Кантакт «скура да скуры» адразу пасля нараджэння

Непасрэдны кантакт паміж маці і здаровым немаўлём адразу пасля нараджэння каштоўны і незаменны. Ён палягчае адаптацыю дзіцяці да навакольнага асяроддзя, спрыяе ўстанаўленню псіхаэмацыянальнай сувязі паміж маці і дзіцем, лактацыі і паспяховаму пачатку груднога выкормлівання.
Body

Мама зноў тут!

Праз скуру нованароджанае дзіця адчувае цяпло вашага цела і вашых дакрананняў; адчувае, што яго/яе абдымаюць. Ён/яна чуе ваш ужо знаёмы голас і гук вашага сэрцабіцця, наладжвае зрокавы кантакт. Першы зрокавы кантакт паміж маці і дзіцем — гэта момант, значэнне якога немагчыма пераацаніць, момант, які вы ніколі не забудзеце. Часта менавіта ён з’яўляецца вызначальным у рашэнні маці карміць грудзьмі.

Цялесны кантакт

Кантакт дзіцяці з целам маці адразу пасля нараджэння супакойвае абаіх; дапамагае стабілізаваць сардэчны рытм і дыханне ў дзіцяці; сагравае яго/яе за кошт цяпла цела маці; спрыяе рэгуляцыі метабалізму і стабілізацыі ўзроўню цукру ў крыві ў нованароджанага; прадухіляе плач дзіцяці; зніжае стрэс і выдаткі энергіі; спрыяе пераносу мікраарганізмаў (мікрабіёты) ад маці да дзіцяці; садзейнічае наладжванню сувязі паміж маці і немаўлём; дазваляе дзіцяці знайсці грудзі і ажыццявіць першае кармленне.

Рэкамендацыі

  • Кантакт павінен быць наладжаны неадкладна, яшчэ да пераразання пупавіны, ці як мага хутчэй на працягу першых некалькіх хвілін пасля гэтага.
  • Працягласць кантакту павінна складаць не менш за адну гадзіну.
  • Калі дзіця нарадзілася з дапамогай кесарава сячэння пад спінальнай/эпідуральнай анестэзіяй, ажыццяўленне кантакту «скура да скуры» таксама магчыма.
  • У выпадку кесарава сячэння пад агульным наркозам адразу пасля нараджэння дзіця можа ўстанавіць кантакт з бацькам, а з маці — пасля таго, як яна прачнецца (праз некалькі гадзін).
  • Калі нараджаюцца блізняты, то першае дзіця можа фізічна кантактаваць з маці да таго часу, пакуль не пачнецца нараджэнне другога.

Як забяспечыць кантакт «скура да скуры»

  • Дзіця кладуць на жывот маці.
  • Адразу пасля нараджэння скуру дзіцяці трэба абсушыць, каб стымуляваць дыханне і плач. Далоні не выціраюць: нованароджанае дзіця супакойвае прывычны пах каляплодных вод.
  • Голае дзіця кладуць на аголеныя грудзі і жывот маці. Немаўля ляжыць на жываце, рукі разведзены, ногі злёгку разведзены і сагнуты.
  • На дзіця неабходна надзець шапачку і накрыць разам з маці ручніком/коўдрай.
  • Нос і рот нельга закрываць, галава павернута ўбок, шыя прамая, але не нахілена наперад, каб не перашкаджаць дыханню.

Калі вы турбуецеся, што пасля родаў будзеце стомлены, ведайце: няма нічога, што расслабляла б вас і рабіла больш шчаслівым, чым цесны кантакт з дзіцем! Калі вы хвалюецеся пра тое, што дзіця будзе спаць, ведайце: у першыя гадзіны пасля нараджэння немаўля не спіць, у яго/яе абвастраюцца нюх і смак, ён/яна гатовы (-а) да кармлення грудзьмі. Калі вас непакоіць, ці ўсё ў парадку з дзіцем, будзьце ўпэўнены: вы і ваша дзіця пад уважлівым назіраннем медыцынскіх работнікаў радзільнага аддзялення.