Затрымка маўлення
Што такое затрымка маўленчага развіцця?
Затрымка развіцця маўлення — гэта больш павольнае набыццё маўленчых навыкаў у параўнанні з сярэднеўзроставымі паказчыкамі. Як правіла, у дзіцяці могуць узнікаць цяжкасці з разуменнем звернутага да яго маўлення, а таксама з яго выкарыстаннем падчас зносін з навакольнымі.
Існуюць пэўныя цяжкасці, якія могуць сведчыць пра затрымку маўленчага развіцця:
- складанасці развіцця ў перадмаўленчым перыядзе ў дзіцяці да 1 года — адзначаецца малая актыўнасць гулення і лепету, аднатыпныя вакалізацыі;
- адсутнасць рэакцыі дзіцяці на гук і маўленне ва ўзросце 1 года;
- ва ўзросце 1,5 года зніжэнне здольнасці да гукапераймання, паўтарэння слоў за дарослым;
- складанасці з разуменнем і выкананнем простых інструкцый ва ўзросце 1,5–2 гадоў;
- цяжкасці пры аб’яднанні слоў у простыя фразы ва ўзросце 2,5–3 гадоў;
- выкарыстанне дзіцем пераважна немаўленчых сродкаў камунікацыі — мімікі, жэстаў;
- поўная адсутнасць маўлення ў 3 гады (дзіця ўжывае толькі завучаныя фразы з мультфільмаў, кніг, казак).
Затрымка маўленчага развіцця часта можа быць звязана з пэўнымі станамі, такімі як: сіндром Даўна, расстройствы аўтыстычнага спектру (РАС), парушэнні слыху ці глухата.
Затрымка маўлення ці парушэнне маўлення?
Затрымка маўленчага развіцця адзначаецца ў дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, у якіх здольнасць разумець і гаварыць развіваецца больш павольна, чым прадугледжвае ўмоўная ўзроставая норма. У дзяцей з затрымкай маўлення часта не сфарміраваны мінімальны слоўнікавы запас; для зносін яны не выкарыстоўваюць сказы, якія складаюцца больш чым з 3–4 слоў; часта ў іх маўленні адсутнічаюць прыметнікі, прыслоўі; такія дзеці задаюць мала пытанняў. Камунікацыя дзіцяці з затрымкай маўлення часцей нагадвае лепятанне і гукаперайманне.
Аб парушэннях маўлення, як правіла, гавораць у дашкольным узросце. У гэтым выпадку адзначаюцца парушэнні ўсіх яе кампанентаў:
- разумення — дзіця не разумее складаныя інструкцыі;
- фанетыкі — няправільна вымаўляе гукі (парушэнне гукавымаўлення);
- граматыкі — няправільна ўжывае прыназоўнікі, адзначаюцца парушэнні складовай структуры слова, памылкі ў родзе, ліку, склоне;
- лексікі — скарачэнне слоў, ужыванне лепетных слоў і г. д.
Калі ў дзіцяці затрымка маўлення з узростам не праходзіць, гэта можа быць прыкметай парушэння маўленчага развіцця. Такія дзеці могуць адчуваць цяжкасці з разуменнем і выкарыстаннем маўлення, што ўплывае на іх паўсядзённае жыццё.
Не ва ўсіх дзяцей з затрымкай маўлення ўзнікаюць праблемы з камунікацыяй.
Дзеці, якія растуць у двухмоўных сем’ях, могуць асвойваць мовы больш павольна, чым іх аднагодкі, якія размаўляюць толькі на адной мове. Гэта не лічыцца моўнай затрымкай.
Калі трэба праводзіць ацэнку развіцця маўлення?
У кожнага дзіцяці свае тэмпы развіцця, у тым ліку і маўленчага. Вы можаце параўноўваць дзіця з яго аднагодкамі, прымаючы да ўвагі асобасныя фактары, напрыклад тэмперамент дзіцяці, культурныя асаблівасці вашай сям’і і іншыя прычыны, аднак гэта не дапаможа вам правесці адэкватную ацэнку маўленчага развіцця дзіцяці.
