Не бойцеся разбалаваць малое дзіця!

У першыя некалькі месяцаў жыцця дзіцяці яго патрэба ва ўзаемадзеянні з вамі (з дапамогай як голасу, так і дакрананняў) велізарная. Чула рэагуючы на сігналы дзіцяці і яго патрэбы, вы не фарміруеце шкодныя звычкі, а наадварот — даяце адчуванне камфорту і прадказальнасці, дапамагаючы здабыць спакой і ўпэўненасць. Калі вы ўвесь час уважліва адгукаецеся на патрэбы дзіцяці, яно разумее, што ўсё добра і што яно знаходзіцца ў бяспецы, і пачынае вам давяраць.
Body

Немаўляты, у якіх няма ці недастаткова вопыту атрымання пастаяннай пазітыўнай зваротнай сувязі ад дарослых на свае патрэбы, паступова засвойваюць, што іх рэакцыі не маюць водгуку і што дарослым давяраць не варта. Калі вы будзеце ігнараваць дзіця, якое плача ці засмучаецца, гэта не дасць пазітыўнага чаканага эфекту. У нейкі момант яно можа перастаць плакаць, але насамрэч будзе неверагодна напалоханым, бо дзіця пакінулі адно ў стане, з якім яно пакуль не ведае, што рабіць.

Таму дзейнічайце, як апісана ніжэй:

  • насіце дзіця на руках і падтрымлівайце цесны фізічны кантакт, асабліва ў першыя дні пасля нараджэння;
  • кожны раз, калі дзіця плача, адгукайцеся голасам і дакрананнем;
  • калі дзіця ініцыіруе зносіны — глядзіць на вас, утварае гукі ці ўсміхаецца, — гаварыце з ім, паўтарайце яго гукі і заахвочвайце зрокавы кантакт з вамі;
  • кожны раз, калі дзіця праяўляе да чаго-небудзь цікавасць, прагаворвайце, што яно робіць, абавязкова падбадзёрвайце яго;
  • калі дзіцяці трывожна, дайце яму зразумець з дапамогай голасу, дотыкаў, рухаў, што ўсё ў парадку;
  • калі дзіця радуецца, усміхніцеся разам з ім, голасам і выразам твару прадэманструйце добры настрой;
  • калі дзіця стамілася, праз дакрананні і тон голасу пакажыце, што вы гэта разумееце і што яно можа паспаць і адпачыць з вамі.