Аптымальнае харчаванне дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў
На другім годзе жыцця вашага дзіцяці вы даведаліся пра яго патрэбы ў харчаванні, выбары ежы і спосабах яе прыгатавання, пазнаёміліся са звычкамі вашага дзіцяці і пераадолелі цяжкасці, якія ўзнікалі. Магчыма, з трэцяга года ўвага бацькоў больш засяроджана на іншых занятках і патрэбах дзіцяці. Аднак памятайце, што харчаванне па-ранейшаму застаецца адным з ключавых фактараў, якія дапамагаюць яму расці і раскрываць свой патэнцыял. Якаснае, збалансаванае харчаванне з'яўляецца эфектыўнай прафілактыкай праблем са здароўем (такіх як атлусценне, дыябет, хваробы сэрца і крывяносных сасудаў) у больш познім узросце.
Што і колькі трэба есці дзіцяці
• Дзеці ва ўзросце ад двух да пяці гадоў звычайна вырастаюць прыкладна на 7 см і набіраюць каля 2 кг у год. Пасля двухгадовага ўзросту (да чатырох гадоў) для нармальнага росту і набору вагі дзіця павінна спажываць 1300 калорый у суткі. Аднак патрэба ў калорыях вар'іруецца ў залежнасці ад актыўнасці, а таксама канстытуцыі дзіцяці і яго метабалізму, таму не хвалюйцеся, калі ваша дзіця есць не так шмат, як вы чакаеце.
• У гэтым узросце апетыт зменлівы, у некаторыя перыяды ён паляпшаецца, але часта пагаршаецца, калі дзіця стомлена або ўзбуджана. Дзеці любяць карыстацца ўласнымі сталовымі прыборамі падчас ежы. Выкарыстанне дзіцячага посуду таксама дапаможа вызначыць памер порцыі, якая падыходзіць дзіцяці.
• Дзіцяці трэба прапаноўваць разнастайныя прадукты з усіх пяці харчовых груп. Разнастайныя пажыўныя рэчывы неабходны для падтрымання функцый арганізма і здаровага развіцця яго сістэм і галаўнога мозга. Аснова харчавання ў гэтым узросце аналагічна харчаванню дарослых, але вар'іруецца колькасць.
• Пасля другога года жыцця замест неразведзенага малака можна прапаноўваць малако 2–3 % тлустасці, аб'ём не павінен перавышаць прыкладна 500 мл у суткі (калі няма алергіі на каровіна малако). Соку дапушчальна ўжываць не больш за 120 мл у суткі.
• У натуральных прадуктах розныя групы вітамінаў утрымліваюцца ў аптымальных суадносінах, найбольш эфектыўная форма паступлення ў арганізм карысных рэчываў і лепшая для іх засваення — натуральнае іх спажыванне з ежай і штодзённая прысутнасць у рацыёне дзіцяці. Калі ваша дзіця есць шмат свежай садавіны, гародніны, а таксама круп, то ў гэтым узросце яму не спатрэбяцца дадатковыя вітамінныя дабаўкі.
• Варта пазбягаць прадуктаў і напіткаў з павышаным утрыманнем цукру і солі (густыя сокі, салодкія шматкі, чыпсы, цукеркі, выпечка і да таго падобнае).
Калі і як варта есці дзіцяці
• Аптымальны рэжым харчавання — калі прыёмы ежы частыя, порцыі невялікія (звычайна трохразовае харчаванне і два перакусы паміж імі). Ваша дзіця павінна атрымліваць тры роўных прыёмы ежы кожны дзень, якія нельга прапускаць ці камбінаваць. Харчаванне павінна быць арганізавана прыкладна ў адзін і той жа час кожны дзень.
• Снедаць трэба ў першую гадзіну пасля таго, як дзіця прачнулася. Гэта дае неабходную энергію для пачатку дня, і ў дзіцяці, якое прывыкла снедаць дома, будзе менш жадання перакусваць у сталовых, кафэ і пякарнях.
• Астатнія прыёмы ежы плануюцца з інтэрвалам у дзве–тры гадзіны. Апошні прыём ежы павінен быць як мінімум за гадзіну да сну.
• Паспрабуйце зрабіць меню вашага дзіцяці разнастайным, выкарыстоўваючы новыя ідэі і спосабы прыгатавання ежы. Дзеці любяць апетытную, прыгожа сервіраваную ежу.
• Паміж прыёмамі ежы варта прапаноўваць перакусы, таму што маленькаму дзіцяці складана забяспечыць неабходныя калорыі і пажыўныя рэчывы ўсяго за тры асноўныя прыёмы ежы. Таксама яны зручныя для ўвядзення новай ежы, часта дзіця спачатку прымае яе як перакус.
