Мыем гародніну і садавіну разам з дзецьмі 3–6 гадоў
Мыем гародніну і садавіну разам з дзецьмі і навучаем іх новаму
Сумеснае мыццё гародніны і садавіны — гэта добры спосаб:
- пазнаёміць дзіця з новымі словамі — «перац», «цукіні», «сліва»;
- пазнаёміць дзіця з такімі матэматычнымі паняццямі, як форма, памер і вага;
- развіваць навыкі мыслення;
- зацікавіць дзіця вывучэннем навакольнага асяроддзя;
- расказаць дзіцяці пра штодзённую гігіену і здаровае харчаванне.
Што трэба для мыцця садавіны і гародніны
Прынёсшы садавіну і гародніну дадому з рынку ці з магазіна, прапануйце дзіцяці іх памыць.
Чым больш садавіны і гародніны, тым лепш.
Для таго, каб дзіця дапамагло вам, спатрэбяцца ракавіна, кран і крыху часу.
Як ператварыць мыццё садавіны і гародніны ў навучальны занятак
Спачатку:
- Напоўніце ракавіну чыстай прахалоднай вадой, у якой будзеце мыць садавіну і гародніну.
- Пераканайцеся, што дзіцяці ўсё добра бачна і яно да ўсяго дастае. Вазьміце для яго бяспечную табурэтку або лесвічку-драбінку, на якую можна ўстаць пры неабходнасці.
- Пакажыце дзіцяці, як мыць садавіну ці гародніну: апусціце плод у ваду і акуратна патрыце рукамі.
- Дастаньце з вады і вытрыце.
Як толькі дзіця зразумее, што трэба рабіць, дайце яму магчымасць даследаваць. Назірайце за яго дзеяннямі і ўводзьце новыя словы і паняцці падчас гутаркі. Напрыклад:
- Пагаварыце пра колеры. Папрасіце дзіця сказаць, якога колеру садавіна і гародніна перад ім.
- Пагаварыце пра форму, памеры, кансістэнцыі. Можна параўноўваць, напрыклад: «Які памідор большы?», «Гэтая морква даўжэйшая за гэты агурок».
- Паглядзіце, якія з пладоў усплываюць, а якія тонуць. Няхай дзіця паспрабуе адгадаць, усплыве ці патоне плод, які ён збіраецца апусціць у ваду.
- Пагаварыце пра тое, як называюцца ядомыя часткі раслін. У шпінату гэта лісты, у радыскі і морквы — карані.
Улічваем узрост дзяцей
Памятайце пра інтарэсы і аб’ём увагі маленькага дзіцяці. Калі яму проста падабаецца плёскацца ў вадзе, дайце яму вымыць некалькі цвёрдых пладоў (морква ці яблыкі). Калі яно задаволіцца, вазьміце справу ў свае рукі.
Старэйшаму дзіцяці, пакуль яно мые садавіну і гародніну, можна задаваць больш складаныя пытанні, напрыклад: «Як ты думаеш, навошта раслінам патрэбна лісце?». А можна проста пагаварыць пра любімую садавіну і гародніну ці пра стравы, якія вы плануеце з іх прыгатаваць.