Стымуляванне сацыяльна-эмацыянальнага развіцця ў 3–6 месяцаў
Дзіцяці трэба бачыць ваш твар, чуць ваш голас і адчуваць, што вы побач
Старайцеся знаходзіцца тварам да твару з дзіцем: калі яно ў ложачку, у час купання, кармлення, пераадзявання. Глядзіце на дзіця, размаўляйце з ім, звяртаючыся да яго па імені. Старайцеся рабіць гэта як мага часцей, калі вы побач. Напрыклад, калі мяняеце падгузнік, называйце часткі цела, агучвайце вашы дзеянні, усміхайцеся дзіцяці. Спявайце яму калыханкі. Стройце міны і сачыце за тым, як дзіця рэагуе. Часам яно будзе спрабаваць паўтараць за вамі. Памятайце, рэгулярныя штодзённыя справы, такія як змена падгузнікаў і кармленне, з'яўляюцца цудоўнай магчымасцю для ўзаемадзеяння, не прапускайце яе.
Калі вы размаўляеце з дзіцем або спяваеце яму, ваш голас больш актыўна стымулюе фарміраванне ў яго нейронавых сувязей. Голас блізкага чалавека будзе заахвочваць дзіця да таго, каб рэагаваць — яно можа ўважліва вас разглядаць, усміхацца, адказваць голасам або рухамі цела. Паказвайце, што радуецеся гэтаму, і дзіця будзе адчуваць, што вам прыемна. Можаце ўключыць добрую музыку, але яна не заменіць ваш голас.
Насіце дзіця на руках, дакранайцеся да яго, пяшчотна абдымайце. Калі вы ласкава прыціскаеце дзіця да сябе, яно адчувае любоў і бяспеку. Падобнымі дзеяннямі вы не распесціце яго. Калі дзіця адчувае, што яго любяць і што яно ў бяспецы, яму спакойна, яно цікаўнае, больш настроена на даследаванне свету вакол і на новыя ўражанні.
Назірайце за дзіцем і рэагуйце на праяўленне ім пачуццяў
Дзіця пачынае распазнаваць вашы пачуцці і рэагуе на іх. Яго эмацыянальны стан і ваш адказ на яго паводзіны — гэта адзінае цэлае. Ваша рэакцыя і дзеянні дапамагаюць дзіцяці рэгуляваць інтэнсіўнасць уласных пачуццяў, супакойвацца і адчуваць сябе больш упэўнена ва ўзаемадзеянні з вамі.
Пяшчотна выказвайце свае пачуцці, знаходзячыся побач з дзіцем, і ўважліва назірайце за яго рэакцыяй. Прагаворвайце эмоцыі, якія бачыце. Паказвайце, што вам радасна, калі вы з ім, кажыце дзіцяці, як моцна яго любіце.
Важна заўважаць, калі дзіця глядзіць на вас ці спрабуе дацягнуцца, — гэта значыць, што яно хоча зносін з вамі. Старайцеся адказаць яму. Ваша рэакцыя дапаможа дзіцяці зразумець яго ўласныя жаданні і засвоіць, што вы таксама хочаце з ім узаемадзейнічаць. Менавіта дзякуючы такім зносінам з блізкім чалавекам дзіця адчувае, што яго любяць, цэняць і што яно ў бяспецы.
Часам у дзіцяці бывае дрэнны настрой ці самаадчуванне. Яму вельмі патрэбна ваша падтрымка і дапамога — вы можаце зрабіць так, каб яму стала лягчэй, або ліквідаваць прычыны дыскамфорту. Ваша ўраўнаважанасць і спакой, мяккія рухі і пяшчотны голас многа значаць для дзіцяці.