Навыкі правільнага харчавання, закладзеныя ў дзяцінстве, захоўваюцца на ўсё жыццё
Навыкі, якія мы атрымліваем у раннія гады, суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця. Таму надзвычай важна навучыць дзіця харчавацца правільна, каб выключыць мноства негатыўных фактараў, якія правакуюць развіццё розных захворванняў, а таксама забяспечыць паўнацэнны рост і развіццё дзіцяці. Адзін з самых каштоўных падарункаў, які мы можам зрабіць дзіцяці, — гэта навучыць яго рабіць правільны выбар, калі справа даходзіць да ежы, каб яно было гатова аддаць перавагу здаровым прадуктам, адмовіцца ад шматлікіх негатыўных альтэрнатыў, даступных у цяперашні час.
Прыём ежы — гэта значна больш, чым ежа.
Вы вызначаеце:
• Што есць дзіця — усе віды прадуктаў: крупы, садавіну, гародніну, мяса, рыбу, яйкі, малако і малочныя прадукты.
• Хто корміць дзіця або сочыць за кармленнем (кармленне дзіцяці павінна адбывацца ў прысутнасці дарослага).
• Калі дзіця есць — па магчымасці прыкладна ў адзін і той жа час: сняданак, перакус, абед, перакус, вячэра. Дзіцяці патрэбны звычкі і распарадак, якія ствараюць пачуццё абароненасці.
• Дзе есць дзіця — за сталом, малодшае ў дзіцячым крэсле, старэйшае на крэсле. Па магчымасці збірайце больш членаў сям'і разам падчас ежы.
Дзіця вызначае:
• Ці будзе яно есці тое, што яму прапаноўваюць. Калі ваша дзіця кажа «не», прапануйце яшчэ раз (да дзесяці разоў) порцыю ежы, якую яно не прымае. Можа быць, у нейкай іншай форме, з якой-небудзь іншай ежай, якую яно любіць есць. Праяўляйцейце цярпенне і разуменне.
• Колькі яно з'есць. Пакладзіце на талерку менш, а пры неабходнасці дадайце яшчэ. Не прымушайце дзіця есці ўсё, што вы кладзяце на талерку. Дазвольце малодшаму дзіцяці есці пальцамі, старэйшых навучыце карыстацца сталовымі прыборамі.
Для аптымальнага росту і развіцця вашага дзіцяці і фарміравання правільных звычак важна не толькі тое, што і колькі дзіця есць, але і калі, як і дзе яно есць, хто корміць дзіця або прыглядае за ім падчас ежы. Ва ўзросце двух гадоў ваша дзіця дастаткова добра развіло маторыку, каб есці без старонняй дапамогі. І яму варта дазволіць гэта рабіць. Трэба быць больш цярпімымі да дзіцячай «нявыхаванасці» за сталом і звязанага з гэтым непарадку. Проста працягвайце дэманстраваць дзіцяці свае добрыя манеры, і яно будзе вучыцца ў вас. Дзіця ў гэтым узросце павінна вызначыць, што яму падабаецца, а што не, і гэта можа быць для вас вельмі затратным па часе і зацягваць час прыёму ежы.
У трохгадовым узросце дзіця можа карыстацца лыжкай і відэльцам. Ён ці яна, хутчэй за ўсё, будзе шукаць сваю любімую ежу (часта салодкія прысмакі), і можа спатрэбіцца адна і тая ж ежа на працягу некалькіх дзён запар. Дзецям падабаецца дапамагаць на кухні і гуляць у «гатаванне». З ранняга ўзросту прывучайце дзіця есці за сталом, перажоўваць кожны кавалачак, ніколі не спяшацца і не размаўляць, пакуль кавалачак у роце. Калі вы рана пачынаеце прывучаць дзіця есці разам з астатняй сям'ёй, ваша дзіця хутчэй пазнае, што ежа — гэта адначасова час для зносін і прыемных сямейных момантаў, яно навучыцца атрымліваць ад гэтага задавальненне.
Будзь прыкладам для свайго дзіцяці! Дзеці глядзяць і пераймаюць звычкі сваіх бацькоў і сям'і незалежна ад таго, што тыя ім гавораць і раяць. Клопат пра здаровае харчаванне дзяцей — гэта таксама магчымасць для сям'і перагледзець свае звычкі ў ежы і ўнесці некаторыя станоўчыя змены. Лягчэй ісці маленькімі крокамі, паступова ўключаючы дасягнутае ў свае паўсядзённыя звычкі. Вы можаце быць здзіўлены, як невялікія змены могуць прывесці да значнага паляпшэння здароўя вашай сям'і.