Альтэрнатыўныя спосабы кармлення нованароджаных і немаўлят
Кармленне з кубка — гэта альтэрнатыўны грудному выкормліванню метад, які рэкамендуецца пры якіх-небудзь цяжкасцях або немагчымасці кармлення непасрэдна грудзьмі. Таксама гэта ідэальны спосаб дапоўніць грудным малаком выкормліванне дзіцяці, народжанага з малой масай цела, у перыяд, пакуль яно аслаблена і не можа атрымаць дастатковую колькасць малака, прыкладаючыся да грудзей.
Кармленне з кубка мае шэраг пераваг перад кармленнем з бутэлечкі:
- стымулюе каардынацыю смактання, глытання і дыхання;
- дазваляе дзіцяці кантраляваць аб’ём ежы і тэмп кармлення;
- падчас яго дзіця знаходзіцца побач з маці і можа падтрымліваць з ёй зрокавы кантакт;
- гэта просты спосаб выканання неабходных правіл гігіены.
Часцей за ўсё для кармлення дзяцей прынята выкарыстоўваць бутэлечку з соскай. Але гэты спосаб можа ўскладніць прыкладанне да грудзей, а часам нават прывесці да адмовы ад груднога выкормлівання. Выкарыстоўваць бутэлечку з соскай не рэкамендуецца ні для дзяцей, якія часова не могуць смактаць грудзі, ні для тых, каму неабходны дакорм.
Калі ваша дзіця знаходзіцца на штучным выкормліванні, важна выконваць рэкамендацыі, якія датычацца правіл гігіены і тэхналогіі прыгатавання ежы. Прыкладна ў 6-месячным узросце рэкамендуецца пачаць прывучаць дзіця карыстацца кубкам. Да канца першага года жыцця варта перастаць выкарыстоўваць бутэлечку і піць вадкасці з кубка.
Зондавае выкормліванне неабходна дзецям, у якіх адсутнічае каардынацыя смактання і глытання.
Шпрыцы, кропельніцы ці чайныя лыжкі можна выкарыстоўваць для кармлення вельмі невялікай колькасцю малака, напрыклад малодзіва, у першыя дні жыцця. Дзіця не здольна кантраляваць тэмп кармлення, таму ёсць рызыка таго, што яно можа падавіцца малаком, калі даваць яго занадта многа і хутка.
Калі ў вас ёсць пытанні, складанасці або сумненні, звязаныя з грудным выкормліваннем, варта звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў арганізацыі аховы здароўя, якая адпавядае статусу «Бальніца, добразычлівая да дзіцяці», дзе вас супакояць, акажуць прафесійную дапамогу і дадуць рэкамендацыі.