Пасля нараджэння дзіцяці: чаго чакаць у першыя гадзіны

Што адбываецца адразу пасля родаў, залежыць ад таго, як яны праходзілі, а таксама ад стану здароўя і ступені адаптацыі вашага дзіцяці пры нараджэнні. Вы можаце пачаць наладжваць сувязь са сваім дзіцем, як толькі яно народзіцца, калі немаўля добра дыхае і ваша здароўе стабільнае. Калі ваш стан ці стан вашага дзіцяці патрабуе тэрміновай дапамогі, медыцынскія спецыялісты неадкладна яе акажуць.
Body

Першыя хвіліны пасля нараджэння дзіцяці

Момант нараджэння вашага дзіцяці можа быць чароўным і напружаным адначасова. Што адбудзецца адразу пасля нараджэння, будзе залежаць ад таго, як праходзілі вашы роды, ад таго, у якім стане нарадзілася ваша дзіця, наколькі хутка яно адаптуецца.

Няўскладненыя вагінальныя роды

Большасць немаўлят пачынаюць дыхаць і плакаць на працягу першых некалькіх секунд пасля нараджэння.

Калі зразумела, што вашаму стану здароўя і стану здароўя вашага дзіцяці нішто не пагражае, адразу пасля родаў вам дадуць магчымасць наладзіць з дзіцем блізкі кантакт «скура да скуры» — немаўля пакладуць голым вам на грудзі ці жывот адразу пасля нараджэння. Кантакт «скура да скуры» дае магчымасць сагрэць ваша дзіця, дапамагае стабілізаваць яго дыханне і частату сардэчных скарачэнняў, а таксама дазваляе вам дваім адразу ж пасля родаў уз’яднацца фізічна. Гэта таксама з’яўляецца трыгерам для груднога выкормлівання.

Акушэрка абсушыць цела вашага дзіцяці, пакуль яно ляжыць з вамі, і накрые вас абаіх цёплай коўдрай або ручнікамі.

Шчыпцы або вакуум-экстрактар

У большасці выпадкаў дзеці, народжаныя з дапамогай шчыпцоў ці вакуумнага экстрактара, пры нараджэнні здольныя дыхаць і плакаць. Але ў некаторых дзяцей могуць з’явіцца цяжкасці, асабліва ў выпадку іх вялікай стомленасці падчас родаў. У гэтым выпадку спецыялісты акажуць неабходную дапамогу і, пераканаўшыся, што дзіця пачало самастойна дыхаць, вернуць яго вам, абсушыўшы і сагрэўшы з дапамогай цёплага ручніка ці коўдры. Затым вы можаце патрымаць немаўля і, наладзіўшы кантакт «скура да скуры», здзейсніць першае прыкладанне да грудзей.

Планавае кесарава сячэнне

У большасці выпадкаў дзеці, народжаныя з дапамогай планавага кесарава сячэння, адразу пасля нараджэння здольныя дыхаць і плакаць. Але ў некаторых з іх могуць узнікаць цяжкасці. У гэтым выпадку спецыялісты акажуць неабходную дапамогу. Пераканаўшыся, што дзіця пачало самастойна дыхаць, медыцынскі работнік абсушыць і сагрэе яго з дапамогай цёплага ручніка ці коўдры. Пасля гэтага ён прапануе вам патрымаць немаўля, пакуль вы знаходзіцеся на аперацыйным стале (калі ў вас няма агульнага наркозу). Не заўсёды ў родадапаможных установах практыкуецца кантакт «скура да скуры», пакуль жанчына яшчэ знаходзіцца на аперацыйным стале. Таму лепш удакладніце непасрэдна ў спецыялістаў, якія будуць аказваць вам дапамогу ў родах, ці магчымы гэты варыянт пры нараджэнні вашага дзіцяці.

Незапланаванае (экстраннае) кесарава сячэнне

Немаўлятам, народжаным у выніку незапланаванага кесарава сячэння, з большай верагоднасцю спатрэбіцца дапамога. У гэтым выпадку спецыялісты зробяць усё неабходнае для вашага дзіцяці.

