Краснуха
Аб краснусе
Краснуха — рэспіраторная інфекцыя, якая выклікаецца вірусам краснухі. Гэты вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры асабістым кантакце, кашлі або чханні.
Сімптомы краснухі
Заражэнне вірусам краснухі звычайна адбываецца за 14–21-ы дзень да з’яўлення якіх-небудзь сімптомаў.
Раннія праявы краснухі падобныя да прыкмет лёгкай прастуды. Яны могуць уключаць гарачку, боль у горле і павелічэнне лімфатычных вузлоў у вобласці шыі.
Праз 2–3 дні з’яўляецца сып на целе — бледна-ружовыя плямы, якія становяцца белымі пры націсканні на іх. Высыпанні спачатку з’яўляюцца на твары, затым распаўсюджваюцца на грудзі, жывот і спіну. Сып трымаецца 35 дзён, перш чым знікне.
Дзеці, якія захварэлі на краснуху, заразныя на працягу пяці дзён да з’яўлення сыпу і не менш чым чатырох дзён пасля гэтага.
Рызыка пры заражэнні краснухай
Звычайна краснуха ў дзяцей працякае ў лёгкай форме.
Самым сур’ёзным наступствам гэтага захворвання з’яўляецца шкода, якая можа быць нанесена плоду цяжарнай жанчыны. Калі невакцынаваная цяжарная жанчына заразіцца краснухай, у яе можа адбыцца выкідыш або яе дзіця можа памерці адразу пасля нараджэння. Акрамя таго, яна можа перадаць вірус свайму дзіцяці, якое развіваецца, з-за чаго ўзнікне рызыка з’яўлення ў яго сур’ёзных прыроджаных дэфектаў, такіх як:
- пашкоджанні сардэчна-сасудзістай сістэмы;
- страта слыху і зроку;
- разумовая адсталасць;
- пашкоджанне печані або селязёнкі.
Сур’ёзныя прыроджаныя парушэнні часцей сустракаюцца ў тых дзяцей, чые маці былі інфіцыраваны на ранніх тэрмінах цяжарнасці, асабліва ў першым трыместры. Гэтыя цяжкія прыроджаныя дэфекты вядомыя як сіндром прыроджанай краснухі.
Ці трэба звяртацца да ўрача з нагоды краснухі ў дзіцяці?
Так! Вам трэба звярнуцца па кансультацыю да педыятра, калі вы хвалюецеся, што ў вашага дзіцяці краснуха.
Дзяцей, якія захварэлі на краснуху, варта трымаць далей ад цяжарных жанчын. Калі вы цяжарная і думаеце, што заразіліся краснухай, звярніцеся да спецыяліста тэрапеўтычнага або акушэрска-гінекалагічнага аддзялення сваёй паліклінікі.
Лячэнне краснухі
Лекаў для лячэння краснухі не існуе, але ёсць спосабы палегчыць сімптомы ў дзіцяці. Гэта:
- прымяненне парацэтамолу ў рэкамендаваных дозах з мэтай сімптаматычнага лячэння;
- падахвочванне дзіцяці да спажывання большай колькасці вадкасці і адпачынку падчас хваробы.
Дзеці, хворыя на краснуху, не павінны наведваць школьныя, дашкольныя ўстановы і іншыя грамадскія месцы да таго часу, пакуль гэта не будзе дазволена лечачым урачом.
Прафілактыка краснухі
Лепшы спосаб пазбегнуць краснухі, а таксама знізіць рызыку заражэння цяжарных жанчын — своечасовая імунізацыя дзіцячага насельніцтва.
Вакцына супраць краснухі ўводзіцца двойчы ў складзе вакцыны АПК, якая абараняе дзіця яшчэ ад адру і эпідэмічнага паратыту.
Магчымая занепакоенасць, якая існуе сярод некаторых бацькоў, звязаная з падазрэннямі на тое, што вакцына АПК павышае рызыку расстройстваў аўтыстычнага спектра (РАС), неабгрунтаваная. Няма ніякіх навуковых доказаў таго, што вакцынацыя АПК звязана з развіццём РАС. Калі ў вас ёсць якія-небудзь асцярогі ці сумневы з нагоды вакцыны, варта абгаварыць гэта са сваім урачом.