Выбіраем цацкі для дзіцяці
Лепшыя цацкі для дзяцей
Цацкі могуць выдатна стымуляваць развіццё вашага дзіцяці. Але яму насамрэч трэба іх не так і многа.
Лепшыя цацкі для дзяцей — гэта «адкрытыя цацкі». Гэта значыць такія, якія ваша дзіця можа выкарыстоўваць па-рознаму. Яны заахвочваюць дзіця падключаць уяўленне, творчыя здольнасці і навыкі рашэння задач. Больш за тое, лепшыя цацкі — гэта тыя, якія не нясуць у сабе гендэрных стэрэатыпаў, а спрыяюць развіццю шырокага набору сацыяльных і творчых навыкаў.
Да «адкрытых цацак» адносяцца:
• кубікі — сёння ваша дзіця будуе з іх вежу, а заўтра яно можа прыкладаць кубік да вуха, робячы выгляд, што гаворыць па тэлефоне;
• мячы — выдатна падыходзяць, каб разглядаць, качаць, стукаць, браць і кідаць;
• кардонныя каробкі — ваша дзіця можа гуляць з каробкай так, быццам гэта прылавак у магазіне, печ, машына, карабель, лялечны домік і многае іншае;
• рэчы для ролевых гульняў — дайце дзіцяці розныя прадметы адзення і шматкі тканіны, і яно зможа ператварыцца ў каго заўгодна;
• матэрыялы для творчасці — каляровая папера, пластылін або клей, крэйда і фламастары дапамагаюць дзіцяці развіваць уяўленне.
Не заўсёды цацкі трэба купляць. У якасці выдатных «адкрытых цацак» можна выкарыстоўваць паўсядзённыя бытавыя прадметы, такія як каструлі і патэльні, пластыкавыя кантэйнеры, карзіны для адзення і коўдры. Галоўнае — сачыце, каб усё, з чым гуляе ваша дзіця, было бяспечным, трымайце далей ад яго вострыя або дробныя прадметы, якімі яно можа падавіцца або параніцца.
Выбіраем цацкі для дзяцей
На ўпакоўцы многіх цацак пазначаны ўзрост, для якога яны прызначаны. Гэта хоць і карысная, але толькі агульная інфармацыя. Лепшая падказка пра тое, якую цацку выбраць, — гэта інтарэсы і ўзровень развіцця вашага дзіцяці.
Тым не менш інфармацыя пра ўзрост, для якога прызначана цацка, можа быць важнай для бяспекі — напрыклад, калі цацкі ўтрымліваюць дробныя дэталі, якія дзіця можа праглынуць. У гэтых выпадках разумна прытрымлівацца рэкамендацый адносна ўзросту.
Для немаўляці лепшая «цацка» — гэта вы, той, хто яго даглядае, або іншы блізкі член сям'і. Дзіцяці падабаецца разглядаць ваш твар, слухаць ваш голас і проста быць з вамі. Нават такія гульнявыя заняткі, як разглядванне яркай падвеснай цацкі ці спроба дацягнуцца да бразготкі, прыносяць дзіцяці нашмат больш задавальнення, калі вы робіце гэта разам.
Маленькія дзеці любяць гуляць з каробкамі, часта ім нашмат цікавейшая ўпакоўка, чым сам падарунак. Яшчэ адзін добры варыянт для дзяцей — кубікі (вы можаце зрабіць іх нават з пустых каробак з-пад малака) і адзенне для пераапранання. Маленькім дзецям таксама падабаюцца простыя «музычныя інструменты», якія можна трэсці або па якіх можна стукаць, напрыклад барабан з перакуленага вазона і драўляная лыжка.
Старэйшыя дзеці таксама любяць гуляць у што-небудзь «не папраўдзе». Самыя простыя штодзённыя прадметы, напрыклад шалік, чарпак або капялюш, даюць вашаму дзіцяці самыя розныя ідэі пра тое, у што можна пагуляць. Дашкольнікам звычайна падабаецца будаваць, яны любяць розныя канструктары — тут таксама можа быць мноства самаробных варыянтаў. Добрым рашэннем стануць галаваломкі ці гульні, у якія ваша дзіця можа гуляць з кімсьці.
Цацкі і вашы сямейныя каштоўнасці
Менавіта вам вырашаць, з якімі цацкамі вашаму дзіцяці можна гуляць дома.
Калі вы маеце прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да пэўных цацак, трэба гаварыць з вашым дзіцем пра гэта, асабліва па меры таго, як яно падрастае. Можна растлумачыць, як вы да нечага ставіцеся і чаму. Напрыклад: «Зброя — гэта вельмі страшна і небяспечна. Яна раніць і забівае людзей. У нашай сям'і мы не гуляем з цацачнай зброяй».
Калі вы не хочаце, каб іншыя дарослыя дарылі вашаму дзіцяці пэўныя цацкі, дастаткова будзе кароткага спакойнага тлумачэння. У рэшце рэшт, гэта ваша рашэнне.