Магчымыя рэакцыі на ўвядзенне вакцыны ад пнеўмакокавай інфекцыі

Ваша дзіця атрымала кан’югіраваную вакцыну, якая ўтрымлівае поліцукрыдную абалонку некалькіх сератыпаў бактэрый пнеўмакокавай інфекцыі ў спалучэнні з бялком-носьбітам для абароны ад цяжкіх і інвазіўных інфекцый, якія выклікаюццца пнеўмакокам.
Body

Пасля ўвядзення гэтай вакцыны могуць узнікнуць мясцовыя і агульныя рэакцыі.

Да мясцовых адносяцца: балючасць, пачырваненне, ацёчнасць або ўшчыльненне ў месцы ін’екцыі.

Агульныя рэакцыі могуць быць наступнымі:

  • гарачка (тэмпература цела, вышэйшая за 38 °C);
  • пагаршэнне агульнага самаадчування;
  • санлівасць;
  • раздражняльнасць;
  • зніжэнне апетыту;
  • галаўны боль;
  • скурныя высыпанні;
  • дыярэя.

Гэта натуральныя часовыя рэакцыі — прыкметы імуннага адказу на ўвядзенне вакцыны.

Рэкамендацыі

Пры павышэнні тэмпературы і пагаршэнні агульнага стану дзіцяці можна даць парацэтамол у любой зручнай форме выпуску, дапушчальнай па ўзросце (сіроп, свечкі), у дозе з разліку 10–15 мг на кг масы цела. Перад вакцынацыяй ніякіх прэпаратаў у прафілактычных мэтах даваць дзіцяці не рэкамендуецца.

Пры ўзнікненні якой-небудзь іншай, не названай вышэй, рэакцыі неадкладна звярніцеся да педыятра.

Больш моцныя алергічныя рэакцыі, такія як скурныя высыпанні з ацёкам і ўшчыльненнямі, якія суправаджаюцца свербам (крапіўніца), ацёк твару і шыі, цяжкае дыханне, падзенне артэрыяльнага ціску і непрытомнасць, узнікаюць надзвычай рэдка. Яны выяўляюцца, калі дзіця яшчэ знаходзіцца ў арганізацыі аховы здароўя, і патрабуюць тэрміновага медыцынскага ўмяшання.