Догляд пупка

Пупок малога дзіцяці — гэта тое, што застаецца ад пупавіны пасля нараджэння. У перыяд развіцця плода ва ўлонні маці паступленне да яго пажыўных рэчываў, кіслароду, а таксама іншыя абменныя працэсы ажыццяўляюцца з дапамогай пупавіны паміж маці і дзіцем. Калі пупавіну пераразаюць пры нараджэнні, на жываце дзіцяці застаецца невялікі яе астатак.
Body

Пупавінны астатак у вашага дзіцяці: агульныя звесткі

Пасля нараджэння дзіцяці яго пупавіну пераразаюць. Акушэрка накладвае пластыкавы заціск на астатак пупавіны. Заціск здымаюць праз адзін ці два дні, калі пупавінны астатак падсохне і зацягнецца.

У першыя некалькі дзён пасля нараджэння дзіцяці астатак пацямнее, муміфікуецца і ўрэшце адпадзе. Часам на гэта патрабуецца тыдзень ці два. Калі астатак не адпаў больш чым праз 3 тыдні, трэба пракансультавацца з медыцынскай сястрой ці педыятрам.

Пакуль пупавінны астатак падсыхае і адразу пасля таго, як ён адпадзе, можна заўважыць вакол пупка дзіцяці выдзяленні. Яны могуць быць празрыстымі, ліпкімі ці карычневатымі, могуць пакідаць след на адзенні ці падгузніках. Таксама гэтыя выдзяленні могуць мець пах. Гэта звычайная частка працэсу гаення, вам няма пра што турбавацца.

Ачышчэнне і догляд пупка вашага немаўляці

Мыйце рукі перад тым, як апрацоўваць пупавінны астатак, і па магчымасці паспрабуйце не дакранацца да яго.

Ачышчаць вобласць пупка вашага дзіцяці лепш вадой. Для гэтай мэты не рэкамендуецца выкарыстоўваць мыла, крэмы, антысептыкі ці спірт, перавязваць пупок таксама не трэба.

Прасачыце, каб пупавінны астатак цалкам высыхаў пасля купання. Ён будзе падсыхаць і гаіцца нашмат хутчэй, калі як мага больш будзе «дыхаць». Не закрывайце пупавінны астатак непрамакальнымі трусікамі і падгузнікамі. Па магчымасці адхінайце пояс падгузніка ўніз далей ад пупка.

Калі на пупавінны астатак патрапілі мача ці кал дзіцяці, змыйце іх чыстай праточнай вадой (з нямоцным напорам) і дзіцячым мылам з нейтральнай кіслотнасцю.

Ніколі не спрабуйце самі адарваць пупавінны астатак, нават калі здаецца, што ён вось-вось адпадзе.

Пупочная гранулёма

Пасля таго, як пупавінны астатак адпадзе, у некаторых немаўлят можа развіцца пупочная гранулёма. Звычайна яна выглядае як невялікае ружовае ці чырвонае ўшчыльненне на месцы пупка. Часам з гэтага ўшчыльнення могуць з’яўляцца выдзяленні.

Пупочная гранулёма часцей не нясе пагрозы, аднак педыятру ці медыцынскай сястры варта яе агледзець.

Пупочная грыжа

Калі ў дзіцяці з’явілася выпукласць або прыпухласць каля пупка, гэта можа сведчыць пра наяўнасць пупочнай грыжы. Калі ў дзіцяці пупочная грыжа, яно будзе плакаць ці напружвацца пры дэфекацыі. Звычайна гэта не ўяўляе небяспекі і не прычыняе шкоды дзіцяці.

Верагодней за ўсё, пупочная грыжа самастойна закрыецца ў першыя два гады жыцця, аднак у некаторых выпадках гэтага можа не адбыцца да чатырох гадоў ці больш.

Інфекцыя пупавіннага астатку — гэта сур’ёзнае ўскладненне, таму як мага хутчэй трэба звярнуцца да ўрача, калі вобласць пупка дзіцяці стала гарачай, пачырванела ці прыпухла, і/або калі ў дзіцяці высокая тэмпература ці адзначаецца пагаршэнне самаадчування, або калі праз некалькі дзён пасля таго, як пупавінны астатак адпаў, усё яшчэ выдзяляецца ліпкая вадкасць.