Самаробныя цацкі і заняткі з выкарыстаннем падручных матэрыялаў
Самаробныя цацкі і заняткі з выкарыстаннем падручных матэрыялаў: чаму яны карысныя
Самаробныя цацкі і заняткі з выкарыстаннем падручных матэрыялаў дома — гэта выдатны спосаб заняць дзяцей і дапамагчы ім вучыцца і развівацца. Гэтыя гульні і заняткі бясплатныя і могуць садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей у вашага дзіцяці. Вы можаце знайсці многа выдатных заняткаў для дзяцей, нават калі вам неабходна заставацца дома з-за выкліканага пандэміяй каранціну або калі ваш даход нечакана скараціўся.
Па меры сталення ў дзяцей усё лепш працуе ўяўленне. Існуе мноства гульняў і цацак, якія вы і ваша дзіця можаце прыдумаць і стварыць разам.
Можна даваць дзіцяці прадметы, якія ёсць у вас дома і з якімі можна гуляць зусім па-рознаму, напрыклад, маленькім дзецям звычайна падабаецца зачыняць і адчыняць вечкі кантэйнераў, а старэйшым дзецям— прыдумваць гульні са старымі кухоннымі ручнікамі. Пераканайцеся, што прадметы, якія вы даяце дзіцяці, дастаткова вялікія — яны не паламаюцца і дзіця не зможа засунуць іх у рот і падавіцца.
Гульні з нованароджанымі (прыкладна 0–5 месяцаў)
Вы — «цацка», якая больш за ўсё падабаецца вашаму нованароджанаму дзіцяці. Вашы дотыкі, ваш голас, адчуванне, як вы гушкаеце яго на руках, уважлівае разглядванне вашага твару — гэта лепшыя забавы для вашага нованароджанага.
Дзіцяці таксама падабаецца ў добрае надвор’е на вуліцы адчуваць вецер, слухаць спевы птушак і адчуваць новыя пахі.
Вы можаце ўключаць адпаведную музыку, каб супакоіць сваё дзіця, або стварыць расслабляльную атмасферу падчас купання: цішыня і цёплая вада ў ванначцы — усё, што для гэтага трэба; а пасля купання можна далікатна памасіраваць дзіця.
Нованароджаныя рэагуюць на музыку, але больш за ўсё ім падабаецца ваш голас. Трымайце дзіця на руках, спявайце, размаўляйце і глядзіце яму ў вочы. Такія заняткі не дадуць засумаваць вашаму дзіцяці, дапамогуць яму вучыцца і адначасова пазнаваць усіх, хто яго акружае.
Усе дзеці ўнікальныя, некаторым спатрэбіцца больш часу, чым іншым, каб атрымаць асалоду ад новых адчуванняў, таму сачыце за рэакцыяй вашага дзіцяці і назірайце за тым, што яму падабаецца і што цікава. Ваша дзіця само падкажа вам, калі яно будзе рада пагуляць ці калі стамілася і хоча адпачыць.
Гульні з малымі дзецьмі (прыкладна 5 месяцаў — 1,5 гады)
Калі ваша дзіця пачне больш рухацца, яму будуць падабацца больш актыўныя гульні, асабліва з вамі.
Ваша дзіця будзе з задавальненнем поўзаць па вас ці хапаць і трэсці прадметы, адкрываючы для сябе новыя рухальныя навыкі. Усім маленькім дзецям таксама патрэбны час для спакойных гульняў, таму сачыце за сігналамі, якія будуць паказваць на тое, што вашаму дзіцяці трэба крыху адпачыць.
Вось некалькі ідэй гульняў для малых дзяцей:
- Знаходзьце час для гульняў сам-насам кожны дзень — размаўляйце з дзіцем або пералічвайце яму пальчыкі на ножках. Зрабіце такія гульні часткай сваіх паўсядзённых заняткаў, напрыклад, падчас змены падгузнікаў.
- Выдзімайце паветра, прыціснуўшы вусны да жывоціка дзіцяці, і лёгенька казычыце яму пальчыкі на ножках.
- Зрабіце цацачныя маракасы: напоўніце пусты памыты і высушаны пакет ад соку ці малака рысам, макаронамі, гарохам, сушанымі бабовымі ці нават старымі гузікамі (пераканайцеся, што пакет шчыльна закрыты, каб пазбегнуць пападання змесціва ў дыхальныя шляхі дзіцяці).
- Спявайце песні і пацешкі. Малым дзецям вельмі падабаюцца дзеянні, якія паўтараюцца, — пляскайце ў ладкі, варушыце пальцамі, сціскайце далоні ў кулакі.
