Як выглядае дзіця адразу пасля нараджэння

Знешнасць і паводзіны дзіцяці адразу пасля нараджэння могуць збянтэжыць ці занепакоіць вас. Часцей за ўсё гэта звязана з натуральнай трывогай наконт таго, ці ўсё з ім у парадку. А магчыма, таксама і з тым, што вашы чаканні адносна выгляду вашага дзіцяці пасля з'яўлення яго на свет не супалі з рэальнасцю.
Body

Момант нараджэння вашага дзіцяці адначасова чароўны і напружаны. Здараецца, што дзіця выглядае ці паводзіць сябе не так, як таго чакаюць бацькі. Часцей за ўсё гэта часовыя ці бяскрыўдныя з’явы і прычын для хвалявання няма.

Скура

Самыя важныя змены адбываюцца ў момант, калі дзіця з абароненага, спакойнага і цёплага асяроддзя ва ўлонні маці імкліва трапляе ў знешні свет. Немаўля ў першыя хвіліны пасля нараджэння можа быць сіняга або фіялетавага колеру; аднак калі яно добра дыхае, калі яму цёпла і суха, на працягу наступных 7–10 хвілін яго скура паступова паружавее. Ручкі і ножкі могуць заставацца сінімі да 24 гадзін, і гэта нармальна.

Пры нараджэнні скура дзіцяці пакрыта белай слізкай субстанцыяй, якая называецца першароднай змазкай. У неданошаных дзяцей слой такой змазкі можа быць больш тоўстым, асабліва ў скурных складках. Не рэкамендуецца выдаляць яе, паколькі яна выконвае ахоўную ролю.

Твар нованароджанага можа быць сінюшным, ацёчным, з выяўленай прыпухласцю павекаў. Назіраецца значная сінюшнасць скурнага покрыва нованароджанага, калі мела месца абвіццё пупавіны вакол шыі, якое прыводзіць да разрыву малюсенькіх капіляраў скуры. У наступныя дні сінюшнасць павольна праходзіць, што можа суправаджацца прыкметнай жаўтухай.

Скура нованароджанага можа лушчыцца ці нават адслойвацца, часцей гэта адбываецца ў дзяцей, якія нарадзіліся пазней за меркаваную дату родаў. Скура і пазногці могуць быць зялёнага колеру, калі каляплодныя воды былі такімі (гэта азначае, што каляплодныя воды змяшаліся з меконіем — так называецца кал дзіцяці да нараджэння).

Форма галавы

У нованароджаных дзяцей галава ў прапорцыі адносна памеру цела выглядае большай, чым у дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых. Асабліва ярка заўважная розніца ў неданошаных немаўлят і ў дзяцей з нізкай масай цела.

Галава дзіцяці адразу пасля нараджэння можа здавацца выцягнутай — гэта нармальна; у нованароджанага злучэнні касцей чэрапа рухомыя і самі косці мяккія — усё гэта неабходна для максімальна лёгкага праходжання праз родавыя шляхі. Часта назіраецца невялікі ацёк на задняй частцы макаўкі, ён можа з’явіцца лявей ці правей. У некаторых дзяцей гэты ацёк вельмі вялікі, нібы шапка (асабліва калі дзіця нарадзілася з дапамогай вакуум-экстракцыі). Праз некалькі гадзін ацёк памяншаецца. З другога дня жыцця ў некаторых дзяцей можна заўважыць кефалагематому — кровазліццё паміж косцю чэрапа і надкосніцай. Яна можа з’явіцца ў раёне макаўкі збоку — як з адной, так і з абедзвюх старон. Кефалагематома лічыцца родавай траўмай, але яна бясшкодная і паступова праходзіць на працягу наступных некалькіх тыдняў — тэрмін залежыць ад яе памеру.

На форму галавы нованароджанага ўплывае мноства фактараў: роды раней за тэрмін, двайная або шматплодная цяжарнасць, недахоп каляплодных вод. Дзеці, у якіх было тазавае перадляжанне, пры нараджэнні маюць пэўную форму галавы і выглядаюць прыкладна аднолькава: твар круглы, макаўка пляскатая, галава выцягнутая ў напрамку патыліцы.

У любым выпадку форма галавы будзе змяняцца ў першыя некалькі тыдняў — яна стане больш акруглай і паступова набудзе форму, «зададзеную» генамі.

Ні на хвіліну не забывайце пра ўнікальнасць вашага дзіцяці і пра яго непаўторную прыгажосць!!!