Стымуляванне сацыяльна-эмацыянальнага развіцця ў 0–3 месяцы
Важна быць побач
• Будзьце паблізу або разам з дзіцем. Знаходзячыся побач, вы дапамагаеце яму больш выразна адчуваць вас і адаптавацца да новага вопыту. З часам дзіця будзе прывучацца ўспрымаць вас рознымі органамі пачуццяў: вылучаць ваш твар, чуць ваш голас, адчуваць пах і дотык. Яно пачынае пазнаваць і шукаць вас. Дзіця адчувае сябе ў бяспецы, калі вы знаходзіцеся побач.
• Калі ваша дзіця прачнулася, адпачыла і мае добры настрой, яму хочацца назіраць за навакольным светам. У гэты перыяд дзіця любіць прыслухоўвацца да вашага голасу, яго вельмі захапляе ваш твар. Выкарыстоўвайце гэты час. Паназірайце за паводзінамі і рэакцыяй дзіцяці. Ваша ўсмешка будзе заахвочваць яго да ўсмешкі ў адказ. Рух вашых вуснаў і ваш голас дапамогуць дзіцяці пачаць шавяліць губамі і ўтвараць гукі. Вашы дотыкі супакояць дзіця, калі яно нервуецца.
Важна падтрымліваць эмацыянальны кантакт
• Старайцеся знаходзіцца твар у твар з дзіцем. Звяртайцеся да яго па імені, размаўляйце падчас кармлення, купання, пераадзявання, спявайце яму. Сваімі дзеяннямі дапамажыце дзіцяці адчуць тую любоў, якую вы адчувае да яго, будзьце пяшчотнымі.
• Уважліва назірайце за першымі праяўленнямі жаданняў, паспрабуйце зразумець пачуцці і намеры, якія заўважны ў паводзінах і дзеяннях вашага дзіцяці. Яго ўсмешка накіравана на вас як запрашэнне да зносін. Плач — гэта таксама сігнал для вас. Расказвайце дзіцяці пра тое, што вы робіце, няхай яно адчувае і ведае, што вы побач.
• Часам дзіця не настроена на зносіны: яно можа адвярнуцца ад вас, заплюшчыць вочы, захныкаць або заплакаць. Не хвалюйцеся, яму проста трэба крыху адпачыць. Пачакайце, і неўзабаве яно зноў будзе вам усміхацца.