пакінулі ў спісе. Спачатку разгледзьце перавагі — паспрабуйце знайсці станоўчае ў кожнай ідэі.
- Будзьце лаканічнымі, каб хапіла часу абмеркаваць усе варыянты са спіса.
- Выкрэслівайце ідэі, у якіх недахопаў відавочна больш, чым пераваг.
- Ацаніце варыянты, якія засталіся, па шкале ад 1 (зусім дрэнна) да 10 (вельмі добра).
- Выберыце рашэнне, якое вы абое згодны апрабаваць. Гэта неабавязкова будзе пераважны для кожнага з вас варыянт, але ён павінен быць зручны абаім.
Калі вы не можаце знайсці рашэнне, паўтарыце этап мазгавога штурму і паспрабуйце прыдумаць іншыя варыянты.
Па свежыя ідэі можна звярнуцца да сяброў ці членаў сям’і, якім вы абое давяраеце. Важна адзінадушша: магчыма, нехта з вас не хоча афішыраваць некаторыя канфліктныя пытанні.
Калі і гэта не спрацуе, дамоўцеся апрабаваць прапанаваныя кожным з вас рашэнні па чарзе.
5. Апрабуйце рашэнне.
Ажыццявіце прынятае рашэнне на практыцы, дамовіўшыся пра наступнае:
- хто, што, калі і дзе будзе рабіць;
- што адбудзецца, калі нехта з вас не зробіць тое, пра што дамовіліся;
- ці трэба адсочваць, наколькі добра працуе выбранае рашэнне;
- калі вы прааналізуеце эфектыўнасць рашэння.
Калі рашэнне датычыцца дзяцей, яны па магчымасці могуць паўдзельнічаць у яго практычным выкананні.
6. Аналіз.
Праз пэўны час прааналізуйце вынікі. У гэтым дапамогуць наступныя пытанні:
- Ці эфектыўнае прынятае рашэнне?
- Што спрацавала? Што не спрацавала?
- Што можна зрабіць, каб працэс ішоў больш гладка?
Калі дамоўленасць працуе, вы абое заўважыце, што канфліктаў стала менш. Калі не, задайце сабе наступныя пытанні:
- Ці было прынятае рашэнне рацыянальным?
- Кожны з нас і аддае, і атрымлівае?
- Правілы і абавязкі былі зразумелыя нам абаім?
- Калі дамоўленасць парушалася, ці былі ўлічаны наступствы і ці з’явіліся яны заканамернымі?
- Ці не ўзніклі іншыя пытанні, якія нам трэба абмеркаваць, перш чым рашэнне пачне працаваць?
Можа аказацца, што вам трэба пачаць працэс вырашэння праблемы наноў, каб знайсці лепшы варыянт.
Нармальна, калі праблема вырашаецца з пераменным поспехам, — можа прайсці 1–2 тыдні, перш чым усё наладзіцца.
Дапамога
Калі праца над праблемамі хвалюе ці злуе некага з вас, можна звярнуцца да сямейнага кансультанта. Спецыяліст дапаможа вызначыць прычыны канфлікту і знайсці практычныя рашэнні.
Добра, калі ваша пара можа наведваць кансультацыі разам. Калі нехта з вас не хоча ўдзельнічаць, другому ўсё роўна ёсць сэнс звярнуцца па дапамогу самастойна.
Калі вы падвяргаецеся хатняму гвалту, патэлефануйце на гарачую лінію, звярніцеся па падтрымку і зрабіце ўсё магчымае для ўласнай бяспекі і бяспекі дзяцей.