Магчымыя рэакцыі на ўвядзенне вакцыны ад адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі (АПК)
Жывая атэнуіраваная камбінаваная вакцына ад адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі (АПК), як і любая іншая вакцына, можа выклікаць у адказ шэраг рэакцый, якія ў асноўным носяць лёгкі характар і праходзяць самі.
Магчымыя рэакцыі ў адказ:
Мясцовыя:
- пачырваненне, боль, ацёчнасць, ушчыльненне ў месцы ўколу.
Агульныя:
- тэмпература вышэй за 38 °C;
- скурныя высыпанні;
- раздражняльнасць;
- страта апетыту;
- чханне;
- павелічэнне лімфатычных вузлоў у вобласці шыі, падпахавых ямін, пахвіннай вобласці;
- апуханне калявушных залоз;
- санлівасць;
- рвота і дыярэя;
- фебрыльныя сударгі.
У невялікай колькасці дзяцей можа ўзнікнуць «лёгкае захворванне», звычайна ў перыяд 5–12 дзён пасля вакцынацыі, якое суправаджаецца тэмпературай да 39 °C, сыпам, павелічэннем лімфатычных вузлоў. Захворванне працякае ў лёгкай форме, доўжыцца некалькі дзён, лячэння не патрабуе і праходзіць без наступстваў.
Алергічныя рэакцыі на вакцыну АПК у выглядзе сыпу, які суправаджаецца свербам, здараюцца рэдка і могуць узнікаць на іншыя кампаненты вакцыны, што з’яўляюцца слядамі іншых прэпаратаў і рэшткамі вытворчага працэсу. Сапраўдныя анафілактычныя рэакцыі з ацёкам твару і шыі, генералізаваным сыпам, рэспіраторным расстройствам і падзеннем артэрыяльнага ціску ўзнікаюць вельмі рэдка.
Калі які-небудзь з пабочных эфектаў стане сур’ёзным або калі вы заўважыце нейкія пабочныя эфекты, не названыя вышэй, паведаміце пра гэта свайму педыятру.
Пры ўвядзенні вакцыны АПК няма ніякай павышанай рызыкі аўтызму ў дзяцей у параўнанні з дзецьмі, якія не атрымлівалі вакцыну, што пацвярджаецца шматлікімі даследаваннямі.