Гульні з нованароджанымі

Гульня мае важнае значэнне для агульнага развіцця, навучання, здароўя нованароджанага і ўмацавання сувязі з ім. Гульня з немаўлём — гэта ўзаемадзеянне з ім: калі вы ўсміхаецеся дзіцяці, гуляеце з ім у «дражнілкі», даяце яму паляжаць на жываце і г. д.
Body

Гульні з нованароджанымі: чаму гэта важна

Гуляць з дзіцем важна для яго агульнага развіцця, навучання і здароўя.

У працэсе гульні ваш нованароджаны даведваецца пра навакольны свет і пра тое, як ён можа з ім узаемадзейнічаць. Новы досвед, які дзіця атрымлівае падчас гульняў, таксама спрыяе таму, што мозг вашага немаўляці пачынае наладжваць узаемасувязі і развівацца. А гульні, якія прымушаюць дзіця рухацца, спрыяюць развіццю агульнай і дробнай маторыкі і сілы мышцаў.

Гульня з нованароджаным дапамагае яму вучыцца гаварыць і разумець словы. Магчыма, у вас не заўсёды будзе час, каб адкласці ўсе справы і пагуляць, але вы ўсё роўна можаце паразмаўляць са сваім дзіцем пра тое, што адбываецца, напрыклад, калі вы гатуеце вячэру, робіце пакупкі ці складваеце адзенне.

Сумесная гульня дапамагае вам і вашаму дзіцяці больш даведацца адзін пра аднаго. Яна можа многа расказаць вам пра вашага нованароджанага. Прымітыўныя і дураслівыя або ціхія і спакойныя — вы хутка зразумееце, якія гульні падабаюцца вашаму дзіцяці.

Калі вы гуляеце, дзіця вучыцца давяраць вам і спадзявацца на вас, а сувязь паміж вамі становіцца больш трывалай. Гэта дапаможа яму адчуць сябе любімым і абароненым.

Ідэі для гульняў з нованароджанымі

Важней за ўсё ў гульнях з вашым нованароджаным — зносіны з ім, а не цацкі і іншыя атрыбуты. Каб пачаць гуляць з нованароджаным, патрэбны толькі вы самі і ваша дзіця.

Вось некалькі ідэй для гульняў з нованароджанымі:

  • Спявайце, размаўляйце, лёгенька казычыце дзіця, лічыце пальчыкі на ножках, гуляйце ў «дражнілкі» — выбірайце простыя гульні. Немаўляты таксама любяць забавы з дотыкамі, напрыклад «Ідзе каза рагатая». Таксама выдатна, калі вы будзеце расказваць дзіцячыя вершыкі ці спяваць традыцыйныя для вашай культуры песенькі на роднай мове.
  • Крыўляйцеся, усміхайцеся, паказвайце язык... Ваш нованароджаны любіць глядзець на ваш твар. Змена падгузнікаў — гэта выдатны час для гульняў твар у твар.
  • Давайце свайму дзіцяці розныя прадметы, якія яно зможа памацаць, — мяккія цацкі, бразготкі або развіваючыя кніжкі з тканіны са старонкамі рознай тэкстуры прынясуць многа радасці вашаму нованароджанаму. Калі дзіця мацае розныя рэчы, гэта дапамагае яму спазнаваць свет вакол сябе.
  • Паказвайце свайму нованароджанаму дзіцяці свет — глядзіце з ім у акно, разглядайце дамы, людзей і ўсё навокал.
  • Давайце дзіцяці кожны дзень ляжаць на жываце. Так яно вучыцца трымаць сваю галоўку і глядзець на рэчы пад іншым вуглом. Заўсёды сачыце за сваім дзіцем, пакуль яно ляжыць на жываце, а спаць укладвайце на спіну.
  • Размаўляйце з нованароджаным або ўтварайце гукі і давайце яму адказаць. Магчыма, гэта зойме некаторы час, але вы здзівіцеся, колькі ўсяго можа «сказаць» ваша дзіця. Так яно навучыцца разумець, што ў дыялогу слухаць і гаварыць трэба па чарзе.
  • Паспрабуйце чытаць свайму дзіцяці. Пачынаць чытаць ніколі не рана, але памятайце пра тое, што трымаць кнігу трэба блізка, бо нованароджаныя могуць бачыць толькі на адлегласці прыкладна 20–30 см перад сабой.

І не забывайце атрымліваць задавальненне. Гульня — гэта весялосць для ўсіх.

Дзіця само падкажа вам, як сябе паводзіць. Нават энергічным дзецям патрэбен адпачынак, і яны могуць стаміцца, калі вы будзеце гуляць з імі вельмі доўга. Заўважыўшы, што дзіця выглядае спалоханым або засмучаным, паспрабуйце зрабіць паўзу і пагуляць з ім у больш спакойную гульню.