- Штодня чытайце кніжкі свайму дзіцяці, напрыклад перад сном. Іх можна бясплатна браць у бібліятэцы, а калі яе паблізу няма, вы можаце расказваць гісторыі з вашага дзяцінства ці традыцыйныя казкі.
- Зрабіце «барабаны» з перавернутых скрынак, гаршчкоў ці тазікаў. Дайце дзіцяці драўляную лыжку, каб яно стукала ёй па іх.
Гульні з крыху старэйшымі дзецьмі (прыкладна 1,5–3 гады)
Крыху старэйшыя дзеці падобныя на маленькіх навукоўцаў. У сваіх гульнях яны эксперыментуюць, назіраюць, адчуваюць, рэалізуюць ідэі і спрабуюць высветліць, як усё працуе.
Ніжэй прапанаваны ідэі гульняў для малых дзяцей крыху старэйшага ўзросту:
- Дайце дзіцяці некалькі прышчэпак і кантэйнер. Ваша дзіця будзе з радасцю зноў і зноў складаць прышчэпкі ў кантэйнер і вымаць іх адтуль.
- Выражце з кардона некалькі невялікіх канверцікаў і ўпрыгожце іх. Зрабіце «паштовую скрыню»: зрабіце проразь у пярэдняй частцы чыстага кантэйнера з-пад марожанага ці кардоннай каробкі.
- Зрабіце салёнае цеста і дайце дзіцяці, каб яно мяла яго пальчыкамі. Зляпіце разам маленькія вежы, кулічыкі, шарыкі — усё, што падабаецца вашаму дзіцяці.
- Збярыце ў асобную скрынку старое адзенне для гульняў з перапрананнем або гульняў «не папраўдзе».
- Гуляйце на свежым паветры ўсюды, дзе ёсць свабоднае месца.
Вы знойдзеце больш крэатыўных ідэй для вырабу самаробных цацак і заняткаў з выкарыстаннем падручных матэрыялаў у нашым артыкуле пра раскрыццё творчых здольнасцей і мастацкага таленту ў малых дзяцей.
Гульні з дашкольнікамі (прыкладна ад 3 гадоў)
Многія варыянты гульняў для малых дзяцей таксама выдатна падыдуць і для вашага дашкольніка. Паспрабуйце некаторыя з наступных ідэй для гульняў. Акрамя таго, што яны вясёлыя, гэтыя гульні дапамогуць развіццю дробнай і буйной маторыкі ў вашага дзіцяці:
- Набіце старыя панчохі паперай або абрэзкамі тканіны, каб атрымалася змяя ці вусень.
- Зрабіце ляльку са старых шкарпэтак. Прышыйце гузікі і прыклейце кавалачкі іншых матэрыялаў, каб атрымаліся вочы, нос і валасы.
- У асобную скрынку складзіце чыстае старое адзенне, у якое можна прыбірацца. Выкарыстоўвайце вядзерца ад марожанага, каб зрабіць пацешны капялюш, або абматайце яго фольгай — і ваш дашкольнік ператворыцца ў касманаўта. Таксама можна наклеіць любы матэрыял, штучныя кветкі ці пампоны, каб дзіця стала самым модным госцем на чаяванні.
- Складзіце з газеты пірацкую трохвуголку або каўпак фокусніка. Няхай дзіця выража і наклеіць на іх каляровыя малюнкі са старых часопісаў.
- Дайце вашаму дашкольніку старыя кардонныя каробкі, яго ўяўленне падкажа, у якія цацкі іх можна ператварыць — у машыну, хатку, вітрыну магазіна ці кухонную пліту.
- Калі ёсць магчымасць, схадзіце ў мясцовы парк ці ў госці да сяброў, можна проста прагуляцца ў сябе ў двары ці па наваколлі — для вашага дзіцяці гэта і прыгоды, і забавы.
- Складзіце з паперы простую кніжку. Няхай ваша дзіця прыдумае апавяданне, упрыгожыць старонкі, само намалюе персанажаў або выража іх са старых часопісаў і ўклеіць у кніжку.
У артыкуле пра тое, як стымуляваць развіццё творчых здольнасцей і развіваць мастацкі талент у дзяцей дашкольнага ўзросту, вы знойдзеце мноства ідэй, як можна выкарыстоўваць падручныя прадметы для вырабу новых вясёлых цацак.
Гульня — гэта выдатны спосаб навучання для дзяцей. Але калі гуляць не весела, то гэта ўжо не гульня. Дазваляйце дзіцяці быць галоўным у гульні — гэта дапаможа яму не сумаваць. Калі дзіця зусім маленькае, то трэба спыняць гульню, калі яно стоміцца. Дзіцяці дашкольнага ўзросту давайце магчымасць выбіраць, у што яно хоча пагуляць.