Што ўплывае на рост дзіцяці
Спадчынныя фактары
Пра ўплыў спадчынных фактараў на рост дзіцяці шырока вядома. Розніцу ў масе цела паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі можна назіраць ужо пры нараджэнні. Аднак розніца ў росце паміж здаровымі дзецьмі аднаго полу і ўзросту можа быць вялікай.
Вядома, што рост здаровага дзіцяці, пачынаючы з трэцяга года жыцця і далей, у значнай ступені ўзаемазвязаны з сярэднім ростам бацькоў. Такая з’ява называецца генетычным патэнцыялам росту.
Розныя спадчынныя і генетычныя захворванні таксама ўплываюць на рост. Напрыклад, у выпадку сіндрому Даўна, сіндрому Шарашэўскага — Тэрнера або сіндрому Прадэра — Вілі адбываецца зніжэнне патэнцыялу росту ў дзяцей.
Фактары навакольнага асяроддзя
Да знешніх фактараў, якія аказваюць уплыў на рост дзіцяці, адносяць:
- Харчаванне, якое мае ключавое значэнне.
У дзіцяці павінен быць збалансаваны рацыён, які задавальняе яго асноўныя патрэбы і спрыяе ўмацаванню імунітэту, а таксама атрыманню энергіі. Такі рацыён павінен уключаць бялкі (асабліва жыццёва важныя амінакіслоты), тлушчы, вугляводы, вітаміны (асабліва А і D) і мікраэлементы (ёд, жалеза, цынк і іншыя).
Кантралюйце рацыён харчавання свайго дзіцяці і своечасова ліквідуйце дэфіцыты. Таксама сачыце за рэгулярнасцю прыёмаў ежы. Гэта дапаможа пазбегнуць захворванняў росту, якія могуць мець наступствы ў далёкай будучыні, што звязана з асаблівай успрымальнасцю ў гэты перыяд.
- Стрэсавыя сітуацыі ў жыцці дзіцяці, такія як беднасць і сямейныя непрыемнасці, жорсткае абыходжанне і беспрытульнасць. Калі яны прысутнічаюць у жыцці дзіцяці на працягу доўгага часу, гэта аказвае доўгатэрміновы адмоўны ўплыў на яго рост і развіццё.
- Прыём некаторых прэпаратаў. Напрыклад, такія сродкі, як кортыкастэроіды, могуць быць прычынай запаволення росту, калі даваць іх у вялікіх дозах і на працягу доўгага часу.
- Кліматычныя і экалагічныя ўмовы, у якіх дзіця расце і развіваецца.
Фактары, звязаныя з асаблівасцямі развіцця і станам здароўя дзіцяці
- Гармоны і іншыя рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў арганізме, напрамую ўплываюць на тэмпы росту дзіцяці. Асабліва трэба адзначыць гармон росту, гармоны шчытападобнай залозы, а таксама палавыя гармоны ў перыяд палавога выспявання. Гармон росту на працягу ўсяго дзяцінства і ў перыяд палавога выспявання адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманні нармальнага тэмпу росту. Акрамя таго, іншыя гармоны (картызол, інсулін, паратгармон, стрававальныя гармоны) і фактары росту тканак таксама аказваюць істотны ўплыў на абменныя працэсы, праз якія яны ўздзейнічаюць на рост.
- Набытыя хранічныя захворванні нырак, кішэчніка, лёгкіх, сэрца, печані і імуннай сістэмы ў залежнасці ад часу свайго ўзнікнення, цяжкасці і працягласці захворвання могуць выклікаць часовае (што бывае ў рэдкіх выпадках) або пастаяннае запаволенне росту дзіцяці.
- Актыўнасць дзіцяці ў дзённы час, колькасць і якасць сну, паколькі дзіця расце ноччу (падчас сну).
Навукоўцы адзначаюць, што сярэдні рост чалавечага цела ўсё яшчэ павялічваецца; гэтая з’ява больш выяўлена ў мужчын, чым у жанчын, што лічыцца вынікам паляпшэння ўмоў жыцця.
Сачыце за ростам свайго дзіцяці, кансультуйцеся з педыятрам і іншымі спецыялістамі ў выпадку неабходнасці.