Эмацыянальная сувязь з немаўлём
Моцная эмацыянальная сувязь з вамі паслужыць асновай для гатоўнасці і смеласці вашага дзіцяці даследаваць, вывучаць і спазнаваць навакольны свет. Гэтыя адносіны не фарміруюцца самі па сабе, а складваюцца з мноства ўзаемадзеянняў з першага моманту сумеснага жыцця бацькоў і дзіцяці.
Body
Ваша моцная эмацыянальная сувязь з дзіцем будуецца перш за ўсё на тым, як вы праводзіце час разам, на вашай здольнасці бачыць свет вачыма дзіцяці, разумець яго патрэбы і дэманстраваць гатоўнасць мякка і паслядоўна рэагаваць на іх. Зносіны з немаўлём у першую чаргу залежаць ад таго, наколькі добра вы яго ведаеце. Ніжэй пералічаны асноўныя прынцыпы, на якіх павінны грунтавацца першыя крокі на шляху развіцця ўстойлівай эмацыянальнай сувязі паміж вамі і дзіцем.
Кожны дзень удзяляйце час асабістаму ўзаемадзеянню з дзіцем
- Догляд нованароджанага, уласнае аднаўленне і наладжванне новага распарадку дня — усё гэта можа вельмі стамляць. Вось чаму важна выдзяляць хаця б непрацяглыя перыяды часу толькі для сябе і дзіцяці. У гэтыя моманты вы не павінны думаць пра іншыя рэчы, звязаныя з хатняй гаспадаркай ці іншымі клопатамі, вам важна цалкам прысвяціць сябе зносінам і «размове» з немаўлём. Будзьце побач, каб яно магло бачыць, чуць вас і выпадкова дакранацца да вас, калі робіць нейкія рухі. Гаварыце ласкавым голасам, дакранайцеся да яго і старайцеся захоўваць зрокавы кантакт як мага даўжэй. Ваша непадробная ўвага стане добрым стымулам для дзіцяці, дзякуючы чаму яно будзе вучыцца расслабляцца, атрымліваць асалоду ад спакойнага і пяшчотнага кантакту з вамі, прывязвацца да вас.
Пяшчотна дакранайцеся да свайго дзіцяці, абдымайце, гладзьце яго
- Немаўляты актыўна рэагуюць на дотыкі і вельмі адчувальныя да іх. Дакранайцеся да дзіцяці як мага часцей: падчас купання, пераапранання, кармлення, а таксама калі проста праводзіце час разам.
Заўсёды рэагуйце, калі дзіця плача
- Праявай вашага клопату можа быць голас і нават проста тое, што вы бераце дзіця на рукі, гушкаеце яго і прыціскаеце да сябе. Так дзіця разумее, што вы заўсёды абароніце і суцешыце яго. Менавіта праявы клопату і ўвагі выклікаюць у вашага дзіцяці адчуванне бяспекі.
Насіце дзіця на руках
- У самым раннім узросце старайцеся трымаць дзіця як мага бліжэй да свайго цела. Для немаўлят у першыя дні жыцця асабліва важны цялесны кантакт.
- Дзіця немагчыма «прывучыць» да таго, што яго носяць на руках, і тым самым разбалаваць. Даследаванні паказваюць, што дакрананні і фізічны кантакт у першыя дні жыцця дзіцяці — лепшая крыніца адчування бяспекі і магчымасць для навучання, а таксама аптымальны спосаб для ўстанаўлення сувязі паміж дзіцем і яго бацькамі.
Сачыце за фізічнай бяспекай дзіцяці
- Некаторы час пасля нараджэння дзіцяці абавязкова падтрымлівайце яго галаву; будзьце ўважлівыя, калі змяняеце становішча яго цела; вызначце, якія позы лепш падыходзяць для таго, каб дзіця магло рухацца, назіраць і кантактаваць з вамі і навакольным светам.
Размаўляйце з дзіцем з першага дня
- Памятайце, што ваш голас павінен быць мяккім, ціхім, лагодным. Не абавязкова выкарыстоўваць дзіцячы лепет; гаварыце простымі зразумелымі словамі, абавязкова мякка. Вы можаце казаць што заўгодна: паведамляйце, што вы робіце, пра што думаеце, расказвайце казкі. Калі вы з першага дня будзеце размаўляць з дзіцем, спачатку гэта дапаможа яму навучыцца пазнаваць ваш голас, а пазней стане асновай для маўленчага развіцця.
Калі вы гаворыце ці спяваеце, падтрымлівайце з дзіцем візуальны кантакт
- Старайцеся дэманстраваць дзіцяці разнастайную міміку і інтанацыі. Шырока ўсміхайцеся і прыкметна мяняйце выраз твару ў адпаведнасці з тым, што вы гаворыце і як. Змяняйце тэмбр і вышыню голасу падчас размовы. Гэта дазволіць вам утрымліваць увагу вашага дзіцяці і навучыць яго канцэнтравацца на цікавых аб’ектах.