Чытанне дзецям з нараджэння
Чаму важна чытаць дзецям
Калі расказваць гісторыі, размаўляць і спяваць, то гэта шмат у чым спрыяе развіццю вашага дзіцяці.
Выкананне гэтых дзеянняў кожны дзень дапаможа дзіцяці пазнаёміцца з гукамі, словамі, мовай і ў выніку зразумець каштоўнасць і адчуць радасць ад кніг. Такі старт дапаможа яму лёгка навучыцца чытаць у будучым. Гэта выдатная нагода, каб зблізіцца з дзіцем і правесці час разам.
Па меры таго, як ваша дзіця сталее, чытанне таксама стымулюе яго ўяўленне і дапамагае яму спазнаваць навакольны свет.
Вы можаце пачынаць чытаць свайму дзіцяці ўголас так рана, як захочаце — чым раней, тым лепш. У нашых артыкулах пра чытанне разам з немаўлятамі і дзецьмі і пра развіццё пісьменнасці вы знойдзеце больш падрабязную інфармацыю, якая падкажа, з чаго вам пачаць.
Чытанне кніг разам з малымі дзецьмі
Нават малыя дзеці могуць атрымліваць асалоду і карысць ад чытання кніг разам з вамі. Напрыклад, вы можаце:
- чытаць павольна і спыняцца на кожнай старонцы — гэта дазволіць дзіцяці засяродзіцца на літарах і малюнках;
- паказваць і называць знаёмыя і новыя рэчы, якія ваша дзіця бачыць на старонцы, замест таго, каб чытаць словы;
- мяняць інтанацыю — зрабіце чытанне цікавым для вас і вашага дзіцяці;
- уладкаваць дома адмысловае месца для чытання — напрыклад, утульнае, досыць вялікае і зручнае для вас і вашага дзіцяці крэсла, якое будзе размяшчацца побач са скрынкай з кнігамі ці кніжнай паліцай.
- зрабіць чытанне паўсядзённым заняткам і паспрабаваць чытаць разам з дзіцем хаця б адну кнігу кожны дзень. Напрыклад, чытанне можа стаць выдатным спосабам адпачыць у канцы дня;
- выключыць свае гаджэты і знайсці ціхае месца, каб дзіця магло чуць ваш голас;
- спрабаваць утвараць смешныя гукі — гуляйце і весяліцеся;
- трымаць кнігу як мага бліжэй да дзіцяці, каб яно магло бачыць, што на старонках. Вы можаце пасадзіць дзіця каля сябе, на калені ці сесці перад ім, каб падчас чытання яно таксама магло бачыць ваш твар.
Што чытаць малым дзецям
Як правіла, малым дзецям падабаюцца кнігі з добрай рыфмай, рытмам і паўторамі. Такія паўторы і рыфмы дапамагаюць дзецям вучыцца.
Пачынаючы з нараджэння вашага дзіцяці, вы можаце шукаць:
- кнігі з яркімі колерамі або простымі, вялікімі і кантраснымі малюнкамі, нават з чорна-белымі — яны цікавыя для малых дзяцей, ім лёгка сфакусіраваць на іх сваю ўвагу;
- кнігі з рознай тэкстурай, каб ваша дзіця магло адчуваць кнігу навобмацак;
- кнігі з выявамі дзяцей;
- мяккія, прыдатныя для гульняў у вадзе кніжкі з пластыку і тканіны, якія дзіця можа ўзяць з сабой у ванну.
І памятайце: калі ў вас няма кніг, расказвайце дзіцяці гісторыі, спявайце песенькі, якія вам падабаюцца, разглядайце і гаварыце пра сямейныя фотаздымкі — выдатна падыдуць любыя заняткі, якія вас аб’ядноўваюць!