Як выбіраць дзіцячыя падгузнікі
Падгузнікі трэба падбіраць у адпаведнасці з узростам і вагой дзіцяці. Пасля таго, як дзіця пакакае, трэба вымыць яму вобласць ягадзіц і геніталій, выкарыстоўваючы мяккі сродак для мыцця немаўлят. Аднаразовыя падгузнікі з’яўляюцца самымі зручнымі. Надзяваць іх трэба наступным чынам: распраўце падгузнік і змясціце яго пад ягадзіцы дзіцяці так, каб ліпкія палоскі знаходзіліся злева і справа ад яго таліі (прыкладна на ўзроўні пупка). Прыпадніміце пярэднюю частку падгузніка паміж ножкамі дзіцяці, прыкладзіце яе да вобласці геніталій, распраўце пальцамі эластычныя фальбоны вакол ножак, а затым прыляпіце палоскі да пярэдняй часткі падгузніка. Заўсёды правярайце, ці не перацягнулі вы пояс: паміж жывоцікам дзіцяці і падгузнікам павінен змяшчацца палец.
Баваўняныя падгузнікі лічацца больш бяспечнымі для здароўя, бо выраблены са 100 % натуральнага матэрыялу, які дазваляе скуры свабодна дыхаць. Пры гэтым такія падгузнікі не працякаюць, яны радзей выклікаюць з’яўленне прэласці, калі іх рэгулярна мяняць. Аднаразовыя падгузнікі рэкамендуецца мяняць праз кожныя 2–3 гадзіны.
У магазінах таксама можна знайсці бамбукавыя падгузнікі, якія вырабляюцца з бамбукавага валакна і з’яўляюцца ўстойлівымі да грыбкоў і бактэрый. Яны падыходзяць для дзяцей, схільных да алергіі. Іх можна мыць у пральнай машыне, але нельга прасаваць, сушыць трэба на паветры. Такія падгузнікі раскладаюцца за 6 гадоў у адрозненне ад аднаразовых падгузнікаў, перыяд раскладання якіх складае 100–500 гадоў.
Прэласць на скуры дзіцяці можа ўзнікнуць па наступных прычынах:
- невыкананне правіл гігіены падчас змены падгузніка;
- працяглае знаходжанне дзіцяці ў мокрым падгузніку;
- празмернае або няправільнае выкарыстанне вільготных сурвэтак пры доглядзе немаўляці;
- алергія на пэўныя віды ежы ў дзіцяці;
- прымяненне антыбіётыкаў пры лячэнні.
У выпадку выкарыстання баваўняных падгузнікаў рэакцыя можа з’явіцца, калі сродак для мыцця або кандыцыянер для бялізны дрэнна выпаласканы, а таксама калі дзіця занадта доўга знаходзілася ў мокрым падгузніку. Прэласцей можна пазбегнуць, калі мяняць падгузнікі часцей. Калі ж прэласці з’явіліся ў дзіцяці ва ўзросце, меншым за 40 дзён, калі разам з імі ўтварыліся гной і скарыначка, паднялася тэмпература і стан не паляпшаецца на працягу 2–3 дзён, тэрмінова звярніцеся да педыятра.