Стымуляцыя развіцця ў паўсядзённым жыцці: нованароджаны

Самая вялікая праблема, з якой сутыкаюцца бацькі, калі вяртаюцца дадому з нованароджаным, — гэта перабудова на новы распарадак сямейнага жыцця, асабліва калі дзіця першае. Паўсядзённы распарадак дня, які ўключае пераадзяванне, кармленне немаўляці, нашэнне яго на руках, — гэта магчымасць стымуляваць яго псіхаматорнае развіццё.
Body

Час, які затрачваецца на выкананне паўсядзённых спраў

Вы корміце нованароджанага кожныя 2–3 гадзіны, мяняеце яму падгузнікі (не радзей за тры разы на дзень), а таксама адзенне (пасля таго, як яно запэцкалася), падымаеце і трымаеце дзіця, каб яно зрыгнула, або носіце яго на руках, каб супакоіць, калі яно плача. На кожную з гэтых спраў вы траціце мінімум пяць хвілін. Такім чынам, час, які вы праводзіце ў кантакце з дзіцем, можа складаць да 4 гадзін.

Інфармацыя, якой вы абменьваецеся з нованароджаным пры выкананні паўсядзённых спраў, і як яна ўплывае на дзіця

Пах

  • дзіця адчувае і пачынае пазнаваць пах мамінай скуры і малака;
  • пахі супакойваюць, даюць пачуццё камфорту і бяспекі.

Цялесны кантакт

  • дзіця адчувае дакрананні, і яны яго супакойваюць;
  • адбываецца рэгуляванне тэмпературы цела;
  • дзіця расслабляецца, яго кулачкі раскрываюцца;
  • супакойваецца рытм дыхання;
  • сон становіцца больш спакойным;
  • адбываецца здаровы набор вагі.

Змена падгузнікаў

  • устанаўліваецца зрокавы кантакт, дзіця сочыць поглядам за тым, хто з ім узаемадзейнічае;
  • дзіця ўспрымае маўленне на слых (важна размаўляць высокім спакойным голасам);
  • змяняецца становішча цела дзіцяці.

Знаходжанне на руках у дарослага

  • дзіця адчувае дакрананні, адбываецца стымуляцыя тактыльнай сістэмы;
  • рухі цела таго, хто носіць на руках, знаёмыя з часу знаходжвання ва ўлонні маці, супакойваюць дзіця; адбываецца стымуляцыя вестыбюлярнай сістэмы;
  • рух вачэй праз рухі цела, адбываецца стымуляцыя зрокавай сістэмы;
  • маўленне выклікае вібрацыю ў целе, якую дзіця чула ва ўлонні маці, адбываецца стымуляцыя слыхавой сістэмы.

Купанне

  • дзіця больш свабодна рухаецца і спазнае маторныя магчымасці;
  • вада, у якой немаўля ляжыць, аказвае раўнамерны ціск на скуру, супакойваючы дзіця;
  • усталёўваецца зрокавы кантакт, дзіця сочыць вачамі за тым, хто з ім узаемадзейнічае;
  • дзіця адчувае дакрананне вашых рук да яго цела, пачынае ўсведамляць яго форму і памер, яму прыемныя пяшчотныя дотыкі.

Мы часта не задумваемся пра важнасць інфармацыі, якую дзіця атрымлівае падчас паўсядзённых спраў праз усе органы пачуццяў. Старайцеся выконваць усе дзеянні з дзіцем ці побач з ім спакойна і павольна. Дайце яму час асвоіцца, зразумець і падрыхтавацца да наступнага занятку, расказвайце, што вы зараз будзеце рабіць. Такім чынам вы створыце даверлівыя адносіны, што паслужыць стымулам для далейшага навучання і развіцця.