Блізкасць і прывязанасць: нованароджаныя

Блізкасць і прывязанасць прадугледжаюць пастаяннае рэагаванне дарослага на патрэбы нованароджанага з праявамі любві, цеплыні і клопату. Блізкасць і прывязанасць маюць жыццёва важнае значэнне для развіцця вашага дзіцяці.
Body

Пра блізкасць і прывязанасць пасля родаў

Блізкасць і прывязанасць прадугледжаюць, што вы ўвесь час рэагуеце на патрэбы вашага нованароджанага, праяўляючы любоў, цеплыню і клопат. Такім чынам вы становіцеся асаблівым чалавекам у жыцці вашага дзіцяці — тым, каму яно давярае.

Блізкасць паміж вамі і вашым нованароджаным — жыццёва важная частка развіцця.

Калі ваша немаўля атрымлівае ад вас тое, што яму трэба, напрыклад усмешку, дотык або абдымкі, яно адчувае, што навакольны свет — бяспечнае месца для гульняў, навучання і спазнання. Гэта закладвае аснову для эмацыянальнага дабрабыту і здольнасці пераадольваць складанасці ў далейшым жыцці.

Блізкасць і прывязанасць таксама спрыяюць разумоваму і фізічнаму развіццю вашага дзіцяці. Напрыклад, пастаянны чалавечы кантакт — дотыкі, абдымкі, размовы, спевы і погляд адзін аднаму ў вочы — спрыяе таму, што мозг вашага нованароджанага выпрацоўвае гармоны, якія стымулююць развіццё дзіцяці. Па меры таго, як яго мозг расце, развіваюцца розныя псіхічныя працэсы: успрыманне, памяць, мысленне і маўленне.

Разуменне паводзін вашага немаўляці ў кантэксце блізкасці і прывязанасці

Ваша немаўля з дапамогай мімікі, жэстаў, рухаў і гукаў паведамляе вам, калі яму нешта трэба, напрыклад паесці, адпачыць ці змяніць падгузнік. Такім жа чынам яно паказвае, калі хоча зносін і блізкасці. Праявы гэтага могуць быць самымі рознымі:

  • усмешка ў адказ або наладжванне і падтрыманне з вамі візуальнага кантакту — немаўляты любяць глядзець на твар дарослага і ў вочы;
  • вымаўленне ціхіх гукаў — крахтанне, буркаванне або смех;
  • зацікаўлены, захоплены ці спакойны погляд;
  • плач.

Калі ваша дзіця стамілася ці яму, магчыма, патрэбна змена дзейнасці, гэта можа праяўляцца наступным чынам:

  • дзіця адварочваецца, заплюшчвае вочы ці пазяхае;
  • дзіця адмахваецца або адсоўваецца;
  • дзіця выглядае напружаным ці неспакойным;
  • дзіця плача.

Паступова вы навучыцеся разумець сігналы свайго дзіцяці і правільна рэагаваць на іх, і гэта будзе падахвочваць яго кантактаваць з вамі яшчэ больш. Разуменне, інтэрпрэтацыя, ваша рэакцыя ў адказ — важныя моманты для фарміравання і ўмацавання надзейнай прывязанасці, якія дапамагаюць дзіцяці больш даведвацца пра зносіны, паводзіны і эмоцыі.

Калі вы заўважаеце розныя сігналы (міміку, рухі, вакалізацыі) з боку немаўляці, заўсёды рэагуйце на іх з цеплынёй і любоўю. Дзякуючы гэтаму яно будзе адчуваць сябе спакойна і ўпэўнена. Падобнае ўзаемадзеянне дапаможа вам выбудаваць устойлівыя і надзейныя адносіны з дзіцем.

Як сфарміраваць прывязанасць

Дзякуючы пастаяннаму кантакту і зносінам, пры якіх на дзіця накіраваны ваша пяшчота і любоў, яно адчувае сябе ў бяспецы. Вось некалькі рэкамендацый, якія могуць дапамагчы вам сфарміраваць надзейныя адносіны:

  • Рэгулярна абдымайце свайго нованароджанага і дакранайцеся да яго. Гушкайце яго ці акуратна прыціскайце да сябе, каб яно адчувала цялесны кантакт. Злёгку пагладжвайце дзіця, калі вы купаеце яго ці мяняеце падгузнік.
  • Рэагуйце на плач. Хутчэй за ўсё, вы не заўсёды здолееце зразумець, чаму немаўля плача, але вы можаце дапамагчы яму адчуваць сябе бяспечна і спакойна, калі будзеце рэагаваць на яго слёзы.
  • Рабіце так, каб ваш нованароджаны адчуваў сябе фізічна ў бяспецы. Калі вы трымаеце дзіця на руках, забяспечце належную падтрымку галавы і шыі. Абдымкі, нетугое спавіванне, укладванне немаўляці ў абмежаванай прасторы (кокане) дапамагаюць стварыць у яго адчуванне бяспекі, як ва ўлонні маці.

