Навучанне дзіцяці да дашкольнага ўзросту
Аб навучанні ў раннім узросце
Немаўляты нараджаюцца гатовымі да навучання, і іх мозг развіваецца ў працэсе таго, як дзіця ім карыстаецца. Вашаму дзіцяці патрэбна стымулюючае асяроддзе з мноствам розных спосабаў навучання праз гульню і дзейнасць.
Немаўляты і малыя дзеці лепш за ўсё вучацца, калі ў іх цёплыя, зацікаўленыя і спагадлівыя адносіны са сваімі бацькамі. Вы першы настаўнік свайго дзіцяці, але не ў фармальным «школьным» сэнсе. Заахвочвайце яго да ранніх даследаванняў і гульняў, выяўляйце любоў і служыце прыкладам, тады ваша дзіця будзе працягваць вучыцца ў вас, калі падрасце.
Як вучацца немаўляты і малыя дзеці
Ваша дзіця лепш за ўсё вучыцца, актыўна ўзаемадзейнічаючы са сваім асяроддзем, а не проста пасіўна седзячы. Яно можа ўзаемадзейнічаць з тым, што яго акружае, наступным чынам:
- назіраць за цікавымі рэчамі, за тварамі, рэагаваць на галасы;
- слухаць і ўтвараць гукі, спяваць;
- даследаваць — напрыклад, браць прадметы ў рот (галоўнае памятаць пра бяспеку), трэсці і перакульваць прадметы;
- задаваць пытанні;
- эксперыментаваць з рознымі тэкстурамі і матэрыяламі, такімі як вада, пясок ці гразь;
- рабіць тое, што стымулюе ўсе пачуцці, — дотык, смак, нюх, зрок і слых.
Ваша дзіця таксама можа вучыцца нечаму побач з вамі. Напрыклад, яно робіць гэта, калі:
- выбірае кнігі для чытання;
- паказвае на малюнкі ў кнігах;
- выбірае цацкі для гульні;
- збірае гародніну на вячэру;
- адмярае муку для кексаў.
Калі ў вашага дзіцяці ёсць магчымасць паспрабаваць рабіць розныя паўсядзённыя справы (дома, на вуліцы, актыўна ці спакойна і г. д.), значыць, у яго ёсць многа спосабаў прымяніць свае веды на практыцы.
У працэсе навучання дзіцяці патрэбна ваша падтрымка. Напрыклад, часам яму можа спатрэбіцца, каб вы паказалі, што рабіць, ці матывавалі і заахвочвалі яго пахвалой. Але пры гэтым важна, каб ваша дзіця рабіла памылкі і само даведвалася, як уладкаваны свет, — гэта істотная частка навучання.
Як вы і ваша сям’я дапамагаеце свайму малому дзіцяці вучыцца
Вы і ваша сям’я адыгрываеце жыццёва важную ролю ў тым, чаму ваша дзіця навучыцца ў гэтыя раннія гады. Гэта адбываецца кожны дзень:
«Я» і адносіны
Ад вас і вашай сям’і дзіця даведваецца, што яго любяць і цэняць. Яно вучыцца даверу — напрыклад: «Я ведаю, што ты будзеш побач, калі я ўпаду».
Мова і зносіны
Калі вы размаўляеце з дзіцем, слухаеце яго, чытаеце і спяваеце разам, вы дапамагаеце яму вывучаць мову, разумець сутнасць пісьмовых і вусных зносін, а таксама развіваць навыкі вядзення дыялогу, такія як уменне слухаць і гаварыць па чарзе.
Прастора, месца і асяроддзе
Вывучаючы прадметы вакол сябе, дзіця даведваецца пра памеры і формы — напрыклад: «Я большы, чым наша табурэтка, але не такі вялікі, як наш стол». Яно таксама пачынае разумець сваё месца ў грамадстве і свой уплыў на навакольны свет. Напрыклад: «Мой дом знаходзіцца на гэтай вуліцы, парк знаходзіцца далей, а мой сябар жыве на іншай вуліцы» або «Расліны выраслі, таму што я дапамагаў іх паліваць».
Здароўе і фізічная падрыхтоўка
Калі справа даходзіць да здаровага харчавання і фізічнай актыўнасці, вы становіцеся для свайго дзіцяці галоўным прыкладам для пераймання. Калі вы выбераце на падвячорак яблык, а не цукерку, ваша дзіця, хутчэй за ўсё, зробіць тое ж самае. Калі вы ідзяце гуляць, а не глядзіце тэлевізар, ваша дзіця даведаецца, што прагулка — гэта добры і цікавы спосаб правесці час разам.
Уменне лічыць, пісьменнасць, почырк і музыка
Вы дапамагаеце дзіцяці развіць навыкі ліку з дапамогай паўсядзённага лічэння — напрыклад: «Колькі мядзведзяў на малюнку?» або «Давай пакладзем усе чырвоныя мячыкі ў гэты кошык?». Ці, скажам, вы можаце праспяваць з дзіцем дзіцячыя вершыкі, у якіх ёсць лікі.
Ваша дзіця рана развівае пісьменнасць, чытаючы і расказваючы вам гісторыі, гуляючы ў простыя гульні з гукамі і літарамі, напрыклад, прыслухоўваючыся да слоў, якія пачынаюцца з аднаго і таго ж гука, і звяртаючы ўвагу на малюнкі, літары і словы вакол сябе.
Навыкі пісьма вашага дзіцяці развіваюцца, калі вы заахвочваеце яго да малявання крамзоляў і пісьма «не па-сапраўднаму». Напрыклад, калі вы складаеце спіс пакупак, то можаце даць дзіцяці паперу і аловак, каб яно магло далучыцца. «Пісьмо» таксама дапамагае вашаму дзіцяці зразумець сувязь паміж літарамі і вымаўленымі гукамі.
Спевы з дзіцем, уключэнне музыкі, каб яно магло танцаваць, наяўнасць музычных інструментаў (падыдуць і самаробныя) і адзення для пераапранання, якое можна выкарыстаць падчас гульні, — усё гэта выдатныя спосабы даць зразумець дзіцяці, што такое музыка, танец і акцёрская ігра.
Стымулюючы ў дзіцяці жаданне спрабаваць новае, вы дапамагаеце яму больш даведацца пра тое, хто яно і што ў яго добра атрымліваецца.