Гатуем і ядзім разам: занятак для дзяцей 3–6 гадоў

Уменне дзяліцца — важны навык для прыемных гульняў і сяброўства. Прыгатаванне ежы і наступная сумесная трапеза — захапляльны спосаб для вашага дзіцяці навучыцца дзяліцца. Фруктовая салата, лёгкая піца, кексы і замарожаны ёгурт будуць прыдатнымі стравамі, якія можна прыгатаваць і падзяліць з усімі.
Body

Гатуем ежу для ўсіх: чаму гэта карысна для дзяцей

Прыгатаванне ежы і напіткаў для сям’і ці сяброў — выдатны спосаб навучыцца дзяліцца.

Дзелячыся ежай, дзіця вучыцца ісці на кампраміс, рабіць нешта па чарзе і дамаўляцца. Яно даведваецца, што, дзелячыся чымсьці з іншымі, можа таксама нешта атрымаць наўзамен.

Уменне дзяліцца — важная ўмова для пабудовы і падтрымання сяброўства і прыемных гульняў з іншымі дзецьмі. Спачатку падзяліцца нечым можа быць няпростай задачай. Дзіцяці давядзецца папрактыкавацца пры падтрымцы дарослых.

Што трэба, каб прыгатаваць з дзецьмі ежу для ўсіх

Для сумеснага прыгатавання выберыце простую страву або закуску. Дадаткова дзіця можа падрыхтаваць збан з вадой ці сокам і некалькі кубкаў.

Вось некалькі прыкладаў добрых страў, якія можна прыгатаваць на ўсіх:

  • Фруктовая салата: выкарыстоўвайце мяккую садавіну — бананы, клубніцы, кавун. Дзіця з лёгкасцю зможа іх разрэзаць бяспечным нажом. Дапамажыце яму, абабраўшы садавіну ад лупіны.
  • Замарожаны клубнічны ёгурт: гэты рэцэпт выдатна падыходзіць для спякотнага надвор’я. Замест клубніц можна выкарыстоўваць любімую садавіну дзіцяці.
  • Маркоўна-аўсяныя міні-кексы: добры выбар для перакусаў. Змешваць і адмяраць інгрэдыенты не толькі цікава, але і карысна: дзіця вучыцца ліку.
  • Простая піца: дзіцяці спадабаецца дапамагаць класці начынне ў піцу і падаваць яе на стол. Можаце абмеркаваць, каму прапаноўваць порцыі большага і меншага памеру.
  • Фуршэтная ежа: дзіця можа дапамагчы намазваць тосты або раскладваць свежую ці прыгатаваную гародніну на агульнай талерцы.

На кухні дзяцей можа чакаць небяспека. Не пакідайце дзіця без нагляду побач з гарачымі паверхнямі і вадкасцямі, электрычнымі прыборамі і вострымі прадметамі.

Як разам з дзіцем прыгатаваць ежу на ўсіх

  • Прапануйце дзіцяці паўдзельнічаць у выбары страў для сяброў ці сям’і. Складаючы меню, улічвайце магчымасці дзіцяці, а таксама час, які вы маеце на прыгатаванне.
  • Гатуйце разам з дзіцем. Нагадайце яму, што вы гатуеце для ўсіх, напрыклад: «Нас пяцёра. Думаеш, клубніц хопіць на ўсіх?».
  • Папрасіце дзіця палічыць колькасць чалавек і дапамажыце яму раскласці ежу па талерках. Калі вы плануеце есці за сталом, нагадайце дзіцяці пра сямейныя правілы: напрыклад, спачатку ежу падаюць самаму старэйшаму члену сям’і ці імянінніку, а ў апошнюю чаргу — сабе.
  • Папрасіце дзіця абысці ўсіх і прапанаваць фуршэтныя закускі або ежу на агульнай талерцы, напрыклад, пячэнне.
  • Падказвайце дзіцяці, як падзяліць ежу справядліва. Напрыклад: «Паша, застаўся толькі адзін кавалак торта, але яго хоча і Ніна, і Слава. Што будзем рабіць?».

Як вучыць дзяліцца ежай дзяцей рознага ўзросту

Каб у прыгатаванні ежы для ўсіх магло ўдзельнічаць малодшае дзіця, падбірайце самыя простыя стравы. Калі дзіця яшчэ толькі вучыцца дзяліцца, яно можа падумаць, што ўся ежа — «яго», таму што яно яе прыгатавала. Можна мякка нагадаць, што яно зрабіла гэтую страву для ўсіх.

Старэйшыя дзеці здольны канцэнтравацца даўжэй, у іх лепш развіта зрокава-маторная каардынацыя, таму яны, хутчэй за ўсё, справяцца з больш складанымі рэцэптамі. А часам, мабыць, нават змогуць дапамагчы вам і з вячэрай.