Усвядомленасць

Усвядомленасць — здольнасць канцэнтраваць увагу на тым, што адбываецца ў пэўны момант часу, прама зараз. Яна паляпшае эмацыянальны і фізічны стан і дапамагае спраўляцца са стрэсам, трывогай і дэпрэсіяй. Таксама яна дапамагае дзецям па меры сталення мінімізаваць стрэс падчас вучобы, заняткаў і гульняў.
Body

Усвядомленасць: асновы

Наша псіхіка ўвесь час знаходзіцца ў стане актыўнасці. Вы глядзіце тэлевізар, але пры гэтым думаеце пра мінулае, турбуецеся пра штосьці ці вырашаеце, што прыгатаваць на вячэру.

Усвядомленасць — гэта здольнасць, якая рэгулюе нашу ўвагу і дапамагае псіхіцы стабілізавацца і пераарыентавацца. У гэтага тэрміна ёсць некалькі азначэнняў, у тым ліку:

  • поўная канцэнтрацыя на кожным моманце, які вы пражываеце ў дадзены час;
  • свядомая мэтанакіраваная ўвага да таго, што адбываецца ў бягучы момант, без ацэнкі.

Маецца на ўвазе, што вы разумееце сутнасць кожнага моманту свайго жыцця менавіта тады, калі ён надыходзіць. Так вы можаце супакоіцца, засяродзіцца і сканцэнтравацца на тым, што робіце.

Вы можаце быць уважлівыя да свайго ўнутранага свету, напрыклад да адчуванняў, дыхання, эмоцый. Ці можаце засяродзіцца на тым, што вас акружае, напрыклад, на прыгожых краявідах, гуках і пахах.

Практыкаваць усвядомленасць можна ў любым месцы і ў адносінах да ўсяго. Напрыклад, калі вы едзеце, гуляеце, слухаеце музыку, адпачываеце.

Штодзённая ўсвядомленасць

Развіваць і практыкаваць усвядомленасць можна нават выконваючы штодзённыя дзеянні. Чым больш вы практыкуецеся, тым больш карысці атрымаеце.

Дзяцей таксама можна заахвочваць да развіцця ўсвядомленасці. Па сутнасці гэта значыць, што дзіця павінна рабіць тое, што яно і так рабіла б. Малыя дзеці ад прыроды ўважлівыя, таму што кожны новы вопыт для іх цікавы і захапляльны.

Варта заахвочваць дзіця жыць тут і зараз, тады яно навучыцца спраўляцца са стрэсам, звязаным з гульнёй, вучобай або працай, калі стане старэйшым.

Ёсць шмат спосабаў дапамагчы дзіцяці развіваць і практыкаваць усвядомленасць. Напрыклад:

  • Размалёўванне — выдатны для дзіцяці варыянт засяродзіцца на задачы.
  • Сямейная прагулка на прыродзе. Можа заахвоціць дзіця да спазнання яе прыгажосці. Дзеці могуць збіраць і разглядаць восеньскае лісце ці адчуваць пясок пад нагамі падчас прагулкі па пляжы.
  • Фатаграфаванне або маляванне чагосьці цікавага ці прыгожага, напрыклад марской ракавінкі або насякомага. Такі занятак вучыць дзіця ўглядацца ў дэталі.
  • Догляд агарода. Дзякуючы гэтаму дзіця заўважае, як растуць расліны.
  • Слуханне музыкі. Засяроджваючы ўвагу на гуку інструментаў ці словах песні, дзіця канцэнтруецца на бягучым моманце і не пераключае ўвагу.

Медытацыя ўсвядомленай прысутнасці

Медытацыя ўсвядомленай прысутнасці накіравана на максімальнае ўсведамленне быцця. Дадзеная тэхніка спалучае ў сабе медытацыю, тэхнікі дыхання і ўвагі да бягучага моманту, яе мэта — дапамагчы вам зразумець, што вы думаеце і адчуваеце і як дзейнічаеце.

Медытацыю ўсвядомленай прысутнасці можна выконваць з інструктарам або выкарыстоўваць для гэтага спецыяльны дадатак ці кампакт-дыск.

Калі вы ці ваша дзіця хочаце заняцца медытацыяй усвядомленай прысутнасці, важна ў гэты час не думаць пра дрэннае і сумнае. Калі ў вас з гэтым складанасці, дасведчаны кансультант дапаможа разабрацца з вашым складам думак і засяродзіцца на пазітыўным.

Усвядомленасць: пацвярджэнне карысці

Варта адзначыць, што існуюць пэўныя пацвярджэнні таго, што практыка ўсвядомленасці карысная для здароўя дарослых.

У прыватнасці, даследаванні даказваюць, што практыка канцэнтрацыі ўвагі на бягучым моманце спрыяе павышэнню стрэсаўстойлівасці і мінімізуе іншыя складанасці, звязаныя з псіхічным здароўем. Кагнітыўная тэрапія, заснаваная на ўсвядомленасці, дапамагае людзям з дэпрэсіяй заставацца ў стабільным стане і прадухіляе аднаўленне дэпрэсіі. Гэты метад можа быць такім жа эфектыўным, як і прыём антыдэпрэсантаў.

Канцэнтрацыя ўвагі на сітуацыі «прысутнасці» памяншае трывожнасць і спрыяе паляпшэнню сацыяльных навыкаў, дапамагае спраўляцца з эмоцыямі.

Даследаванняў на тэму практыкі ўсвядомленасці ў дзяцей і падлеткаў пакуль не так многа, таму мы не ведаем, наколькі яна эфектыўная для гэтай катэгорыі людзей. Варта адзначыць: з’яўляецца ўсё больш доказаў таго, што ўсвядомленасць дапамагае ў вучобе, прыняцці рашэнняў, спрыяе развіццю эмацыянальнага інтэлекту, упэўненасці ў сабе і ўмення размаўляць з іншымі людзьмі.