Што рабіць, калі дзіця атруцілася
Калі вы заўважылі ў дзіцяці любыя сімптомы атручвання ці ёсць падазрэнне, што яно атруцілася, неадкладна звярніцеся па хуткую медыцынскую дапамогу па нумары тэлефона 103. Вы можаце атрымаць неабходныя інструкцыі па далейшых дзеяннях, выклікаць брыгаду для аказання своечасовай медыцынскай дапамогі вашаму дзіцяці і атрымаць рэкамендацыю шпіталізацыі пры неабходнасці.
Body
Што рабіць, пакуль дзіцяці не будзе аказана прафесійная медыцынская дапамога
У выпадку ўдыхання ядавітых або таксічных газаў:
- Перш за ўсё забяспечце абаронай сябе, бо ядавітыя газы могуць нашкодзіць і вам.
- Як мага хутчэй выведзіце дзіця на свежае паветра.
У выпадку, калі ядавітае рэчыва трапіла на скуру:
- Зніміце з дзіцяці адзенне, на якое трапіла ядавітае рэчыва.
- Прамывайце скуру цёплай праточнай вадой не менш за 15 хвілін.
- Не наносьце крэмы ці мазі на пашкоджаныя ўчасткі скуры.
У выпадку, калі ядавітае рэчыва трапіла ў вочы:
- Прамывайце вочы цёплай праточнай вадой на працягу 15 хвілін у напрамку ад знешняга вугла вока да ўнутранага, пры гэтым павекі павінны быць адкрыты.
- Не прыкладайце да вачэй марлю, тканіну і інш.
- Не выкарыстоўвайце якія-небудзь лекавыя сродкі для вачэй без папярэдняй кансультацыі з урачом.
У выпадку праглынання ядавітага рэчыва:
- Прыбярыце крыніцу атручвання далей ад дзіцяці.
- Прымусьце дзіця выплюнуць ядавітае рэчыва, якое яно не паспела праглынуць, або пальцамі дастаньце яго з рота дзіцяці.
- Не правакуйце рвоту.
Калі дзіця праглынула плоскую круглую батарэйку ці яна засела ў яго ў носе, горле, вуху:
- Неадкладна звярніцеся ў аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі, каб аператыўна дастаць батарэйку.
- Не спрабуйце выклікаць у дзіцяці рвоту, а таксама не давайце яму ні ежу, ні вадкасць без папярэдняй кансультацыі з урачом.
Захавайце лекі, хімічнае рэчыва ці ўпакоўку ад таго, што, на вашу думку, стала прычынай атручвання. Веданне тыпу рэчыва, якое выклікала атручэнне, дапаможа спецыялістам пры вызначэнні далейшага лячэння.
Калі дзіця без прытомнасці і не падае прыкмет жыцця, неабходна неадкладна пачаць сардэчна-лёгачную рэанімацыю і як мага хутчэй выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі па нумары тэлефона 103. Пачынайце сардэчна-лёгачную рэанімацыю да прыбыцця брыгады!