Блізкасць з нованароджаным таксама фарміруецца, калі вы даяце яму магчымасць глядзець, слухаць і адчуваць. Гэта стымулюе працу і развіццё яго мозга. Вось некалькі спосабаў, якія могуць вам дапамагчы:

  • Як мага часцей размаўляйце з немаўлём, пры гэтым ваш голас павінен быць спакойным і ласкавым. Вы можаце проста апісваць словамі тое, што зараз робіце, расказваць казкі ці чытаць вершы. Дзякуючы гэтаму дзіця вучыцца распазнаваць ваш голас і рэагаваць на яго. Такія зносіны з’яўляюцца перадумовай і стымуляцыяй маўленчага развіцця дзіцяці па меры таго, як яно падрастае.
  • Спявайце песні. Вашаму дзіцяці, хутчэй за ўсё, спадабаюцца гукі, а таксама рытм песень і музыкі. Спакойныя мелодыі спрыяюць таму, што дзіця і вы адчуваеце сябе ўлагоджана. Да таго ж дзіцяці ўсё роўна, ці дакладна вы помніце тэкст або мелодыю песні.
  • Падбірайце зручную адлегласць і позу для таго, каб наладзіць з дзіцем візуальны кантакт. Глядзіце немаўляці ў вочы, калі гаворыце і спяваеце, а яшчэ дэманструйце яму разнастайныя выразы твару. Гэта дапаможа дзіцяці зразумець сувязь паміж словамі і пачуццямі.
  • Стымулюйце дотык вашага дзіцяці. З самага нараджэння немаўля можа адчуваць нават самыя далікатныя дакрананні. Паспрабуйце асцярожна пагладзіць яго ступні мяккай тканінай, пакуль вы мяняеце падгузнік. Прагаворвайце тое, што адбываецца, напрыклад: «Прыемна? Мякка?»

Што рабіць, калі фарміраванне блізкасці і прывязанасці адбываецца няпроста

Магчыма, блізкасць і прывязанасць у вас з дзіцем усталяваліся адразу ж — з самага першага кантакту. Цалкам нармальна і тое, калі вы нічога асаблівага не адчулі, бо для таго, каб пазнаць і зразумець сваё дзіця, часам могуць спатрэбіцца тыдні ці месяцы.

Вось некалькі рэкамендацый, якія могуць вам дапамагчы:

  • Знаходзьце час, каб атрымаць асалоду ад зносін з дзіцем. Догляд нованароджанага можа быць цяжкай справай, але нават проста бавіць час разам — вельмі карысна. Напрыклад, можна трымаць дзіця на руках і гаварыць яму што-небудзь нараспеў. Памятайце, немаўляці падабаецца чуць ваш голас, нават калі вы проста чытаеце свой любімы часопіс або газету.
  • Зірніце на свет вачамі вашага дзіцяці. Паназірайце за вашым немаўлём. Уявіце, на што яно глядзіць, што адчувае ці спрабуе зрабіць. Пастарайцеся зразумець, што яму сапраўды падабаецца і прыносіць задавальненне, а што не падабаецца ці палохае. Можа быць, яно рада сацыялізацыі і з асалодай бавіць час на руках у іншых членаў сям’і? Ці аддае перавагу назіранню за тым, што адбываецца, знаходзячыся ў вас на руках?
  • Праяўляйце гібкасць. У большасці нованароджаных няма вызначанага рэжыму сну ў дзённы і начны час. Гэта азначае, што не варта чакаць ад дзіцяці захавання строгага распарадку. Лепш за ўсё, калі вы рэагуеце на яго жаданне паесці, паспаць ці пагуляць.

Памятайце, вы самая важная частка жыцця вашага дзіцяці. Калі ў вас ёсць сумненні, пытанні ці цяжкасці ў наладжванні і падтрыманні адносін з ім, звярніцеся па дапамогу — гэта вельмі важна для вас абаіх, асабліва калі ваша дзіця зусім маленькае. Не саромейцеся звяртацца па дапамогу або падтрымку — калі вы фізічна і псіхічна ў парадку, вам лягчэй даць дзіцяці любоў і клопат, у якіх яно мае патрэбу.

Прывязанасць больш чым да аднаго чалавека

Ваша дзіця фарміруе прывязанасці да людзей, якія клапоцяцца пра яго больш за ўсё, напрыклад, да вас і вашага партнёра/мужа, калі ён у вас ёсць. Немаўля таксама можа прывязацца да іншых людзей, якія рэгулярна і з любоўю клапоцяцца пра яго і побач з якімі ён адчувае сябе ў бяспецы. Гэта могуць быць яго бабулі і дзядулі, няні і старэйшыя дзеці.

Калі дзіця прывязана не толькі да вас, але і да кагосьці яшчэ, гэта дапамагае яму навучыцца давяраць і збліжацца з людзьмі, а вам палягчае жыццё і дазваляе ўдзяляць увагу іншым справам, такім як выкананне аплачваемай працы, пакупкі і хатнія клопаты. А яшчэ гэта магчымасць для вас адпачыць.