Зносіны паміж бацькамі: як размаўляць з партнёрам
Чаму ў адносінах важна размаўляць
Зносіны спрыяюць узаемаразуменню. Размова з партнёрам аб паўсядзённых рэчах, напрыклад аб тым, што вы робіце і як вы абое сябе адчуваеце, — гэта адзін з асноўных спосабаў падтрымання сувязі паміж вамі. Такое ўзаемадзеянне дапаможа вам з партнёрам прадухіляць канфлікты і вырашаць праблемы.
Гэта значыць, што размаўляць важна ў пазітыўным рэчышчы. Тое, што вы гаворыце і як вы гаворыце, у тым ліку мова цела, уплывае на тое, як партнёр разумее вас і рэагуе на сказанае вамі.
Эфектыўная камунікацыя мае на ўвазе ўменне слухаць. Валодаючы добрымі навыкамі актыўнага слухання, вы можаце зразумець, што менавіта хоча данесці партнёр, і дапамагчы яму адчуць сябе пачутым і значным.
Размова і зносіны: асноўныя крокі
Канструктыўная размова пачынаецца з некалькіх простых крокаў:
- выбраць момант;
- быць пазітыўным;
- быць лаканічным;
- браць адказнасць за свае пачуцці на сябе;
- не гаварыць крыўдных рэчаў.
Крок 1. Выбраць момант
Лепш за ўсё размаўляць з партнёрам у спакойным стане, калі ў вас абаіх ёсць час, каб выслухаць адзін аднаго, калі побач няма дзяцей ці яны спяць.
Калі трэба абмеркаваць няпростую праблему, магчыма, лепш будзе пачакаць, пакуль яна вырашыцца, або пагаварыць пра яе пазней, калі цяпер вы або партнёр вельмі засмучаны або злуяцеся.
Часам лепш адмовіцца ад абмеркавання дробязей і засяродзіцца на важным. Перш чым пачынаць размову з партнёрам, спытайце сябе, ці настолькі важнае пытанне, якое вы збіраецеся ўзняць.
Крок 2. Быць пазітыўным
Усім падабаецца, калі іх цэняць, таму шукайце магчымасць гаварыць партнёру прыемныя рэчы. Напрыклад: «Я вельмі цаню, што ты кожны вечар дапамагаеш мне з вячэрай і купаннем».
Калі партнёр прывык чуць ад вас пахвалу і атрымліваць падтрымку, ён з большай верагоднасцю прыслухаецца да вас, калі вы загаворыце аб якой-небудзь праблеме. Гаварыць пра іх можна і ў пазітыўным рэчышчы. Напрыклад: «Так цудоўна, калі ты дома падчас вячэры і купання. Апошнія некалькі дзён мне вельмі не хапала тваёй дапамогі».
Будаваць зносіны будзе прасцей і прыемней, калі выкарыстоўваць адкрытую мову цела, напрыклад:
- сядзець ці стаяць у расслабленай позе;
- старацца не хмурыцца і не выглядаць занадта сур'ёзна;
- падтрымліваць зрокавы кантакт з партнёрам;
- сядзець ці стаяць побач адзін з адным.
Вас можа здзівіць, наколькі часта ў доўгатэрміновых адносінах губляюцца асновы ветлівасці. Словы «калі ласка» і «дзякуй» могуць вельмі дапамагчы ў размове з партнёрам!
Крок 3. Быць лаканічным.
Доўгія і шматслоўныя тлумачэнні гучаць як лекцыя, а таксама абцяжарваюць разуменне.
Замест гэтага можна падумаць пра тое, што вашаму партнёру важней за ўсё пачуць, а затым паспрабаваць данесці гэта як мага карацей. Напрыклад: «Ваня хоча, каб ты прыйшоў на яго канцэрт у гэтыя выхадныя. Але канцэрт у адзін час з тваёй трэніроўкай. Як думаеш, зможаш прапусціць яе на гэтым тыдні?».
Часам могуць узнікаць дадатковыя пытанні і праблемы, але лепш засяродзіцца на галоўным. Напрыклад: «Я ведаю, што ў цябе зараз амаль няма часу для сябе, і мы можам пагаварыць пра гэта пазней, але спачатку давай вырашым, ці зможаш ты быць на Ваніным канцэрце».
Крок 4. Браць адказнасць за свае пачуцці на сябе
Замест таго, каб падкрэсліваць, што ваш партнёр робіць ці не робіць, лепш падзяліцца сваімі ўласнымі пачуццямі і думкамі аб сітуацыі, асабліва такімі, як неспакой, сумневы ці сум.
У гэтым могуць дапамагчы «я-сцвярджэнні». Напрыклад, можна сказаць так: «Ты ўвесь час у тэлефоне ці наўтбуку. А мне трэба і вячэру гатаваць, і дзяцей даглядаць». Але лепш сфармуляваць інакш: «Я вельмі нервуюся, калі гатую ў спешцы. Мне было б лягчэй, каб дзеці ў гэты час былі нечым занятыя. Мог бы (магла б) ты дапамагаць з гэтым падчас прыгатавання вячэры?»
Пры такім падыходзе ваш партнёр лягчэй пойдзе на кантакт і не будзе адчуваць, што на яго нападаюць.
Крок 5. Не гаварыць нічога крыўднага
Пэўныя выказванні могуць абразіць пачуцці партнёра, з-за чаго ён нават можа не захацець вас слухаць. Таму пастарайцеся не рабіць наступнага:
- выкарыстоўваць абразлівыя фразы, напрыклад: «Ты бесталковы (бесталковая)!»;
- успамінаць мінулае, напрыклад: «Усё так, як і ў мінулы раз»;
- ставіць пад сумнеў намеры ці матывацыю партнёра, напрыклад: «Табе проста ўсё роўна»;
- рабіць бескарысныя параўнанні, напрыклад: «Ты такая (такі) ж, як твая маці!»
Таксама лепш пазбягаць фраз, якія сцвярджаюць думку, што хтосьці заўсёды не мае рацыі ці не прыкладае намаганняў, напрыклад: «Ты заўсёды...» і «Ты ніколі...». Гэтыя сцвярджэнні таксама могуць паставіць вашага партнёра ў пазіцыю абароны.
Размаўляць адзін з адным трэба не толькі тады, калі ўзнікла праблема. Калі вы рэгулярна знаходзіце час, каб дзяліцца думкамі і пачуццямі і атрымліваць асалоду ад кампаніі адзін аднаго, гэта добра ўплывае на вашы зносіны і адносіны ў цэлым. А таксама з'яўляецца выдатнай трэніроўкай на выпадак, калі сапраўды трэба будзе пагаварыць пра праблемы.
Дапамога ў зносінах адзін з адным
Ва ўсіх адносінах бываюць узлёты і падзенні. Але калі ў большасці выпадкаў пасля размовы з партнёрам вы засмучаны ці ў вас ёсць адчуванне, што вы не можаце данесці свае пачуцці, паспрабуйце пагаварыць з кімсьці яшчэ, напрыклад з блізкім сябрам, членам сям'і ці ўрачом.
Карыснымі могуць аказацца кансультацыі для пар. Калі партнёр не хоча іх наведваць, усё роўна варта звярнуцца па дапамогу, нават адной (аднаму).
Калі вы сутыкнуліся з сямейным гвалтам, патэлефануйце на гарачую лінію, звярніцеся па падтрымку і зрабіце ўсё неабходнае для забеспячэння сваёй бяспекі і бяспекі вашых дзяцей.