Сумесная праца бацькоў: чаму гэта важна
Аб сумеснай рабоце бацькоў
Камандная праца — гэта праца абаіх бацькоў, якая прадугледжвае сумесны падыход да выхавання і развіцця дзяцей, сумеснае прыняцце рашэнняў, а таксама падтрымку адзін аднаго.
Размова ідзе пра раздзяленне хатніх спраў і абавязкаў па доглядзе дзяцей, пра ўзгадненне рэжымных момантаў або пытанняў выхавання, дысцыпліны, а таксама пра размеркаванне сямейнага даходу.
Чаму бацькоўская камандная праца мае важнае значэнне для вашых дзяцей
Прыклад таго, як вы і ваш партнёр узаемадзейнічаеце адзін з адным, аказвае вялікі ўплыў на вашых дзяцей.
У сітуацыі, калі бацькі бачаць сябе камандай і супрацоўнічаюць паміж сабой, дзеці адчуваюць сябе камфортна і ў бяспецы. У іх перад вачыма прыклад не толькі паважлівага стаўлення адзін да аднаго, але і пабудовы гарманічных адносін.
З іншага боку, калі дзеці становяцца сведкамі пастаянных канфліктаў паміж бацькамі, то з вялікай верагоднасцю ў іх будуць узнікаць праблемы з паводзінамі і развіццём.
Чым бацькоўскае партнёрства важнае для вас
Калі вы дзейнічаеце ў камандзе са сваім партнёрам, вы будзеце адчуваць сябе больш шчаслівымі, задаволенымі сваімі ролямі бацькоў і сямейным жыццём. Вам таксама будзе камфортней праводзіць час з сям'ёй.
Для таго каб пабудаваць гарманічныя стасункі са сваім партнёрам, вам трэба паклапаціцца пра сябе і свае адносіны.
Напрыклад, умацаванне здароўя, кіраванне стрэсам і клопат пра сябе могуць даць вам больш сіл для падтрымкі сябе, вашага партнёра і дзяцей. Гэта дапаможа вам атрымаць больш задавальнення ад бацькоўскай ролі.
Варта прысвячаць час падтрыманню цёплых і напоўненых каханнем адносін з партнёрам. Клопат пра дзяцей і сумяшчэнне працы, сямейныя абавязкі і час для сябе — усё гэта мае сваёй перадумовай наяўнасць партнёрскіх адносін, пабудаваных на каханні. Калі вы праводзіце час удваіх, вы з партнёрам станеце больш блізкімі і адчуеце вялікую падтрымку. Бацькоўскае ўзаемадзеянне можа зрабіць сумеснае выхаванне дзяцей больш прыемным.
Навыкі сумеснай працы бацькоў
Супрацоўніцтва паміж бацькамі становіцца прасцейшым з часам і практыкай. Аднак існуюць пэўныя навыкі, якія дапамогуць вам і вашаму партнёру добра ўзаемадзейнічаць у сямейнай камандзе. Да іх можна аднесці наступныя:
- вырашэнне праблем — азначае пошук новых і творчых прыёмаў у сітуацыях, калі ў вас узніклі цяжкасці або вы не можаце працаваць над сваімі праблемамі;
- кіраванне канфліктам — прадугледжвае кіраванне рознагалоссямі і іх вырашэнне ў супрацоўніцтве і ў пазітыўным ключы;
- уменне гаварыць і слухаць — мае на ўвазе такія зносіны, якія дапамагаюць вам наладзіць сувязь і ўмацаваць вашыя адносіны;
- аказанне ўзаемнай падтрымкі — азначае разуменне і падтрыманне мэт адзін аднаго;
- прыняцце адзін аднаго — мае на ўвазе ў прыватнасці прыняцце адрозненняў адзін аднаго і прызнанне іх каштоўнасці.
Сумесная праца бацькоў пасля расстання (разводу)
Супрацоўніцтва паміж бацькамі неабходнае нават пасля расстання (разводу), але яно бывае праблемным. Сумеснае выхаванне часта азначае, што вам неабходна кантраляваць мноства рэчаў, якія датычацца развіцця дзіцяці і яго догляду, напрыклад, графік наведвання ўрачоў у адпаведнасці з узростам дзіцяці.
Калі паміж вамі і вашым былым партнёрам узнікаюць канфлікты, важна вырашаць іх пазітыўна, паважліва і па-дзелавому. Такі прыклад дапаможа вашаму дзіцяці ў дарослым узросце, бо ён вучыць такім каштоўным навыкам, як уменне слухаць, знаходзіць кампрамісы і ўступаць партнёру. Аднак працяглы канфлікт паміж бацькамі, якія разышліся, не прынясе карысці дзецям.
Калі ў вас няпоўная сям'я, вам часам можа здавацца, што вы робіце ўсё ў адзіночку. Але гэта не заўжды так. Сваякі, блізкія, сябры, бацькоўскія супольнасці могуць стаць для вас добрай дапамогай.
Калі складана выхоўваць дзяцей у камандзе
Бываюць выпадкі, калі вам і вашаму партнёру цяжка дзейнічаць у камандзе. Падобныя цяжкасці могуць адбывацца падчас розных змен у жыцці, напрыклад, калі маці/бацька вяртаецца на працу ці дзіця ідзе ў першы клас. Натуральныя змены ў жыцці могуць паўплываць на адносіны супрацоўніцтва паміж партнёрамі, паколькі яны ўздзейнічаюць на сталы сямейны ўклад.
Калі ў вашай сям'і ўзніклі рознагалоссі або пачасціліся канфлікты, вы можаце звярнуцца па прафесійную дапамогу да спецыялістаў па сямейным кансультаванні. Калі вы разумееце, што маеце патрэбу ў канструктыўных рашэннях канфліктных сітуацый, звярніцеся па дапамогу разам з вашым партнёрам.
Калі ён/яна адмаўляецца ісці з вамі на кансультацыю, варта звярнуцца па дапамогу, нават калі вы будзеце адзін/адна.
Калі вы падвяргаецеся гвалту ў сям'і, абавязкова звярніцеся ў службу экстраннай псіхалагічнай дапамогі (тэлефон даверу) або ў іншыя службы па вашым месцы пражывання. Звярніцеся па падтрымку і зрабіце ўсё неабходнае для забеспячэння вашай бяспекі і бяспекі вашых дзяцей.