Абавязковыя крокі і працэдуры пасля нараджэння дзіцяці

Адразу пасля нараджэння і падчас знаходжання нованароджанага ў раддоме неабходна выканаць шэраг стандартных крокаў і працэдур. За апошнія дзесяцігоддзі гэтыя працэдуры зазналі сур'ёзныя змены дзякуючы пашырэнню ведаў пра фізіялогію і патрэбы нованароджаных.
Body

Адразу пасля нараджэння і падчас знаходжання нованароджанага ў раддоме неабходна выканаць шэраг стандартных крокаў і працэдур, апісаных ніжэй.

Абсушванне скуры нованароджанага

Абсушванне скуры дзіцяці – неадкладная працэдура пасля нараджэння, якая стымулюе немаўля да самастойнага дыхання, а таксама прадухіляе імклівую страту цяпла. Мокрая скура нованароджанага, асабліва скура галавы, хутка аддае цяпло, і задача медыцынскіх работнікаў — як мага хутчэй выцерці і сагрэць дзіця. Аптымальным і фізіялагічным спосабам сагрэць немаўля з'яўляецца неадкладны кантакт маці і дзіцяці «скура да скуры».

Цялесны кантакт «скура да скуры»

Гэта наступны крок пры ўмове здавальняючага стану маці і адсутнасці парушэнняў жыццёва важных функцый у дзіцяці. Кантакт «скура да скуры» неабходна ажыццявіць адразу ж пасля родаў, не пазней чым праз 5 хвілін — немаўля пасля абсушвання голым кладзецца на адкрыты ўчастак цела маці (жывот, грудзі) без адзення/пялёнкі паміж імі, зверху для захавання цяпла маці і дзіця накрываюць цёплай сухой пялёнкай (ручніком, пакрывалам, коўдрай). Такі кантакт павінен быць працяглым — на працягу гадзіны і даўжэй, ажыццяўляць яго трэба з наступным раннім прыкладаннем дзіцяці да грудзей.

Калі кантакт «скура да скуры» з маці па нейкіх прычынах немагчымы, яго можна ажыццявіць паміж дзіцем і бацькам/партнёрам па родах.

Адтэрмінаваная перасячэнне пупавіны

Рэкамендуецца не пераціскаць пупавіну (устаноўка заціска, які перарывае крываток па пупавіне) як мінімум першыя 60 секунд пасля нараджэння. Гэта спрыяе адаптацыі крыватоку і дыхання дзіцяці, немаўля таксама атрымлівае дадатковы аб'ём крыві маці, што з'яўляецца прафілактыкай анеміі ў наступныя месяцы. Пасля пераціснутая пупавіна перасякаецца нажніцамі, на яе накладваецца спецыяльны заціск. У выпадку партнёрскіх родаў пупавіну дзіцяці медыцынскія работнікі могуць прапанаваць перарэзаць бацьку/партнёру па родах.

Пасля перасячэння пупавіны дзіця аддзяляецца ад цела маці і пачынае свой самастойны шлях у жыццё.

Першае прыкладанне да грудзей

Калі парушэнняў жыццёва важных функцый у дзіцяці няма і маці знаходзіцца ў здавальняючым стане, не пазней за паўгадзіны пасля родаў рэкамендуецца ажыццявіць першае прыкладанне дзіцяці да грудзей. Калі ажыццявіць яго па якіх-небудзь прычынах не ўдаецца, можа быць прапанаваны альтэрнатыўны спосаб увядзення кропель малодзіва ў ротавую поласць дзіцяці (з дапамогай піпеткі, шпрыца) — гэта забяспечыць імунную абарону, папаўненне энергетычных затрат, засяленне страўнікава-кішачнага тракта дзіцяці неабходным асяроддзем мікраарганізмаў маці і многае іншае, што ў наступным станоўча паўплывае на здароўе дзіцяці і знізіць рызыку развіцця многіх захворванняў.

Надзяванне ідэнтыфікацыйнага бранзалета

Гэта наступная пасляродавая працэдура. На ідэнтыфікацыйным бранзалеце фіксуюць прозвішча і імя маці, дату і час нараджэння, пол дзіцяці і яго антрапаметрычныя паказчыкі. Бранзалеты мацуюцца на запясці маці і нованароджанага.

Вымярэнне асноўных паказчыкаў нованароджанага (даўжыня і маса цела, акружнасць галавы)

Гэты этап лепш за ўсё выканаць пасля цялеснага кантакту «скура да скуры» і першага кармлення грудзьмі.

• Няма ніякай неабходнасці ў купанні нованароджанага, так як пры гэтым адбываецца ахалоджванне дзіцяці і змываецца ахоўны слой з яго скуры.

• Не рэкамендуецца разлучаць нованароджанага з маці больш чым на адну гадзіну, за выключэннем выпадкаў, абумоўленых медыцынскімі паказаннямі.

Прафілактычныя працэдуры, вакцыны і абследаванні

У першую гадзіну пасля нараджэння дзіцяці праводзяць прафілактыку гемарагічнай хваробы нованароджаных вітамінам К (шляхам унутрымышачнага ўвядзення ў пярэднебакавую паверхню сярэдняй часткі сцягна). У першыя 12 гадзін жыцця немаўля атрымлівае першую дозу вакцыны супраць гепатыту В — уводзіцца таксама, як вітамін К, толькі ў другую нагу. Перад выпіскай (на 3–5-ы дзень жыцця) дзіцяці робяць прышчэпку ад туберкулёзу — унутрыскурна ў верхнюю трэць левага пляча. Ва ўсіх немаўлят бяруць аналіз крыві для метабалічнага скрынінгу. Таксама ўсе нованароджаныя праходзяць скрынінг слыху. У адпаведнасці з рэкамендацыямі педыятра, які назірае дзіця ў родадапаможнай установе, пры неабходнасці могуць быць прызначаны дадатковыя абследаванні і працэдуры.