Для разумення таго, якія прыкметы сведчаць пра затрымку маўленчага развіцця, неабходна ведаць асноўныя этапы і ўмоўныя нормы маўленчага развіцця дзяцей ранняга ўзросту.
Лепш за ўсё звярнуцца па прафесійную кансультацыю, калі вы заўважыце любую з наступных прыкмет у свайго дзіцяці ў розных узроставых перыядах.
Узрост 12 месяцаў
Ваша дзіця не спрабуе кантактаваць з вамі з дапамогай мімікі, жэстаў, гукаў ці простых слоў, асабліва калі яму патрэбна дапамога ці дзіцяці чагосьці хочацца. Яно не разумее значэння простых слоў, паўсядзённых прадметаў і дзеянняў.
Узрост 2 гады
Дзіця:
- ужывае менш за 50 розных слоў;
- не выкарыстоўвае простыя фразы, якія складаюцца з двух слоў, напрыклад: «Дай піць», «Мама, на»;
- не карыстаецца маўленнем спантанна для зносін, гэта значыць дзіця толькі капіруе словы ці фразы іншых;
- не разумее простых інструкцый ці пытанняў, напрыклад: «Прынясі мяч», «Хочаш есці?» або «Дзе тата?».
Да двух гадоў прыкладна ў кожнага пятага дзіцяці адзначаюцца прыкметы затрымкі маўлення. Многія з дзяцей нагоняць равеснікаў, калі стануць старэйшымі, але ў некаторых па-ранейшаму будуць праблемы з маўленнем.
Прыкладна ў 3 гады
Дзіця:
- не аб’ядноўвае словы ў больш доўгія фразы ці сказы, напрыклад: «Дапамажы мне, мама» ці «Хачу яшчэ піць»;
- не разумее больш складаных інструкцый ці пытанняў, напрыклад: «Дастань кубік і пакладзі яго ў скрынку» або «Што ты хочаш з’есці сёння на абед?»;
- мала цікавіцца ці ўвогуле не цікавіцца кнігамі;
- не задае пытанні.
Узрост 4–5 гадоў і старэйшы
Некаторыя дзеці ўсё яшчэ адчуваюць складанасці з маўленнем да таго часу, калі яны пачынаюць наведваць дзіцячую дашкольную ўстанову. Калі гэтыя цяжкасці не могуць быць растлумачаны іншымі прычынамі, такімі як РАС або парушэнне слыху, гэта можа быць прыкметай парушэння маўлення.
У дзяцей з парушэннем развіцця маўлення адзначаюцца наступныя асаблівасці:
- беднасць слоўнікавага запасу;
- частае выкарыстанне маўленчых штампаў;
- цяжкасці ў падборы слоў і сінонімаў;
- цяжкасці з разуменнем звернутага да іх маўлення і выкананнем складаных інструкцый;
- змена складу слоў ці іх скарачэнне;
- няправільнае ўжыванне слоў (памылкі, звязаныя са спражэннем дзеясловаў, скланеннем назоўнікаў), адсутнасць граматычных канструкцый (займеннікаў, прыназоўнікаў);
- складанасці з разуменнем слоў, сказаў, тэкстаў.
У любым узросце
- Страта пэўных навыкаў (рэгрэсія) — дзіця перастае рабіць тое, што рабіла раней, напрыклад, перастае гаварыць;
- Дыягностыка парушэння слыху, затрымкі развіцця або генетычнага сіндрому, які можа ўплываць на развіццё маўлення, напрыклад, сіндрому ломкай Х-храмасомы, сіндрому Даўна і іншых сіндромаў.
Дзецям з цяжкасцямі маўленчага развіцця неабходна пачаць аказваць дапамогу як мага раней. Вы — лепшы эксперт па развіцці вашага дзіцяці. Калі вас нешта турбуе, пракансультуйцеся са спецыялістамі (урачом, лагапедам) ці звярніцеся ў цэнтр ранняга ўмяшання.
