Супрацьпаказанні да вакцынацыі
Супрацьпаказаннямі да выканання прышчэпак з’яўляюцца станы і захворванні, пры якіх нельга ўводзіць пэўныя вакцыны з-за рызыкі магчымых сур’ёзных непажаданых рэакцый. Таму вельмі важна, каб перад кожнай вакцынацыяй урач удакладняў асабісты і сямейны анамнез, праводзіў агляд дзіцяці.
Body
Па тэрміне і дзеянні супрацьпаказанні могуць быць агульнымі і спецыяльнымі, часовымі і пастаяннымі.
Агульныя супрацьпаказанні для ўсіх відаў вакцын:
- бягучае вострае захворванне сярэдняй ці цяжкай ступені;
- стан гарачкі;
- цяжкая алергічная рэакцыя (анафілаксія) на папярэднюю дозу вакцыны або на адзін з яе кампанентаў;
- сур’ёзная непажаданая рэакцыя на папярэднюю дозу вакцыны.
Дадатковыя супрацьпаказанні да ўжывання жывых вакцын:
Аслабленая імунная сістэма (прыроджаны або набыты імунадэфіцыт: злаякасныя новаўтварэнні, ВІЧ-інфекцыя, хіміятэрапія, прыём высокіх доз кортыкастэроідаў, апрамяненне, іншыя цяжкія выпадкі імунасупрэсіі).
Дадатковыя супрацьпаказанні да ўжывання камбінаваных вакцын з коклюшным кампанентам:
- прагрэсіруючыя неўралагічныя захворванні (некантралюемая эпілепсія, інфантыльныя спазмы, энцэфалапатыя — прагрэсіруючае паражэнне галаўнога мозга);
- небяспечныя станы: асабісты або сямейны анамнез сударгаў.
Бягучае захворванне лёгкай ступені, захворванне верхніх дыхальных шляхоў не з’яўляюцца супрацьпаказаннямі для вакцынацыі.