Неабходная колькасць малака

Найбольшы страх кожнай маці: ці дастаткова выпрацоўваецца ў яе малака для дзіцяці. Гэта адна з найбольш частых прычын (непатрэбнага) увядзення прыкорму і нават поўнага пераходу на штучнае выкормліванне.
Body

Прыкметы таго, што дзіця атрымлівае дастаткова малака:

  • дзіця смокча грудзі не менш за 8–12 раз на дзень;
  • смокча рытмічна з кароткімі паўзамі, пры гэтым заўважны рухі падбародка, чуваць глытанне;
  • мочыцца 6 разоў у суткі і больш, мача светла-жоўтага колеру;
  • стул ад 3 да 6 разоў у суткі;
  • набірае ў сярэднім 150–240 грам у тыдзень у першыя 4 месяцы жыцця;
  • актыўнічае ў перапынках паміж кармленнямі.

Прыкметы таго, што патрэба вашага дзіцяці ў малаку не задавальняецца:

  • сон працяглымі інтэрваламі для эканоміі энергіі (больш чым па 4 гадзіны);
  • дзіця плача ціха;
  • у дзіцяці рэдкі, бедны стул ці ён зусім адсутнічае;
  • дзіця смокча занадта часта;
  • не набірае дастаткова вагі;
  • мала мочыцца: менш за 6 мокрых падгузнікаў у суткі, яны не цяжкія, мача канцэнтраваная, бачны след уратных соляў цаглянага колеру.

Фізіялагічная страта вагі

У першыя дні пасля нараджэння для нованароджанага страта вагі лічыцца нармальнай. Гэта звязана з адыходжаннем першага стулу (меконію) і лішку свабоднай вадкасці ў арганізме. Колькасць свабоднай вадкасці вышэйшая ў немаўлят, якія нарадзіліся з дапамогай кесарава сячэння, калі ў родах выкарыстоўвалася кропельнае ўвядзенне лекаў; гэтыя дзеці могуць значна схуднець у першыя 24 гадзіны. Страўнік нованароджанага мае невялікі аб’ём — у першыя дні ён памерам з вішню.

Усё гэта прыводзіць да страты вагі пры нараджэнні ў сярэднім на 7 працэнтаў. Максімальная фізіялагічная страта вагі — 10 %. Калі дзіця страціла 10 % і больш, неабходна праверыць тэхніку і эфектыўнасць прыкладання, ці актыўна дзіця смокча грудзі, ці ёсць у яго праблемы са здароўем, і толькі калі ўсе гэтыя прычыны выключаны і дзіця не пачынае набіраць вагу, варта разгледзець сумесна з урачом магчымасць прыёму дабавак. Калі ў першыя некалькі дзён страта вагі ў вашага дзіцяці значная, варта абмеркаваць гэта з урачом яшчэ ў радзільным доме, каб атрымаць неабходную дапамогу, а таксама магчымасць падтрымкі і наладжвання груднога выкормлівання; пасля выпіскі належыць дадаткова назіраць за дзіцем і праверыць вагу праз 5–7 дзён.

Павелічэнне масы цела

  • Калі наладжваецца дастатковая лактацыя і сістэматычнае грудное выкормліванне, дзіця пачынае прыбаўляць у сярэднім ад 25 да 30 г у дзень. Вяртанне да вагі пры нараджэнні чакаецца на 10–15-ы дзень жыцця.
  • Норма прыросту — мінімум 600 г у месяц. Вядома, некаторыя дзеці набіраюць нашмат больш вагі. Калі дзіця знаходзіцца выключна на грудным выкормліванні, не варта перажываць з-за празмернага павелічэння вагі.
  • Калі дзіця набрала ад 400 да 600 г, неабходна дадатковае назіранне і праверка прагрэсу груднога выкормлівання праз 7 дзён; пасля карэкцыі груднога выкормлівання чакаецца павелічэнне вагі не менш за 180 г за адзін тыдзень.

Перашкоды, якія можна пераадолець

Праблемы з грудным выкормліваннем у асноўным узнікаюць напачатку.

Разгледзім некаторыя з іх:

  • Вы не можаце карміць дзіця дастаткова часта (першапачаткова гэта павінна адбывацца ад 10 да 12 разоў у суткі), вы занадта рана спынілі грудное выкормліванне ў начны час, вы не ўдзяляеце дастаткова часу кармленню грудзьмі.
  • Выкарыстанне бутэлечак і пустышак, якія толькі збіваюць дзіця з панталыку. Іх ужыванне не рэкамендуецца на працягу першых двух месяцаў.
  • Неабгрунтаванае выкарыстанне накладак для саскоў і няправільнае кармленне грудзьмі, што таксама перашкаджае ўстанаўленню лактацыі.
  • Няўпэўненасць, вялікая стамляльнасць, няправільнае харчаванне маці ў першыя месяцы пасля родаў.

І тады з’яўляюцца спакусы: калі вам не хапае цярпення ці ўпэўненасці, вы пачынаеце ўводзіць сумесь, што набліжае вас да страты першапачатковага жадання карміць выключна грудзьмі! Кармленне з бутэлечкі можа стаць прычынай зніжэння выпрацоўкі малака, аж да спынення лактацыі. У такім разе вярнуцца да выключна груднога выкормлівання будзе няпроста!

Пастарайцеся высыпацца, адпачываць і расслабляцца. Прапануйце сваім сябрам і сям’і зрабіць вам падарунак, узяўшы на сябе нагляд за дзіцем на 1–2 гадзіны, каб вы маглі пайсці на прагулку, выпіць кубачак кавы ці наведаць цырульню.

Не слухайце тых, хто спрабуе вас пераканаць, што сумесь такая ж карысная для вашага дзіцяці, як і ваша малако. Гэта не так!

Калі ў вас узніклі пытанні ці сумненні з нагоды груднога выкормлівання, звярніцеся да кансультантаў па грудным выкормліванні або да спецыялістаў арганізацыі аховы здароўя, якая мае статус «Бальніца, добразычлівая да дзіцяці». Вам акажуць прафесійную дапамогу і дадуць рэкамендацыі.