Дзе атрымаць дапамогу пры затрымцы маўлення?
Калі вы лічыце, што ў вашага дзіцяці праблемы ў маўленчым развіцці, вам могуць аказаць дапамогу:
- педыятр;
- неўролаг;
- лагапед;
- аўдыёлаг;
- настаўнік-дэфектолаг;
- псіхолаг;
- спецыялісты цэнтра ранняга ўмяшання (дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў);
- спецыялісты цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Калі вы лічыце, што асноўнай праблемай вашага дзіцяці з’яўляецца развіццё маўлення і разуменне мовы, пракансультуйцеся з лагапедам. Спецыяліст правядзе паглыбленую ацэнку маўленчага развіцця вашага дзіцяці.
Калі вы лічыце, што ў вашага дзіцяці можа быць парушэнне слыху, лепш за ўсё правесці дакладную дыягностыку ў аўдыёлага, паколькі яно можа стаць прычынай цяжкасцей маўленчага развіцця і праблем з камунікацыяй у вашага дзіцяці.
Падтрымка дзяцей з затрымкай маўлення
Калі ў вашага дзіцяці дыягнаставана затрымка маўленчага развіцця, то спецыялісты могуць вас праінфармаваць пра існуючыя віды дапамогі і прапанаваць індывідуальныя або групавыя праграмы, якія развіваюць маўленчыя і камунікатыўныя навыкі.
У праграмах дапамогі выкарыстоўваюцца розныя падыходы, якія залежаць ад канкрэтных запатрабаванняў і акалічнасцей. У некаторых выпадках спецыяліст можа прапанаваць альтэрнатыўныя ці дадатковыя сродкі камунікацыі.
Ён таксама можа навучыць вас стратэгіям, якія вы будзеце выкарыстоўваць дома, каб дапамагчы вашаму дзіцяці мець зносіны. Гэта могуць быць як простыя прыёмы, напрыклад прадастаўленне дзіцяці большай колькасці часу для таго, каб пачаць або падтрымаць размову, так і больш складаныя — увядзенне дадатковых спосабаў камунікацыі — напрыклад, абмен карцінкамі для выяўлення дзіцем сваіх жаданняў і патрэб.
Прычыны затрымкі маўлення
Заўсёды складана гаварыць пра прычыны затрымкі маўленчага развіцця, аднак прынята выдзяляць біялагічныя і сацыяльныя фактары.
Да біялагічных фактараў можна аднесці наступныя:
- арганічныя паражэнні галаўнога мозга дзіцяці ў перынатальны перыяд (унутраная гіпаксія плода, асфіксія ў родах, родавыя траўмы, неданошанасць, інфекцыі, атрыманыя ва ўлонні маці);
- парушэнні слыху;
- спадчынныя асаблівасці: калі адзін з бацькоў позна загаварыў, цалкам верагодна, што ў дзіцяці таксама можа назірацца затрымка маўлення;
- расстройствы развіцця або сіндромы, якія прадугледжваюць парушэнні маўлення, — РАС або сіндром Даўна;
- частыя і працяглыя хваробы, звязаныя з парушэннем функцыі ЛОР-органаў.
Да сацыяльных фактараў адносяць наступныя:
- неспрыяльныя ўмовы выхавання: адсутнасць станоўчай эмацыянальнай абстаноўкі;
- псіхатраўміруючая сітуацыя ў сям’і;
- працяглая разлука з блізкімі;
- працяглыя шпіталізацыі ў дзяцей, якія часта хварэюць;
- педагагічная занядбанасць;
- парушэнні маўлення ў навакольных дарослых;
- білінгвізм.
Часам затрымка маўлення і камунікатыўных навыкаў можа быць прыкметай больш сур’ёзных праблем развіцця, у тым ліку парушэння слыху, затрымкі развіцця, інтэлектуальнай недастатковасці, РАС. Вы ведаеце сваё дзіця лепш, чым хто-небудзь іншы. Калі вы турбуецеся пра развіццё свайго дзіцяці, пракансультуйцеся з прафесіяналам.