Калі ваша дзіця будзе здольна дыхаць самастойна і паказчыкі вашага здароўя будуць стабільнымі, медыцынскі спецыяліст заверне ваша дзіця ў цёплы ручнік ці коўдру і дасць вам патрымаць яго, пакуль вы знаходзіцеся на аперацыйным стале (калі ў вас няма агульнага наркозу).

Абразанне пупавіны

Пасля нараджэння дзіцяці пупавіну трэба пераціснуць і перарэзаць. Зрабіць гэта досыць складана, але сам працэс не з’яўляецца балючым ні для вас, ні для немаўляці.

Калі вашаму дзіцяці патрэбна сур’ёзная дапамога, каб наладзіць самастойнае дыханне пры нараджэнні, або стан дзіцяці патрабуе аказання бесперапыннай медыцынскай дапамогі, магчыма, яго адразу ж перавядуць у аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АІТН). Хутчэй за ўсё, у такім выпадку вашы першыя абдымкі давядзецца адкласці, пакуль дзіця не паправіцца.

Як будзе выглядаць і паводзіць сябе ваша немаўля пасля нараджэння

Калі ваша дзіця перамяшчаецца з абароненага, ціхага і цёплага ўлоння ў знешні свет, у яго целе адбываюцца некаторыя важныя змены.

Колер скуры вашага дзіцяці можа мець сіняе або фіялетавае адценне ў першыя некалькі хвілін пасля нараджэння. Калі дзіця дыхае, колер яго скуры паступова становіцца ружовым на працягу 5–7 хвілін пасля нараджэння. Ручкі і ножкі вашага дзіцяці могуць заставацца сінімі да 24 гадзін. Гэта звязана з тым, што крывяносныя сасуды ў руках і нагах вашага дзіцяці вельмі маленькія і патрабуецца час, каб кроў пачала паўнацэнна цыркуляваць.

Калі ўсё ў парадку, большасць немаўлят плачуць адразу пасля нараджэння. Затым, супакоіўшыся, яны ціха аглядаюць усё навокал, перш чым заснуць. Гэта нармальна, што немаўляты засынаюць, але некаторыя могуць не спаць і нават захацець есці.

Калі здаецца, што ваша дзіця галоднае, вы можаце пакарміць яго грудзьмі ужо праз некалькіх хвілін пасля нараджэння. Акушэрка дапаможа прыкласці дзіця да грудзей.

Ацэнка па шкале Апгар

Ацэнка па шкале Апгар — гэта ацэнка частаты сардэчных скарачэнняў, дыхання, мышачнага тонусу, рэакцыі на раздражняльнікі і колеру скуры вашага дзіцяці. Па кожным з гэтых пяці крытэрыяў прысвойваецца бал 0, 1 ці 2, а агульная сума складае паказчык па шкале Апгар. Ацэнку праводзяць на 1-й і 5-й хвіліне пасля нараджэння.

Ацэнка стану вашага дзіцяці па шкале Апгар паказвае, наколькі добра яно перайшло ад жыцця ва ўлонні маці да жыцця за яго межамі. Вынікі па шкале Апгар запісваюцца ў медыцынскую карту дзіцяці.

Абследаванні і лекі ў першыя 24 гадзіны

На працягу першай гадзіны пасля родаў акушэрка надзене вашаму немаўляці дзве біркі з імем.

Дзіця таксама будзе ўзважана на працягу першых некалькіх гадзін і пройдзе фізічны агляд.

Пры адсутнасці супрацьпаказанняў неўзабаве пасля нараджэння вашаму дзіцяці зробяць дзве абавязковыя ін'екцыі ў мышцы сцягна:

  • вітаміну К — для прадухілення парушэння згусальнасці крыві, выкліканага дэфіцытам вітаміну К;
  • вакцыны супраць гепатыту B.

На працягу першых 48–72 гадзін жыцця дзіця будзе праходзіць розныя абследаванні з мэтай выяўлення магчымых прыкмет рэдкіх захворванняў, парушэння слыху і г. д.

Таксама перад выпіскай вашаму дзіцяці правядуць вакцынацыю ад туберкулёзу (БЦЖ-М).